Кошты на нафту: Лёндан -- 130,93 даляра за барэль, Нью-Ёрк -- 131,03 даляра. Як рост нафтавых цэнаў адаб’ецца на беларускай эканоміцы?
Чарговы рост цэнаў на нафту ў сьвеце выкліканы пагрозамі нігерыйскіх баевікоў з “Руху за вызваленьне дэльты Нігера” зьдзейсьніць шэраг тэрактаў у нафтаздабываючых раёнах краіны, -- паведамляе агенцтва Reuters.
26 траўня баевікі пашкодзілі нігерыйскі нафтаправод, які належыць кампаніі Royal Dutch Shell PLC.
Кошт ліпеньскіх ф’ючэрсаў на паўночнаморскую нафту маркі Brent на лёнданскай біржы вырас на 2,63 даляра і склаў рэкордныя 130,93 даляра за барэль. Кошт амэрыканскай лёгкай нафты з умовай паставак у ліпені вырас на 2,18 даляра і дасягнуў 131,03 даляра за барэль.
Паліўны крызыс і пратэсты ў Эўропе
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн заклікае зрабіць пытаньне росту цэн на паліва галоўным на сустрэчы “Вялікай васьмёркі”. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі прапануе зьнізіць падаткі на паліва. Па ўсёй Эўропе коціцца хваля акцый пратэсту кіроўцаў і рыбакоў супраць падвышэньня цэн на паліва
Я.Раманчук: бэнзін у Беларусі падаражэе на 15-20%
"Нафта даражэе на сусьветным рынку, то, безумоўна, паліва павінна даражэць. Бо мы пампуем яе не са сваёй краіны, а паліва зьяўляецца магутнай крыніцай падаткаў".
Кошты маглі падвысіць на 30%
Паводле эканамічнай аглядальніцы газэты “Беларусы і рынак” Тацяны Манёнак, кампаніі, якія прадаюць нафтапрадукты на ўнутраным рынку Беларусі нясуць вялікія страты, бо прадаюць іх з адмоўнай рэнтабэльнасьцю. Але гэтыя ж кампаніі прадаюць большую частку, каля 80% нафтапрадуктаў на зьнешнім рынку.
“Бэнзін ня можа быць таньней за нафту”
Расейская нафтавая кампанія “Лукойл” мае свае запраўкі ў Беларусі, а таксама ў суседніх Украіне і Расеі. Аднак у адрозьненьне ад іншых краінаў, цэньнікі ў Беларусі застаюцца ранейшымі. Сама кампанія падвысіць кошты ня можа без указаньня дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Чаму сытуацыя розная?
"Цэны на бэнзін у Беларусі ня будуць вышэй, чым у Расеі ці Польшчы"
На прадпрыемстве “Беларуснафта-Аўтазапраўка” паведамілі, што пакуль кошты застаюцца ранейшымі і ніякіх указаньняў аб іх падвышэньні не паступала. Прадстаўніца плянава-эканамічнага аддзелу прадпрыемства Вольга Кліменка сказала, што цэны на бэнзін падымаліся ў сярэдзіне сьнежня мінулага года, прыкладна на 4%. Яна мяркуе, што цэны на бэнзін у Беларусі ня будуць вышэй, чым у Расеі ці Польшчы.
Кошт бэнзыну ў Беларусі большы, чым у Расеі, але меншы чым у Польшчы
У Беларусі цяпер бэнзын АІ-95 пакуль каштуе 2420 рублёў (1,13 даляра ЗША).
Бэнзін, які паводле якасьці адпавядае беларускаму АІ-95, у Польшчы каштуе 4.50 злотых за літар, гэта крыху больш, чым 2 даляра (курс злотага да даляра – 2,20); у Чэхіі – 32 кроны, таксама не нашмат больш за два даляры ( курс кроны да даляра 15,8).
У Расеі бэнзын АІ-95 каштуе ў сярэднім 23,54 рубля – ўсяго на 4 капейкі даражэй, чым 1 даляр (паводле ЦБ РФ адзін даляр ЗША каштуе 23,58 расейскага рубля). Ва Ўкраіне АІ-95 каштуе 6 грывень 37 капеек – 1,31 даляра ( курс НБУ -- 4,85 грыўні за адзін даляр ЗША).