Купалаўскі парк хочуць ператварыць у будпляцоўку

У парку імя Янкі Купалы неўзабаве можа пачацца маштабнае будаўніцтва. Побач з музэем клясыка беларускай літаратуры Камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму заплянаваў узьвесьці рэстарацыю.
Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, занепакоенае пагрозай зьнішчэньня ўнікальнага паркавага ансамбля ў цэнтры Менску, пачынае кампанію інфармаваньня грамадзкасьці і органаў кантролю.

Дырэктарка музэю Янкі Купалы Алена Мацевасян пакуль ня ведае пра магчымае суседзтва з пунктам грамадзкага харчаваньня. Да пэрспэктывы будаўніцтва ставіцца як да дадзенасьці — тэрыторыя парку належыць гораду, і ў музэйных супрацоўнікаў дазволу на яго асваеньне пытацца не абавязаны:

“Я рашэньня ня бачыла, ня ведаю. Прынамсі, у нас будоўля пакуль ніякая не вядзецца. Толькі сам парк рэстаўрыруюць. Па-першае, парк — гэта ж ня наша тэрыторыя, а горада. Ён на балянсе Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёну. Таму калі гэта нават і так, то ў нас дазволу ніхто запытваць і ня будзе. Зараз тут вядуць рэканструкцыю, мяняюць плітку, разьбіваюць плітку, каля помніка брук перакладаюць. Нейкія такія рашэньні з намі не ўзгаднялі, таму я проста не магу вам нічога сказаць”.

У Камітэце архітэктуры Менскага гарвыканкаму адмовіліся расказаць пра пляны забудовы Купалаўскага парку. Але кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мае на руках афіцыйныя дакумэнты, у тым ліку копію рашэньня Менгарвыканкама. Згодна з дакумэнтацыяй, адразу за музэем Купалы высекуць дрэвы, а на вызваленым месцы пабудуюць рэстаран больш чым на сто месцаў.

Адзін з аўтараў праекту парку Янкі Купалы — заслужаны архітэктар Беларусі Юрый Градаў. Ён лічыць, што будаўніцтва забаўляльнай установы на тэрыторыі паркавага комплексу не адпавядае ні лёгіцы, ні патрэбам:

“Маё стаўленьне — выключна адмоўнае. Гэта маленькі зялёны парк, недалёка ўжо ёсьць “Журавінка”. І рабіць тут яшчэ на два з паловай паверхі аб’ект — гэта проста горадабудаўнічая памылка. Па памерах гэта будзе яшчэ адзін аб’ект, ня меншы за музэй Янкі Купалы. Але, бачыце, бізнэс ёсьць бізнэс. Чым большыя памеры, тым для яго лепш. І ў дадзеным выпадку гэта самае галоўнае — аб’ём, які там зусім не патрэбен. Ён супярэчыць усёй сутнасьці гэтага парку”.

Карэспандэнт: “А з вамі як з аўтарам ня раіліся з гэтай нагоды?”

“На самым пачатку я спрабаваў у гэтым удзельнічаць, каб выказаць сваю думку. Прынамсі зрабіць гэты аб’ект хоць бы больш камэрным, бо для наведнікаў патрэбныя такія месцы, кавярні. Але калі пайшлі памеры гіганцкія, то я стаў праціўнікам. І я сышоў з гэтага калектыву праціўнікам такога рашэньня. Нейкім чынам мы ўсё роўна будзем спрабаваць выступаць супраць”.

Паводле Юрыя Градава, будаўніцтва забаўляльнай установы абавязкова пацягне за сабою пакуль нават не пралічаныя наступствы. Запатрабуецца аддаць частку парку ня толькі пад саму рэстарацыю, але і пад аўтастаянку, давядзецца праз ахоўную зону пракласьці дарогі для пад’езду. Апроч таго, Купалаўскі парк — гісторыка-культурны аб’ект другой катэгорыі каштоўнасьці. Гэта адзін зь нямногіх ціхіх зялёных куткоў у цэнтры сталіцы.

У часе мітынгаў, забароненых гарадзкімі ўладамі, апазыцыя часта знаходзіць сабе прытулак менавіта ў Купалаўскім парку. З гэтага некаторыя робяць высновы, што апанэнтаў улады заўсёды можна будзе разбавіць падгулялай публікай, сьпісаўшы гэта потым на адпаведны кантынгент у апазыцыйных шэрагах.

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала ліст у кантрольна-рэвізійныя і праваахоўныя органы, а таксама на імя Аляксандра Лукашэнкі. Таксама пачынаецца збор подпісаў у асяродку інтэлігенцыі супраць будаўніцтва ў парку імя Купалы рэстарацыі.

Парк носіць імя Янкі Купалы з 1962 году. Тут створаны Купалаўскі мэмарыяльна-скульптурны комплекс з помнікам, узьведзеным да 90-годзьдзя паэта. Недалёка ад помніка месьціцца музэй Янкі Купалы. Раней на гэтым месцы стаяў драўляны дом, дзе з 1927 да 1941 году жыў сам Купала, ягоная жонка Ўладзіслава Францаўна, маці паэта Бянігна Іванаўна, яго сёстры Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская зь дзецьмі, Ганна Дамінікаўна Луцэвіч, а таксама дзяўчына, якая дапамагала па гаспадарцы. У першыя дні вайны дом Купалы згарэў. У агні загінулі рукапісы, архіў, бібліятэка.