Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі Беларусі, толькі сёлета больш як 300 настаўнікаў пакінулі працу з уласнага жаданьня.
Да прыкладу, у сярэдняй школе № 1 пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну на Меншчыне зьмянілася пяць сацыяльных пэдагогаў. Прычыны звальненьняў высьвятляў наш карэспандэнт.
Сацыяльны пэдагог Наста Папова кажа, што разьвіталася са школай у пасёлку “Дружны” пад ціскам. Кажа, што адміністрацыя школы запалохвала яе, вінавацячы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Пасьля гэтага маладая настаўніца напісала заяву на звальненьне. Яе пазыцыя:
У нас многія настаўнікі -- вялікія кансэрватары
“Да мяне там пяць чалавек звольніліся. Яны проста не вытрымлівалі ціску. Да прыкладу, я была супраць, што вучням тут навязваюць свой погляд на тое, як ім жыць. Я наконт гэтага выказвалася толькі адмоўна”.
У траўні таксама звольнілася зь першай школы ў Дружным Тацяна Дылькова. Яе думка:
“Такое ўяўленьне, што гэта ня школа. Тут кожны сам па сабе. У вочы ніхто праўду ня скажа: “Усё добра, та-та-та. А за тваёй сьпінай абмяркоўваюць што заўгодна. Школа ператварылася ў нейкі базар. Тут ня вучаць дзяцей, а пляткараць”.
Абмеркаваць цяперашнія праблемы ў настаўніцкіх калектывах я запрасіў Тамару Шчапёткіну. У зусім недалёкім мінулым яна навучала дзяцей у Белаазёрску. Запэўнівае, што любіла сваю працу і за гэта яе паважалі:
“Была абраная старшынёй прафсаюзнага камітэту школы і дэпутатам Белаазёрскага гарсавету. У той час была сябрам партыі БНФ. Настаўнікі ўдзельнічалі ў страйку з прычыны нявыплаты ім заробку. Увогуле настаўніцкі калектыў актыўна ўдзельнічаў у палітычным і грамадзкім жыцьці”.
Цяпер Тамара Шчапёткіна не працуе ў школе . Пакінула яе з уласнага жаданьня. Не спадзявалася, што ціск улады аслабне.
І вось што кажа суразмоўніца наконт звальненьняў настаўнікаў у Дружным і Салігорску:
“Дай Бог ім здароўя за гэта. Таму што яны ня здрадзілі сваім вучням. Ім яны прадэманстравалі высокі грамадзянкі подзьвіг.
На жаль, у нас многія настаўнікі -- вялікія кансэрватары. А я заўжды лічыла: каго можа выхаваць настаўнік, які сам усяго баіцца і, як раб, служыць чыноўнікам і ўладзе?”