Сёньня ў Менску пад старшынствам прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі адбываецца сустрэча Рады кіраўнікоў ураду краінаў СНД.
Як заўсёды пры нагодзе падобных самітаў, інтрыга заключаецца ня ў тым, якія пытаньні стаяць на павестцы дня, а ў тым, хто з кіраўнікоў постсавецкай прасторы правядзе двухбаковыя перамовы і з кім.
Здаецца, галоўнай інтрыгай гэтага менскага саміту СНД ёсьць пытаньне, ці знойдзе новы расейскі прэм’ер, Уладзімір Пуцін, час каб пагаварыць зь Юляй Цімашэнка і кіраўніком грузінскага ўраду Уладзімірам Гургенідзэ. Апошнім часам пытаньні расейска-ўкраінскіх і расейска-грузінскіх дачыненьняў сталі вядучымі ў паведамленьнях з тэрыторыі СНД.
За апошнія два месяцы адносіны паміж Расеяй і Грузіяй сапсаваліся да такой ступені, што Тбілісі стала абвінавачваць Маскву ў правакаваньні вайны паміж дзьвюма краінамі за Абхазію — сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, у якім перабываюць расейскія міратворчыя сілы. ”Мы літаральна мусім запабегчы вайне” — заявіў у Брусэлі ў пачатку гэтага месяца грузінскі міністар рэінтэграцыі Тэбар Якабашвілі.
Грузія абвінавачвае Расею ў нарошчваньні вайсковай прысутнасьці ў Абхазіі, уключна зь цяжкім узбраеньнем, што, паводле Тбілісі, пярэчыць двухбаковай дамове з 1994 г. аб замірэньні.
Масква ў адказ сьцвярджае, што гэта менавіта Тбілісі канцэнтруе вайсковыя сілы паблізу Абхазіі і Паўднёвай Асэціі, другога сэпаратысцкага рэгіёну Грузіі, каб разьвязаць праблему сэпаратызму сілай.
Абхаскія крыніцы паведамляюць аб зьбіцьці сямі бесьпілётных шпіёнскіх самалётаў Грузіі над тэрыторыяй сэпаратысцкага рэгіёну. Грузія пацьвярджае зьбіцьцё толькі аднаго, і пры гэтым сьцьвярджае, што гэта зрабіў расейскі зьнішчальнік.
У Расеі з Украінай – іншы канфлікт, не такі драматычны, але ня менш працяглы. У Севастопалі базуецца Расейскі чарнаморскі ваенны флёт. Згодна з расейска-ўкраінскім трактатам з 1997 г., флёт мае там заставацца да 2017 г.
Афіцыйны Кіеў не аспрэчвае гэтага тэрміну, але запрапанаваў Маскве ўжо цяпер пачаць перамовы аб вывадзе флёту з Украіны. Гэта ня надта падабаецца этнічна расейскім жыхарам Крыму, якія рэгулярна ладзяць дэманстрацыі супроць вываду флёту і супроць намеру цяперашняга ўкраінскага кіраўніцтва далучыць краіну да НАТА.
Алею ў агонь гэтага тлеючага канфлікту апошнім часам падліў мэр Масквы Юры Лужкоў, які заявіў, што Чарнаморскі флёт застанецца ў Севастопалі ”і ў 2008, і ў 2018 годзе”. Да таго ж, Лужкоў сказаў, што Севастопаль — расейскі горад, якога Расея ніколі Ўкраіне не перадавала і ад якога ніколі не адмаўлялася. Кіеў наклаў забарону на ўезд Лужкова ва Ўкраіну, Расея адказала падобнымі забаронамі ў адносінах да ўкраінскіх афіцыйных асобаў. Апошняй ахвярай гэтай перапалкі стаўся намесьнік міністра юстыцыі Ўкраіны, якога не ўпусьцілі ў Расею.
Расейскія газеты сьцьвярджаюць, што Ўкраіна, якая ў гэтым месяцы стала паўнапраўным сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у адказ на нежаданьне Расеі гаварыць аб вывадзе флёту будзе блякаваць перамовы Масквы аб сяброўстве ў гэтай арганізацыі.
Ствараецца ўражаньне, што афіцыйныя Тбілісі і Кіеў бяруць удзел ва ўсіх форумах СНД адно таму, каб мець нагоду сустрэцца з кіраўнікамі Расеі і перамовіцца аб злабадзённым. Бо ў Маскву дзеля гэтага запрашаюць іх даволі рэдка.