Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў падаў у адстаўку ў лістападзе 1996 году, пратэстуючы супроць правядзеньня рэфэрэндуму, які, на яго думку, адкрываў шлях да канцэнтрацыі ўлады ў краіне ў адных руках.
Андрэй Саньнікаў гэтак пракамэнтаваў учынак дырэктаркі Салігорскай школы №4 Вольгі Сяньковай:
“Гэта вельмі мужны крок, яго можна толькі вітаць. Ён дае нам усім надзею. Надзею і на тое, што ў краіне ёсьць сумленныя людзі, гатовыя бараніць ня толькі сваю годнасьць. У дадзеным выпадку і годнасьць сваіх вучняў. Такія людзі могуць і павінны быць прыкладам. На жаль, апошнім часам мы ўсё радзей чуем пра такія ўчынкі. Мы ведаем, што шмат людзей незадаволеныя існуючымі парадкамі, але яны абіраюць канфармісцкі, прыстасавальніцкі шлях. Думаю, што гэта так ці інакш на іх адаб’ецца, бо нельга верыць у іншае і адначасова служыць гэтаму рэжыму, нельга жыць працяглы час падвойным жыцьцём. Гэта складана псыхалягічна і нават фізычна”.
Апошнім часам мы ўсё радзей чуем пра такія ўчынкі
Андрэй Саньнікаў згадаў свае перажываньні падчас выхаду ў адстаўку на знак пратэсту. Паводле яго, псыхалягічна зрабіць гэта было вельмі цяжка. Бо давялося адразу “разарваць шмат сувязяў”, “адмовіцца ад прывычнага жыцьця”. “Але адначасова я адчуў гонар, бо зрабіў сумленны крок, і палёгку, бо пазбавіўся неабходнасьці крывадушнічаць”.
“Ад МЗС, прыкладам, патрабавалі стаяць на баку нелегітымных дзеяньняў улады і тлумачыць сваім партнэрам і сябрам, што ў выніку гэтага рэфэрэндуму сытуацыя ў Беларусі палепшыцца. Для мяне гэта рабіць было немагчыма”.