Жыхары пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну распачалі збор подпісаў пад зваротам у ААН і АБСЭ, а таксама да Аляксандра Лукашэнкі. Яны пратэстуюць супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу вытворчасьці пэстыцыдаў, якое распачынае прыватная расейская кампанія “Август-Бел”.
У лісьце таксама гаворыцца пра ціск на грамадзкасьць з боку ўладаў і міліцыі, пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Тым часам удзельнікаў акцыяў пратэсту выклікаюць у суд.
Жыхары пасёлку Дружны зьвярталіся да Аляксандра Лукашэнкі ўжо двойчы, але адказу не атрымалі. Таму сёньня яны распачалі збор подпісаў пад зваротам у ААН і АБСЭ, — кажа адзін зь лідэраў ініцыятыўнай групы Сяргей Абразоўскі:
“Мы ня бачым абароны ад дзяржаўных органаў і таму зьвяртаемся ў ААН і АБСЭ. Паралельна таксама зьвяртаемся да прэзыдэнта. Людзі вераць прэзыдэнту — няхай вераць. А калі ён ніяк не адрэагуе, то ў нашым рэгіёне застануцца ня тысячы, а дзясяткі людзей, якія будуць давяраць вярхоўнай уладзе”.
Акрамя таго, сябры ініцыятыўнай групы падалі заяўкі на штодзённае правядзеньне мітынгаў і пікетаў супраць будаўніцтва заводу, пачынаючы з 14 чэрвеня. Яны заплянаваныя ў пасёлках Сьвіслач і Дружны, кажа яшчэ адна актывістка руху Алена Будкоўская:
“Будзем тлумачыць людзям сытуацыю на сёньняшні дзень. Што ўлады праводзілі нейкія незразумелыя анкетаваньні, што быў ціск падпісацца за завод у розных арганізацыях. Мы таксама будзем тлумачыць пра шкоднасьць гэтага заводу, якія крокі мы павінны рабіць далей. Словам, гэта будуць слуханьні з нашай ініцыятывы, ініцыятывы грамадзкасьці”.
Адна з актывістак руху супраціву Наста Рысевец ад імя ініцыятыўнай групы вядзе перапіску зь мясцовымі і вышэйшымі ўладамі. Яна заяўляе пра супрацьстаяньне і незаконныя дзеяньні чыноўнікаў, кажа, што будзе зьвяртацца ў суд, і вось як характарызуе сёньняшнія дачыненьні дзяржаўнай улады з народам краіны:
“Зараз мы вельмі часта ўзгадваем 1937 год, сталінскія рэпрэсіі. Але і зараз вельмі моцны прэс над насельніцтвам. Адстойваць канстытуцыйныя правы — гэта нонсэнс. Яны павінны выконвацца і не павінны ставіцца пад сумнеў. А нашыя чыноўнікі мала таго што іх парушаюць, дык за тое, што мы іх спрабуем адстойваць, нас яшчэ цягаюць у суд і ў міліцыю. Так не павінна быць”.
Супраць удзельнікаў папярэдніх мітынгаў пратэсту працягваюцца судовыя працэсы. Так, буйнымі штрафамі двойчы быў пакараны Сяргей Абразоўскі, а 5 чэрвеня ў суд выклікаюць мясцовых настаўніц Насту Папову і Тацяну Дылькову.
Днямі Генэральная пракуратура Беларусі вынесла папярэджаньне расейскай прыватнай кампаніі “Август-Бел” за парушэньні дзейнага заканадаўства пры падрыхтоўцы да будаўніцтва заводу. Аднак актывісты ініцыятыўнай групы цьвердзяць, што гэтае папярэджаньне ня цягне за сабой ніякай адказнасьці для “Август-Бел” і тым больш не забараняе будаваць хімічную вытворчасьць.
Будоўлю заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Супраць будоўлі заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Зараз людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.