Цягам гэтага тыдня Тацяна Процька расказвае пра тое, што ўяўляе сабой сёньня дзейнасьць КДБ й іншых спэцслужбаў, а таксама ўзгадае гістарычныя паралелі. Сёньня Тацяна Процька параўноўвае, як спэцслужбы вярбуюць так званых сэксотаў.
Адным з важных сродкаў апэратыўна-вышукавай дзейнасьці зьяўляецца вярбоўка. Ёй карыстаюцца спэцслужбы любой краіны, нават самай дэмакратычнай.
У Законе “Аб дзейнасьці органаў дзяржаўнай бясьпекі” вярбоўка аднесена да паўнамоцтваў органаў дзяржбясьпекі. Яны маюць права “ўстанаўліваць на канфідыцыйнай аснове адносіны супрацоўніцтва з асобамі, якія далі на гэта згоду”.
Такім чынам, калі вам прапанавалі супрацоўнічаць са спэцслужбамі, памятайце – гэта абсалютна законная прапанова. Памятайце таксама, што у вас ёсьць права пагадзіцца на прапанову, а таксама адмовіцца ад яго. І як бы вас ні пужалі, схіляючы на супрацоўніцтва, у выпадку адмовы вам нічога ня будзе.
Дарэчы, хаця ўсе спэцслужбы выкарыстоўваюць розныя формы шантажу пры вярбоўках, гэтыя дзеяньні незаконныя. І вы маеце права паскардзіцца ці ў орган, які вэрбаваў, ці ў пракуратуру, ці нават у суд. Але апошняя працэдура ня вельмі ўдзячная, таму што даказаць шантаж цяжка.
Калі я рыхтавалася да перадачы і пачала “пракручваць” тэму са сваімі знаёмымі, высьветлілася: некаторыя зь іх па маладосьці спачатку далі згоду на супрацоўніцтва, падпісалі пэўны дакумэнт, але потым “хахмілі”, пісаўшы у сваіх справаздачах розныя недарэчнасьці. У выпадку маіх знаёмых усе скончылася больш-менш добра, бо разваліўся СССР і некаторыя дакумэнты маглі згубіцца, а можа супрацоўнік КДБ, які “вёў” майго знаёмага, звольніўся з органаў і не перадаў сваёй агентуры спадкаемцу. Аднак пры любым раскладзе памятайце: са спэцслужбамі не шуткуюць.
Узгадаю, што падобны подпіс каштаваў нашай славутай суседцы спн. Прунскене ўдалай палітычнай кар’еры. Падчас выбараў прэзыдэнта, на пост якога спадарыня прэтэндавала, выплыла ейная падпіска на супрацоўніцтва. Грамадзкая думка наконт супрацоўніцтва са спэцслужбамі як на Беларусі, так і у іншых краінах, адмоўная. Прунскене атрымала зусім нязначную падтрымку насельніцтва на выбарах.
Практыка вярбоўкі была вельмі распаўсюджаная на Беларусі ў савецкія часы. Супрацоўнікі спэцслужбаў мелі ўласных “асьведаміцеляў” ва ўсіх зьвёнах устаноў ці прадпрыемстваў, якія яны вялі. Завэрбаваных называлі па-рознаму: сэксотамі (ад сакрэтны супрацоўнік), або сачкі ці сачкомы (ад слова “сачыць”) Была нават вызначаная колькасьць завэрбаваных на колькасьць супрацоўнікаў.
Больш за ўсё сэксотаў мелася на прадпрыемствах, якія працавалі на абарону, мелі дзяржаўныя сакрэты, а таксама там, дзе была магчымасьць узьдзейнічаць “на шырокія масы працоўных”. Каб сачыць за настроямі інтэлігенцыі, вэрбаваліся самыя розныя яе прадстаўнікі – пісьменьнікі, у тым ліку і знакамітыя, выкладчыкі вну, студэнты.
Згодна тагачаснага заканадаўства, факт супрацоўніцтва належаў да дзяржаўнай тайны і агалошваньне супрацоўніцтва каралася вельмі жорстка –двума гадамі пазбаўленьня волі.
Частку людзей вымушалі да супрацоўніцтва, бо закона, як зараз, які б вызначаў дабраахвотнасць супрацоўніцтва, не было. Але частка людзей супрацоўнічала менавіта дабраахвотна, з патрыятычных памкненьняў.
Падкрэсьліваю, у гэтым няма злачынства па закону, але маральна тыя людзі, якія дапамагалі вынішчаць сваіх суайчыньнікаў, безумоўна асуджаныя.
Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней – старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.
У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёлета ў траўні абвясьціла пра сыход з кіраўніцтва БХК.