Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры “жывога шчыта” чакаюць прысудаў супрацоўнікам ДАІ


Пацярпелых у выніку “спэцапэрацыі” Дзяржаўтаінспэкцыі на ўчастку трасы Менск — Мікашэвічы выклікаюць для азнаямленьня з матэрыяламі справы ў Менскую абласную пракуратуру. 2 сакавіка супрацоўнікі ДАІ намагаліся затрымаць п’янага кіроўцу, які на аўтамабілі “Фольксваген” уцякаў ад “даішнікаў” на хуткасьці 160 кілямэтраў на гадзіну, з дапамогай “жывога шчыта”. Міліцыянты перагарадзілі дарогу легкавымі аўто, у якіх знаходзіліся людзі. Пасьля той гісторыі высьветлілася: такі спосаб супрацоўнікі ДАІ практыкавалі і раней.

2 сакавіка жыхар Гомелю Раман Мянцюк кіраваў машынай у стане ап'яненьня, ня маючы пасьведчаньня кіроўцы. Больш за сто кілямэтраў аўтамабіль, у якім былі сам Мянцюк, ягоная нявеста Вольга і двое іхніх сяброў, ігнараваў патрабаваньні інспэктараў ДАІ спыніцца. Каб затрымаць парушальніка, супрацоўнікі ДАІ спынілі некалькі аўтамабіляў, перагарадзілі імі дарогу і забаранілі людзям выходзіць з салёнаў. Як казалі міліцыянты на сьледчым экспэрымэнце, яны “спадзяваліся, што Мянцюк спыніцца”. У выніку “тарана” шэсьць чалавек атрымалі розныя траўмы.

Адзін зь міжвольных удзельнікаў “жывога шчыта” — Аляксей Берасьнеў. Вось ужо два месяцы ягонае жыцьцё складаецца зь бясконцых паказаньняў у судах, пракуратуры, паходаў да лекараў і псыхатэрапэўтаў:

“Нас на заўтра запрасілі ў пракуратуру. Магчыма, заўтра нешта і скажуць больш уцямнае. Але я так разумею, што ў іх заўтра проста апошні дзень тэрміну, адведзенага на разгляд справы. Дагэтуль мы давалі толькі паказаньні. Учора былі ў судмэдэкспэртаў, у псыхоляга, у псыхатэрапэўта”.

Неўзабаве пасьля здарэньня пацярпелыя падалі ў суд на дзеяньні міліцыі. Менская абласная пракуратура пачала расьсьледаваньне супраць чатырох супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёну Менску. Распачалася крымінальная справа пра “злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”. Супраць Рамана Мянцюка ўзбуджаная крымінальная справа за кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап'яненьня. Пазьней крымінальную справу распачалі і супраць Вольгі Мянцюк, якая “перадала аўтамабіль чалавеку без пасьведчаньня і ў стане алькагольнага ап'яненьня”.

Між тым Менцюкі разьвязкі чакаць ня сталі і зьніклі. На пачатку красавіка Раман не зьявіўся на допыт, і вось ужо месяц яго і жонку ня могуць знайсьці. Знаёмыя Менцюкоў лічаць, што яны хаваюцца ў Расеі.

Паводле зьвестак яшчэ аднаго ўдзельніка “жывога шчыта” Юрыя Пашкевіча, пакуль Менцюкоў безвынікова шукаюць, абвінавачаньне міліцыянтам ужо нібыта абвясьцілі:

“Сёньня ўжо нібыта афіцыйна вынесена абвінавачаньне супрацоўнікам ДАІ. А заўтра справа, відавочна, можа быць перададзеная ў суд. То бок справа будзе ў пракурора, і для далейшага разгляду яе накіруюць у суд. Але нас з матэрыяламі справы будуць знаёміць толькі заўтра”.

Інфармацыю пра пакараньне вінаватых у арганізацыі “жывога шчыта” ў Менскай абласной пракуратуры пацьвердзіць ці абвергнуць адмовіліся.

Аднак, як лічыць Аляксей Берасьнеў, наўрад ці супрацоўнікі ДАІ атрымаюць пакараньне, адпаведнае мэтадам, якія міліцыянты ўзялі за норму:

“Устрымаюся, пэўна, ад прагнозаў. Бо ўся гэтая сыстэма моцна паміж сабой павязаная. Але мне падаецца, што кагосьці аднаго ўва ўсім абвінавацяць, каб зьнізіць напругу ў грамадзтве”.

Пасьля таго як гісторыя на трасе Менск — Мікашэвічы стала здабыткам галоснасьці, пра аналягічныя сытуацыі пачалі расказваць і іншыя. Сваім размахам яе нагадвае здарэньне на менскай кальцавой дарозе. Намагаючыся спыніць аўтамабіль “Пэжо-605” з п’яным кіроўцам, 7 кастрычніка 2007 году міліцыянты па чарзе спынілі чатыры машыны, перагарадзіўшы імі дарогу. У выніку “тарана” пацярпелі пяць дарослых і дзіцё.

Кіроўца малалітражкі “Таўрыя” атрымаў пералом тазабедранай косьці, чэрапна-мазгавую траўму і страсеньне мозгу, дагэтуль ходзіць на мыліцах. У пасажыркі — шматлікія траўмы і парэзы твару. У пасажыркі “Міцубісі” — пералом ключыцы, зрух пазванка, зламаная частка грудзіны. Кіроўцу “Пэжо” асудзілі на тры гады “хіміі”. Таксама ён мусіў выплаціць матэрыяльную кампэнсацыю пацярпелым (ніхто зь іх ніводнага рубля не атрымаў дагэтуль). Аднак бальшыню ўдзельнікаў “шчыта” ўвогуле не прызналі пацярпелымі, бо яны не атрымалі цялесных пашкоджаньняў.

На пачатку красавіка ахвяры леташняй “апэрацыі” падалі скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ ў Генэральную пракуратуру (пазьней заява была пераадрасаваная ў Менскую гарадзкую пракуратуру). Заяўнікі патрабавалі распачаць крымінальную справу супраць “даішнікаў”, якія спрычыніліся да аварыі. Цяпер гарадзкая пракуратура высьвятляе: ці мэтазгодна пачынаць асобную вытворчасьць па нейкіх эпізодах з ужо скончанай справы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG