“Рэжым баіцца нізавога беларускага актывізму”

Удзельнікі "мазгавога штурму" ў Варшаве разглядалі праблему бацькоў і дзяцей у беларускай палітыцы.

“Зьмена пакаленьняў, альбо беларускія адрозьненьні ў мэтах, каштоўнасьцях і стратэгіі” – тэма канфэрэнцыі, наладжанай у Варшаве Інстытутам грамадзкай прасторы публічнай палітыкі вышэйшай школы імя Лазарскага, а таксама Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў і часопісам "Архэ".

Ці зьяўляецца беларуская моладзь баромэтрам і маторам пераменаў? Якія зьмены адбываюцца ў беларускім грамадзтве, хто і што можа прысьпешыць іх? Над гэтымі праблемамі разважаюць некалькі дзясяткаў дасьледчыкаў і грамадзкіх дзеячоў з розных краінаў сьвету.

Сёньня ўдзельнікі "мазгавога штурму" разглядалі праблему бацькоў і дзяцей у розных вымярэньнях: зьмена пакаленьняў у апазыцыі, у адміністрацыйнай сыстэме, у эміграцыі.

Беларускія палітыкі, якія вядуць дыскусію разам з дасьледчыкамі – ня толькі ўдзельнікі, але і аб'екты абмеркаваньня. Зь іх дзеяньняў робяцца высновы наконт таго, куды ж ідзе беларускае грамадзтва.

Канфэрэнцыю адкрыла прывітальнымі словамі Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, і Зьбігнеў Лясоцік, дэкан факультэту права Вышэйшай школы гандлю імя Лазарскага.

Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі – дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі.

-Які плён можа даць такая канфэрэнцыя?


Сіліцкі: “Вельмі добры плён яна можа даць таму, для каго пытаньні, узьнятыя на канфэрэнцыі, не зьяўляюцца пустым словам, для тых, хто сапраўды спрабуе разумець сацыяльна-палітычны, мабілізацыйны патэнцыл моладзі, з аднаго боку. Зь іншага боку – для тых, хто імкнецца зразумець саму лёгіку сацыяльных працэсаў, сацыяльнай дынамікі, якая адбываецца ў Беларусі. Гэтая лёгіка не зусім упісваецца ў нашыя традыцыйныя ўяўленьні пра "крывавы рэжым", пра тое, што моладзь – гэта галоўная сіла і надзея апазыцыі, і пра тое, што зьяўленьне нейкага маладога пакаленьня проста перафарматуе ўсю палітычную барацьбу і прывядзе да нейкай сьветлай будучыні”.

-Як бы Вы пракамэнтавалі сытуацыю з салігорскім школьнікам Іванам Шылам у кантэксьце канфэрэнцыі? Учора яму не далі здаць апошні экзамэн і выключылі са школы. Ваш погляд на гэтую сытуацыю?

Сіліцкі: “Гэта адна з тэндэнцыяў нашага часу. Мы сёньня размаўлялі пра тое, што можа даць, і што можа адняць у чалавека апазыцыя. і што можа даць і адняць улада. Гэта адна з тактык ангажаваньня моладзі – стварэньне невыносных варункаў для тых, хто ня згодны. І таму ствараецца неверагодны прэцэдэнт, калі чалавека пачынаюць "зарубаць" на жыцьцёвым шляху на такім вось раньнім этапе”.

-Тая праблема, у якую ён патрапіў – гэта віна апазыцыі альбо ўладаў? Апазыцыю часта абвінавачваюць, што яна ўцягвае ў палітыку залішне маладых людзей, якія не ўсьведамляюць магчымых наступстваў свайго кроку ва ўмовах сучаснай Беларусі...

Сіліцкі: “Ведаеце, мне было 15 год, калі я бегаў на першыя БНФ-аўскія мітынгі, і я цудоўна ўсьведамляў, што я раблю”.

Яшчэ адзін з арганізатараў сёньняшняй канфэрэнцыі – рэдактар часопісу "Архэ" Валер Булгакаў.

-Валер, Вы сёньня вялі сэкцыю канфэрэнцыі, якая называлася: "Зьмена пакаленьняў – рухавік ці тормаз пераменаў?" Дык вось па выніках абмеркаваньня як – тормаз ці рухавік, і на якія ўвогуле асноўныя вузлавыя пункты сёньняшняй дыскусіі вы зьвярнулі ўвагу?

Булгакаў
: “Гэта такое пытаньне, на якое немагчыма даць адназначнага адказу. Відаць, і тормаз, і рухавік. Тормаз – у тым выпадку, калі зьмены як такой не адбываецца. Сёньня на нашай панэлі былі агучаныя сацыялягічныя зьвесткі, згодна зь якімі ў пэўных сілах цэнтрысцкай і левай арыентацыі зьмены палітычнай партыйнай эліты практычна не адбываецца, сярэдні ўзрост функцыянэраў Партыі камуністаў беларускай – каля 56 гадоў. На мой погляд, гэтая дынаміка блізкая да савецкага часу.

А што датычыць пазытыўнага досьведу, то былі агучаныя зьвесткі, якія датычаць БНФ – там гэты сярэдні ўзрост складае каля 40-42 гадоў.

Насуперак традыцыйным уяўленьням пра закасьнелы лукашэнкаўскі рэжым, у пэўных абсягах дзяржаўнай машыны дазваляе яго прыхільнікам рабіць імклівую кар'еру. Напрыклад, сярэдні ўзрост беларускіх судзьдзяў вышэйшага зьвяна значна меншы, чым іхных калегаў з захаду, з Эўропы”.

-Як бы Вы пракамэнтавалі сытуацыю з Іванам Шылам? У знак пратэсту звольнілася дырэктарка школы, якую прымусілі ня выдаць яму атэстат... Ваш погляд на гэтую сытуацыю?

Булгакаў: “Гэта і прыкра, і добра. Прыкра – бо паказвае ступень адміністрацыйнага беззаконьня і ўмяшаньня ўладаў у працэс навучаньня. З другога боку, гэта дае магчымасьць для моцных людзей, – а я перакананы, што Іван Шыла, якога я ведаю асабіста, моцны чалавек, – прадэманстраваць вернасьць прынцыпам і ня ўпасьці духам.

Нічога крытычнага ў такой сытуацыі няма. Гэта чалавек, якому супольнасьць як у краіне, так і за яе межамі ня дасьць прапасьці, я ў гэтым перакананы, ён атрымае нават вышэйшую адукацыю. Але натуральна, што зараз яго чакаюць ня лепшыя дні...

Тое, што здарылася – ні ў якім разе не перамога лукашэнкаўскай машыны. Гэта нейкая дэманстрацыя страху, таго, што лукашэнкаўскі рэжым баіцца нізавога беларускага актывізму, людзей, для якіх важныя нацыянальныя вартасьці, якія жывуць не ў сталіцы, а ў рэгіянальных цэнтрах”.

-Які эфэкт мог бы мець учынак дырэктаркі школы?

Булгакаў: “Гэта праява высокай грамадзянскай пазыцыі, чалавечай мужнасьці. Я ганаруся такімі людзьмі – гэтая жанчына ахвяруе сваім лёсам, магчыма, кар'ерай, каб выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэтага чалавека трэба ўсяляк падтрымаць”.