Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 16 траўня. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і экспэрт Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар.
ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць трох прадпрыемстваў кампаніі “Белнафтахім”. У чым прычыны такіх дзеяньняў Злучаных Штатаў? Чаму ЗША адмовіліся ад ідэі закрыцьця сваёй амбасады ў Менску? Якія практычныя наступствы могуць мець эканамічныя санкцыі?
Чаму ЗША перайшлі да такога жорсткага ціску?
Валер Карбалевіч: “Дыпляматычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам пачаўся з таго, што ЗША ў лістападзе мінулага году абвясьцілі эканамічныя санкцыі супраць кампаніі “Белнафтахім”. Чаму ЗША перайшлі да такога жорсткага ціску на беларускія ўлады? Палітзьняволеныя ў Беларусі існуюць ужо шмат гадоў. Але вось толькі ў апошнія месяцы ЗША дасьпелі да санкцыяў. Ці то заканчэньне дзейнасьці адміністрацыі Буша падштурхнула яе да рашучых крокаў? Ці то зьяўленьне на амэрыканскім рынку ў значнай колькасьці прадукцыі прадпрыемстваў “Белнафтахіму” актуалізавала гэтую праблему?”
Андрэй Фёдараў: “Безумоўна, адна з прычынаў — заканчэньне тэрміну знаходжаньня адміністрацыі Буша ў Белым доме. Яна абвяшчала была вялікія пляны ў замежнай палітыцы, але рэальныя дасягненьні выявіліся значна сьціплейшымі. Калі не атрымоўваецца, напрыклад, вырашыць праблему Іраку, то можна паспрабаваць дасягнуць вынікаў на іншым кірунку, напрыклад, у Беларусі.
Затым, пачаў дзейнічаць вядомы “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які быў прыняты чатыры гады таму. За гэты час была назапашана інфармацыя пра сытуацыю ў Беларусі, пра кампанію “Белнафтахім”. Гэтыя чыньнікі і паспрыялі гэтым захадам ЗША”.
Аляксандар Рар: “Адміністрацыя Буша, сыходзячы, выказвае актыўнасьць на постсавецкім абшары. Сапраўды, прэзыдэнт наймагутнейшай дзяржавы імкнецца скончыць сваё васьмігадовае знаходжаньне ва ўладзе пасьпяхова. І гэта можна найлепш зрабіць за кошт постсавецкага абшару. Гэта тычыцца Ўкраіны, Паўднёвага Каўказу. І вось цяпер ЗША імкнуцца дасягнуць нейкіх зрухаў у вырашэньні беларускага пытаньня”.
Чаму санкцыі замест закрыцьця амбасады?
Карбалевіч: “Пасьля таго як беларускі бок тры разы вымусіў ЗША адклікаць сваіх дыпляматаў, было зразумела, што Вашынгтон ня можа на гэта не адрэагаваць. Першай рэакцыяй Дзярждэпартамэнту ЗША была ідэя закрыцьця сваёй амбасады ў Менску. І нават калі 1 траўня амэрыканскі бок прыпыніў гэтае рашэньне, было афіцыйна заяўлена, што Беларусі выстаўляецца патрабаваньне да 15 траўня. Калі яно ня будзе выканана, то магчыма закрыцьцё амбасады.
Вось наступіла 15 траўня, беларускі бок, гледзячы па ўсім, ня выканаў патрабаваньняў, і ЗША былі вымушаныя дзейнічаць. Але замест закрыцьця амбасады Вашынгтон зьвярнуўся да новых эканамічных санкцыяў. Чаму зьмяніліся амэрыканскія пляны?”
Фёдараў: “На мой погляд, рашэньне ЗША аб закрыцьці амбасады было больш імпульсіўным. Нездарма яно было адмененае ўжо праз тры гадзіны. Вашынгтон, мабыць, вырашыў: хто адсутнічае, той прайграе.
Але, зразумела, ЗША мусілі рэагаваць. Незразумела, чым скончыліся кантакты паміж беларускімі і амэрыканскімі дыпляматамі, якія адбыліся на пачатку траўня. Цяжка ўявіць, каб афіцыйны Менск пагадзіўся вызваліць палітзьняволеных”.
Рар: “Закрыцьцё амбасады прывяло б да поўнага спыненьня дачыненьняў паміж краінамі, да страты ўплыву ЗША на палітыку Беларусі. Вядома ж, што амбасада ЗША падтрымлівае беларускія дэмакратычныя структуры. А вось санкцыі — гэта тыповы інструмэнт уплыву на краіны, зь якімі адбываецца канфлікт”.
Наступствы і пэрспэктывы
Карбалевіч: “Якія практычныя наступствы могуць мець гэтыя санкцыі? Якія эканамічныя страты можа панесьці беларускі бок? Ці будуць нейкія крокі ў адказ?”
Фёдараў: “Цяжка казаць пра эканамічныя страты. Будзе страчаны гандаль тых прадпрыемстваў з ЗША, адносна якіх уведзены санкцыі. Як сказаў нядаўна кіраўнік Нацбанку Пракаповіч, галоўная шкода ад гэтых санкцыяў — гэта ўдар па іміджы беларускіх прадпрыемстваў у вачах патэнцыйных інвэстараў.
Што да палітычнага аспэкту, то, я мяркую, беларускі бок не пакіне гэтыя дзеяньні ЗША проста так. Але ня думаю, што Менск вышле астатніх амэрыканскіх дыпляматаў. Ён хацеў бы, каб гэта зрабілі самі амэрыканцы. Лічу, што гэтым разам усё абмяжуецца жорсткай рыторыкай”.
Рар: “Думаю, Беларусі цяжка весьці дыпляматычную, тым больш гандлёва-эканамічную барацьбу з Захадам. У яе мала рычагоў уплыву. Хоць нядаўна Лукашэнка пагражаў Эўропе праблемай паставак энэргарэсурсаў. ЭЗ пакуль трымаецца ўбаку і не далучаецца да санкцыяў ЗША.
Дарэчы, на Захадзе існуюць розныя пазыцыі адносна беларускага пытаньня. Ёсьць жорсткая пазыцыя ЗША, якую падтрымліваюць новыя сябры ЭЗ, напрыклад, Польшча.
А вось старыя сябры ЭЗ займаюць мякчэйшую пазыцыю. Яны зыходзяць з таго, што зьдзейсьніць рэвалюцыю ў Беларусі не атрымаецца, бо дэмакратычныя сілы тут слабыя. І зьмены тут могуць адбыцца толькі эвалюцыйным шляхам. Таму ўплываць на Беларусь можна мякка, не будуючы новыя бар’еры, а далучаючы яе да агульнага супрацоўніцтва”.
Карбалевіч: “Такім чынам, дыпляматычны беларуска-амэрыканскі канфлікт ня толькі працягваецца, але і абвастраецца. Гэтым разам свой крок зрабілі ЗША. Крок больш сымбалічны, чым рэальны, які павінен прадэманстраваць нязгоду з палітыкай беларускіх уладаў. Мае суразмоўцы выказалі спадзяваньне, што абодва бакі не зацікаўленыя ў далейшай эскаляцыі супрацьстаяньня”.