“Мы — адзін народ, толькі рознымі плугамі нас апрацавалі...”

Эфір 7 чэрвеня 2008 году

Тэма, якая часта гучыць у лістах і тэлефанаваньнях на “Свабоду” — нацыянальная гісторыя, яе выкладаньне ў школе і ВНУ, супярэчлівая інтэрпрэтацыя некаторых гістарычных падзеяў у мэдыях.

З аднаго зь лістоў на гэту тэму і пачну сёньняшнюю размову. Марыля Воліна з Маладэчна зьвяртаецца на адрас “Свабоды” з заўвагамі і папрокамі з нагоды некаторых рэпартажаў і перадачаў. Слухачка піша:

“Чаму вы дзеліце беларусаў на “ўсходнікаў” і “заходнікаў”? І пры гэтым сьцьвярджаеце, што “заходнікі” — людзі са знакам якасьці. А “ўсходнікі” і павітацца па-людзку ня ўмеюць. А мы — адзін народ, толькі рознымі плугамі нас апрацавалі. Калі вы за адзіную Беларусь, то ці патрэбна такое абразьлівае дзяленьне?

І чаму вы ўцягваеце непаўналетніх у палітычную валтузьню дарослых (я маю на ўвазе Максіма Дашука)? Вось вашы непаўналетнія дзеці ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту?

Што датычыць Дашука, то я яго не садзіла б за краты, а зьняла б штаны ды добра адхадзіла дзягай па мяккім месцы. А за краты трэба кінуць тых, хто не ўбярог хлопца, ня выправіў яго дамоў. (Ну, можа, не за краты, а даць адчувальны штраф).

І яшчэ. Вам ня сорамна ўздымаць пытаньне пра вёску Дражна? Пабывайце ў Хатыні, на могілках вёсак. Гэтыя вёскі палілі, рабавалі, расстрэльвалі пераважна паліцаі. Немцы гэтага не рабілі, а паліцаі стараліся, выслужваліся, дый навар пэўны мелі. А яўрэяў хто расстрэльваў? Між іншым, падчас вайны я была ўжо даволі ладнай дзяўчынкай і добра памятаю, як лютавалі паліцаі. Нас зь іхных крывавых рук вырваў адзін немец і падараваў такім чынам жыцьцё.

Буду чакаць адказаў на свае пытаньні”.


Мы зыходзім з таго, спадарыня Марыля, што людзі ў Беларусі павінны ведаць усю праўду пра сваю гісторыю, у тым ліку і пра гісторыю апошняй вайны. Пра тое, чым займаліся на акупаванай тэрыторыі нацысты ды іхныя памагатыя, напісана, расказана і паказана вельмі шмат. А вось пра трагедыю вёскі Дражна, якую пасьля няўдалага штурму паліцэйскага гарнізону амаль цалкам спалілі савецкія партызаны, да апошняга часу было вядома вельмі нямногім — пераважна сьведкам тых падзеяў. І калі зьявілася кніга краязнаўца Віктара Хурсіка на гэтую тэму, калі людзі вырашылі ўшанаваць памяць ахвяраў, а ўлады пачалі супраціўляцца гэтаму — “Свабода” падрабязна распавяла пра сытуацыю.

Наконт дзяленьня беларусаў на “ўсходнікаў” і “заходнікаў”. У геаграфічнай прыналежнасьці чалавека да таго ці іншага рэгіёна нічога абразьлівага няма. Адрозьненьні паміж Усходняй і Заходняй Беларусьсю існуюць — так склалася гістарычна, гэта агульнавядома і агульнапрызнана. Але нідзе ў нашых праграмах не сьцьвярджалася, што жыхары аднаго рэгіёна — са знакам якасьці, а другога — нейкія заганныя, дэфэктыўныя. Магчыма, вы штосьці пераблыталі, спадарыня Марыля. Пра беларусаў як пра “расейцаў са знакам якасьці” ня раз згадваў адзін добра вядомы палітык, але мы да гэтых сьцьвярджэньняў адносінаў ня маем.

Што да Максіма Дашука ды іншых моладзевых актывістаў, то вашы, спадарыня Марыля, рэкамэндацыі прыпазьніліся: улада ўжо даўно і зьбівае “маладафронтаўцаў”, і штрафуе, і кідае ў турмы.

Аўтар наступнага ліста — Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну — таксама разважае пра сьляды мінулай вайны, пра тое, што асабіста для яго азначае дзень вызваленьня Беларусі ад акупацыі. Слухач піша:

“Часта ўспамінаю, як 30 год таму я жыў у Магілёве. Тады яшчэ было шмат жывых сьведкаў таго, што рабілася там у 41-м, на Буйніцкім полі. Адзін былы салдат мне расказваў: на трох-чатырох чалавек была адна вінтоўка ды некалькі патронаў да яе. Заб’юць аднаго — вінтоўку бярэ наступны. Амаль усе прайшлі праз акружэньне. Уцякалі, хто куды мог. А выйдзеш з акружэньня — трапіш у кіпцюры НКВД... Гэта — горкая праўда пра вайну.

Даўно няма сярод жывых таго вэтэрана. А на Буйніцкім полі цяпер — вялікі мэмарыял.

Дзень вызваленьня для мяне — асаблівае сьвята. І адзначу я яго па-свойму. Вынесу на скошаны луг магутную гукаўзмацняльную тэхніку. Магутнасьць гуку — прыкладна пад 100 дэцыбэлаў (гэта пры тым, што болевы парог для чалавечага вуха — 140). Ну, выбачайце, але 30 год досьведу ў справе рамонту такой апаратуры нешта значаць. Потым накрыю дыван з пачастункам, паклічу сяброў. А ўвечары вынесу на вуліцу чатыры рознакаляровыя пражэктары магутнасьцю 1 кіляват, уключу і накірую ў неба (абы не было хмараў). Пастаўлю на тэлеграфны ключ (ведаю азбуку Морзэ) і перадам: “Жыве Беларусь!”. Няхай бачаць іншаземныя сатэліты рознакаляровае мігценьне. А яно будзе заўважнае: з космасу бачна, нават калі запальваеш запалку. Думаю, атрымаецца няблага”
.

Вельмі арыгінальны спосаб адзначэньня сьвята, спадар Рыбакоў. Думаю, вашым сябрам і суседзям яно запомніцца надоўга. Каб толькі з дэцыбэламі не перабралі ды рэпэртуар ня выклікаў прэтэнзіяў з боку міліцыі.

Ліст ад даўняга сябра “Свабоды” Васіля Валошкі з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Слухач разважае пра якасьць вады ў беларускіх гарадах і вёсках.

“Усе ведаюць прымаўку: “На здароўі не эканомяць”. А вось наша дзяржава эканоміць на здароўі ўласных грамадзянаў, — піша Васіль Валошка. — Да прыкладу, адно з найважнейшых для жывога арганізма пытаньняў: якасьць спажыванай вады. Хто скажа, які працэнт насельніцтва забясьпечаны сапраўды якаснай вадой? Думаю, пашанцавала значна меней чым палове беларускага насельніцтва. Узяць хоць бы абезжалезваньне вады. Ці ва ўсіх паселішчах праводзіцца гэта працэдура? Для прыкладу, у Маладэчне палова насельніцтва п’е ваду, якая праходзіць гэты цыкл, а другая палова фільтруе ваду пры дапамозе ўласных унутраных органаў. Справа ў тым, што ў горадзе два водазаборы: на адным станцыя абезжалезваньня ёсьць, а на другім няма (яна там ужо шмат гадоў на стадыі будаўніцтва). Упэўнены, што такая ж сытуацыя ў сотнях і тысячах паселішчаў па ўсёй Беларусі.

Хто багацейшы, купляе ваду ў краме. Але пераважная частка насельніцтва дазволіць сабе гэта ня можа і вымушана піць іржавую вадкасьць, што цячэ з водаправоднай трубы. На жаль, тыя, ад каго залежыць будаўніцтва такіх станцый, самі п’юць ачышчаную ваду, іх гэтая праблема непасрэдна не датычыць.

А можа, нам усім разбавіць гэтую самую ваду (ачышчаную зь неачышчанай) — і атрымаем вадкасьць з дапушчальнай канцэнтрацыяй шкодных рэчываў? У нас жа ў гэтай справе вялізны досьвед. Калі вылічваецца сярэдні заробак па краіне, то складаюць даходы мільянэра і жабрака, — і ў выніку атрымліваецца 355 даляраў на чалавека”
.

У тысячах і тысячах беларускіх вёсак людзі ня маюць доступу ня тое што да абезжалезенай — а ўвогуле да вады, якая б прайшла хоць першасную ачыстку і фільтрацыю. Бяруць ваду адтуль жа, адкуль бралі продкі на працягу апошніх стагодзьдзяў — з калодзежаў, а то і з адкрытых вадаёмаў. Раней, калі на палях не было мінэральных угнаеньняў ды ядахімікатаў, грунтовыя воды былі параўнальна чыстыя. А цяпер?

На заканчэньне — ліст, у якім шэраг сур’ёзных заўвагаў да мовы некаторых журналістаў ды аўтараў Свабоды, нараканьняў на хібы ў нашай працы. Наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну піша:

Як і багата хто, я (цяпер — пэнсіянэр невялікай значнасьці, гэта мой новенькі сацыяльны статус) слухаў дый слухаю перадачы Радыё Свабода. Адмыслова падкрэсьлю, што для мяне “Свабода” ёсьць адной зь дзьвюх ці трох крыніц, скуль я дазнаюся пра стан рэчаў у нашай краіне. Штораніцы я, нашашэрыўшы вушы, сядаю ля траскучага і шыпучага прымача ды слухаю.

І мне прыкра чуць з вуснаў вашых карэспандэнтаў памылкі і небеларускае маўленьне, прыкра заўважаць хібы мантажу праграмы.

От учора, 22 траўня, адна ваша журналістка старанна вымаўляла па-расейску гук “ч” ды цьвёрды “т”.

І ў яшчэ аднаго рэпарцёра, які езьдзіць па рэгіёнах, нядобрая фанэтыка. Гэта моцна рэжа вуха і псуе ўражаньне. У такіх выпадках я папросту тушу прымач.

Ды каб жа толькі гэта. 21 траўня ў вечаровым эфіры двойчы запар прапусьцілі абмеркаваньне праблемы паскоранага школьнага навучаньня (там удзельнічала былая намесьніца міністра адукацыі спадарыня Галко).

Я прашу вас зьвярнуць увагу на мае заўвагі і накіраваць на фанэтычныя курсы імя Дэмасфэна некаторых працоўных дзеля ліквідацыі расейскага шапялявеньня”
.

Дзякуй вам, спадар Бусел, за справядлівыя, слушныя заўвагі. У лісьце вы называеце канкрэтныя факты і прозьвішчы, і ўсе заўважаныя вамі хібы і недарэчнасьці стануць прадметам самага пільнага разгляду і сур’ёзнай размовы ўнутры нашага рэдакцыйнага калектыву.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by