Учора Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага расейскага прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна старшынём Савету міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Учора ж агенцтва Associated Press распаўсюдзіла камэнтар пра тое, што ў ЗША выказваецца занепакоенасьць чарговым фактам ўмацаваньня адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй.
Ніякіх афіцыйных заяваў на гэты конт няма, экспэрты, якія далі камэнтар агенцтву, выказалі няўпэўненасьць, ці зьяўляецца ўчорашняе прызначэньне знакам сапраўднага палітычнага збліжэньня ці гэта звычайная фармальнасьць. На думку дырэктара расейскага аддзелу Амэрыканскага інстытута прадпрымальніцтва Леона Арона, Лукашэнка спрабуе ісьці на збліжэньне з Расеяй з прычыны цяжкасьцяў у эканоміцы і амэрыканскіх санкцый. “Калі Лукашэнка хоча заставацца ва ўладзе, ён мусіць рабіць тое, чаго хоча Пуцін” – мяркуе спадар Арон.
Пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт, якая ў сакавіку была вымушаная зьехаць у Вашынгтон на кансультацыі на патрабаваньне беларускіх ўладаў, заявіла ў інтэрвію Associated Press, што ЗША пакуль пачакаюць з высновамі. Яна падкрэсьліла, што ЗША “супраць любога саюзу паміж пастсавецкімі краінамі, які ствараецца без уліку меркаваньня грамадзянаў”. “У нас няма прэтэнзій да інтэграцыі краін, калі яна адбываецца на добраахвотнай аснове, калі гэтая інтэграцыя ўзаемавыгадная і не перашкаджае збліжэньню з больш шырокім колам краін,” – заявіла пасол ЗША.
Пасады старшыні Вышэйшага Савету і старшыні Савету міністраў саюзнай дзяржавы былі ўведзеныя пасьля падпісаньня ў 1999 годзе Беларусьсю і Расеяй дамовы “Аб саюзнай дзяржаве”. З таго часу пасаду старшыні Вышэйшага Савету ўвесь час займаў Аляксандар Лукашэнка, і кіраўніка саюзнага Саўміну – дзейны расейскі прэм'ер. Напрыклад, Віктар Зубкоў быў прызначаны старшынём расейскага ўраду 14 верасьня летась, а 15 кастрычніка 2007 ён, як і зараз Пуцін, быў зацьвержаны старшынём ураду саюзнай дзяржавы. Такім жа чанам раней гэтую пасаду займалі Міхаіл Фрадкоў і Міхаіл Касьянаў.