“Працэс 14-ці”. Працяг заўтра а 10.15

Храналёгія сёньняшняга судовага паседжаньня, фотаздымкі, камэнтары прысутных. ТЭМА ДНЯ.


18.25 Закончыўся прагляд відэаматэрыялаў. У працэсе абвешчаны перапынак да 10.15 хвілін аўторка. Паседжаньне адновіцца спрэчкамі бакоў.

15.25 Пачаўся прагляд відэаматэрыялаў з акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску.

14.55 Сьведка Максім Падбярозкін заявіў, што абвінавачаныя білі супрацоўнікаў ДАІ па нагах і абражалі іх. Допыт сьведкаў закончаны. Пачалі аглядаць пісьмовыя матэрыялы справы.

14.15
Працэс аднавіўся пасьля перапынку. Дапыталі намесьніка начальніка ДАІ Менску Максіма Падбярозкіна. Сьведка пазнаў у абвінавачаных Дашуку і Субачу ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску.

12.30
У працэсе абвешчаны перапынак.

12.20 Дапыталі прадстаўнікоў інспэкцыі ў справах непаўнагадовых у справе Максіма Дашука. Была агучаная толькі адна іх прэтэнзія падсуднага -- што ён прапусьціў два ўрокі ў школе ў лістападзе мінулага году.

12.05
Дапытаныя яшчэ два супрацоўніка ДАІ. Абодва сьведкі таксама заявілі, што бачаць падсудных упершыню.

11.45
Супрацоўнік ДАІ Аляксандар Субач заявіў у судзе, што трох абвінавачаных бачыць упершыню, што яны нічым не выдзяляліся ў часе акцыяў прадпрымальнікаў. Допыт супрацоўнікаў ДАІ Менску працягваецца.

11.25
Дапыталі сьведку Мікалая Карачуна, дырэктара ГУМа. Ён прэтэнзіяў да мітынгоўцаў таксама не мае. Дапыталі дырэктара крамы "Ласунак" Веру Філіпенкаву. Дапытваюць прадстаўнікоў ДАІ.

Дарадца амбасады Чэхіі Іржы Хромы паведаміў “Свабодзе”, што прысутнічаў на мітынгу 10 студзеня. Паводле спадара Хромага, дэманстранты рухаліся па ходніках, адкуль іх выціснулі міліцыянты. Дыплямат кажа, што ня бачыў, як дэманстранты перашкаджалі руху грамадзкага транспарту, пра што цьвердзяць сьведкі з боку абвінавачваньня.

11.10
Працэс аднавіўся.

Вячаслаў Сіўчык кажа, што прыйшоў падтрымаць моладзь, якую судзяць па палітычнай справе. “Ня можа быць так, каб моладзь трапляла пад рэпрэсіі”, - кажа палітык. Першыя ўражаньні В.Сіўчыка ад працэсу: “Выслухалі трох сьведак, але яны нічога суду не паказалі”.




10.40
Абвешчаны перапынак на 15 хвілін з-за таго, што некаторыя сьведкі не зьявіліся. На гэты час дапытаныя тры сьведкі, якія прадстаўляюць Цэнтральны ўнівэрсам , транспартнае пардпрыемства і прыватную краму, якая знаходзіцца ля Кастрычніцкай плошчы, дзе прайшоў мітынг прадпрымальнікаў. Усе сьведкі прэтэнзіяў да абвінавачаных не маюць.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў прыйшоў на працэс са сваім малодшым сынам. “Гэта працяг крымінальнай справы над моладзьдзю, якая брала ўдзел у мітынг у падтрымку правоў прадпрымальнікаў. Моладзь бараніла права ўсяго беларускага народу на мірныя мітынг сходы і свабоду выказваньня думак”, - заявіў Свабодзе А.Макаеў.

10.25 У двары суду з даху будынка невядомыя скінулі расцяжку “Не рэпрэсіям”. Яе заўважылі 10 чалавек, якія чакаюць там перапынку ў працэсе, ды мліцыянты. Яны палезьлі на дах і сарвалі расцяжку.

10.10 Пачаўся допыт сьведак.

10.05 Абвінавачаны Павал Вінаградаў выказаў недавер суду.

9.50 Працэс пачаўся. Пракурор зачытвае абвінавачваньне.

9.45 Усіх прысутных запрасілі ў залу судовых пасяджэньняў. На працэс прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў краін Эўразьвязу, АБСЭ, а таксама большасьць раней асуджаных па гэтай справе. Тры невялікія аўтобусы са спэцназам, а таксама міліцыя ў чорнай форме знаходзяцца ля ўваходу ў стадыён “Дынама,” за некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку суду Цэнтральнага раёну.


Павал Вінаградаў

Міхал Субач

Максім Дашук






Моладзевых актывістаў, удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак. 10 чалавек ужо асуджаныя. Сямёра зь іх пакараны абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара года. Яшчэ адзін — студэнт-каліновец Аляксандар Баразенка — абвешчаны ў крымінальны вышук. Ніхто з абвінавачаных не прызнае сваёй віны.

Суд пад старшынёўствам Валер’я Есьмана прызначаны а палове 10-й раніцы. Ён быў перанесены зь пятніцы 23 траўня, калі ў Менску праходзіў саміт кіраўнікоў урадаў СНД. У судзе аднак ніяк не патлумачылі прычыны пераносу пасяджэньня.

“Свабода” аб “працэсе 14-ці”

Справу завялі за групавыя дзеяньні, якія нібыта мелі вынікам грубае парушэньне грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. 23 красавіка, суд пакараў штрафамі і абмежаваньнем волі 9 чалавек. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ і ў пагрозах міліцыянту падчас дэманстрацыі 21 студзеня і пакаралі пазбаўленьнем волі на паўтара году.