Пракуратура Менскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне справы адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія на шашы Менск — Мікашэвічы зрабілі так званы “жывы шчыт” з прыватных аўтамабіляў.
Між тым кіроўцу, які стаў галоўнай прычынай інцыдэнту, дагэтуль шукаюць.
“Справа завершаная і перадаецца ў суд Менскага раёну”, — паведаміў “Свабодзе” Васіль Папін зь Менскай абласной пракуратуры, які кіраваў сьледчай групай у справе пра “жывы шчыт”.
Сьледчы не патлумачыў, чаму ў выніку расьсьледаваньня з чатырох падазроных супрацоўнікаў ДАІ абвінавачаньне ў злоўжываньнях уладай ці службовым становішчам выстаўленае толькі двум — міліцыянтам Ліхтаровічу і Дарагакупцу. Паводле іншых крыніц, сьледзтва палічыла, што два іншыя супрацоўнікі ДАІ не вінаватыя ў інцыдэнце, бо прыехалі на месца пасьля здарэньня.
Адвакатка Вера Страмкоўская паведаміла, што прыцягнутых да адказнасьці міліцыянтаў падазраюць у нанясеньні шкоды на 25 мільёнаў рублёў — гэтак ацанілі пашкоджаньні, нанесеныя аўтамабілям, зь якіх утварылі “жывы шчыт”. На дадатак пацярпелыя выставілі і грамадзкі пазоў аб кампэнсацыі маральных і фізычных страт.
“Выставілі грамадзкі пазоў, у якім просім спагнаць зь вінаватых у якасьці кампэнсацыі за маральныя і фізычныя страты па 50 мільёнаў рублёў на кожнага з шасьці пацярпелых”, — паведаміла Вера Страмкоўская.
Справу будзе разглядаць суд Менскага раёну і гораду Заслаўе. Калі пачнецца працэс, яшчэ ня вызначана.
Тым часам працягваецца вышук кіроўцы Рамана Менцюка, з-за якога адбыўся інцыдэнт. Сяргей Басько зь Менскай абласной міліцыі распавёў пра пошукі:
“Не знайшлі яго пакуль. Сьледчыя праводзяць адмысловыя мерапрыемствы, а якія, ня кажуць”.
Нагадаем, інцыдэнт з “жывым шчытом” адбыўся 2 сакавіка, а грамадзкасьці пра яго стала вядома больш як праз тыдзень. Калі пракуратура ўжо праводзіла праверку дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ, Раман Мянцюк зьехаў зь Менску ў Маскву, каб узяць удзел у тэлепраграме “Хай гавораць”. Высьветлілася, што зь яго нават не ўзялі падпіску пра нявыезд. У Беларусь Раман Мянцюк, паводле зьвестак міліцыі, не вярнуўся. Адзін з пацярпелых, Аляксей Берасьнеў, зьдзіўляецца сытуацыі вакол кіроўцы Менцюка:
“Збольшага гэта ж Мянцюк ва ўсім вінаваты. І ў тым, што міліцыянты вымушаныя былі дарогу перагароджваць. І як яго адпусьцілі?!”
Разам з Раманам Менцюком міліцыя шукае ягоную жонку, якая перадала яму кіраўніцтва аўтамабілем, хоць ён быў нецьвярозы. За гэта жанчыну таксама зьбіраюцца прыцягнуць да адказнасьці.
У ДАІ Менску расьсьледаваньне справы пра “жывы шчыт” не камэнтуюць. “Усе камэнтары пасьля суду”, — кажа супрацоўніца ДАІ Жана Трайно. Паводле яе, у красавіку менскае ДАІ правяло адмысловую вучобу, каб больш “жывыя шчыты” не паўтараліся:
“На пляцоўцы майстры ўсім паказалі, як кіраваць аўтамабілем у экстрэмальных умовах і як затрымліваць злачынцу з дапамогай прыстасаваньня “Ёж-Дыяна”.