Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 17 траўня 2008 году
Адна з галоўных тэмаў у нашай пошце апошніх тыдняў — лёс палітзьняволеных: грамадзкіх актывістаў і палітычных дзеячаў, якія адбываюць у беларускіх турмах пакараньне паводле крымінальных абвінавачаньняў. Пад ціскам міжнароднай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі мінулай зімой і на пачатку вясны ўлада паступова вызваляла з турмы апазыцыянэраў. Так выйшлі на волю Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Клімаў, Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Але пазьней працэс спыніўся, а потым рушыў у адваротным напрамку.
Колькі цяпер у Беларусі палітычных вязьняў? Наш слухач Віктар Туравец з францускага Ліёну лічыць, што адказ на гэтае пытаньне не такі відавочны, як прынята лічыць. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:
“Ці мог бы хто-небудзь мне патлумачыць, чаму зараз лічыцца, што ў Беларусі толькі трое палітычных зьняволеных — Аляксандар Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч, а не чатыры — разам са Зьмітром Лісеенкам? Паводле якіх крытэрыяў Лісеенка ня можа лічыцца палітычным зьняволеным? Няўжо не відаць паралеляў у справах Кіма і Парсюкевіча, з аднаго боку, і Лісеенкі — з другога?
Зьміцер — былы спэцназавец, але сьмелы беларус, які стаў на бок Беларусі і не пагадзіўся прыслужваць рэжыму. Няўжо тут ня бачна, што галоўнае апірышча для Лукашэнкі — гэта АМАП, “спэцназ”? І, каб запужаць астатніх, каб нават думкі не ўзьнікала больш у такіх, як Лісеенка, перайсьці на бок Беларусі, — і была зьдзейсьнена гэтая расправа над Зьмітром (10 гадоў турмы!). У чым тут справа?
Няўжо зноў, як заўсёды, гэта — наша беларуская абыякавасьць? Але ж гэта — наш грамадзянін, беларус!” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Туравец з францускага Ліёну.
Нейкіх дакладна вызначаных крытэрыяў адносна таго, каго варта прызнаваць палітвязьнем, а каго — не, не існуе. Фармальна ў крымінальным заканадаўстве Беларусі няма адказнасьці за апазыцыйную і грамадзкую дзейнасьць. Апазыцыянэраў, арганізатараў ды ўдзельнікаў грамадзкіх акцыяў караюць паводле іншых абвінавачаньняў. Але сытуацыі, у якіх трапілі за турэмныя краты Аляксандар Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч, для ўсіх відавочныя. Гэтыя палітыкі былі затрыманы падчас грамадзкіх акцыяў пратэсту, і ў абвінавачаньнях так ці інакш фігураваў гэты факт.
Гісторыя з былым актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Зьмітром Лісеенкам — іншага кшталту. Яго асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў падробцы грошай і распаўсюджваньні наркотыкаў. Да суду пра гэтую гісторыю мала хто ведаў, і самі аднапартыйцы арыштаванага не прыцягвалі да яе грамадзкай увагі. Не чуваць было апошнім часам і пра ягоную актыўную палітычную дзейнасьць. Так што ўся сытуацыя мае патрэбу ў дадатковым дэталёвым дасьледаваньні.
У сваім новым лісьце Юрась Навіцкі зь Менску распавядае пра некаторыя эпізоды Другой усясьветнай вайны, пра тое, як тыя падзеі адбіліся на лёсах беларусаў. Слухач піша:
“Было гэта ў маім маленстве. Палез я да аднаго дзеда на гарышча і знайшоў там скрынку зь лістамі. А паколькі малым вельмі любіў чытаць, то з тых лістоў — перапіскі з Генпракуратурай СССР — даведаўся пра драматычную гісторыю гэтага дзядулі.
...У вайну Аляксандар Іванавіч Сідарэнка быў вясковым шаўцом і адначасова сувязным партызанаў. Нехта зь мясцовых “здаў” яго немцам. СД прыехала па яго і забрала. Выкруціцца аніяк не выпадала, тым больш што ўся сям’я стала закладнікамі. Ён быў змушаны даць падпіску аб супрацы зь немцамі і накіраваны ў партызанскі атрад з мэтаю шпіянажу. Але ў атрадзе ён адразу ж усё распавёў камандзіру. Той забараніў яму вяртацца назад да сям’і. Фашысты расстралялі дзедавых жонку і шасьцёра дзяцей. Дзед даваяваў у партызанах да канца вайны, а пасьля... атрымаў 15 год за супрацоўніцтва зь нямецкімі акупантамі — у выніку даносу аднаго вяскоўца, які бачыў, як СД везла яго на грузавіку. Адбыў дзед на Калыме пяць год (быў рэабілітаваны) і вярнуўся ворагам Савецкай улады.
...Немцаў за адно тое можна паважаць, што яны знайшлі ў сабе сілы пакаяцца. Нашыя ж улады за свае злачынствы да гэтага часу не павініліся, не прызналі сваіх памылак, таму мы і жывем горш, чым немцы”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Юрась Навіцкі зь Менску.
Сапраўды, тыя беларусы (і ня толькі беларусы — прадстаўнікі ўсіх акупаваных краінаў), якія былі вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну, атрымалі ад ураду сёньняшняй дэмакратычнай ФРН ня толькі словы прызнаньня віны і пакаяньня, але і немалыя грашовыя кампэнсацыі. Прычым гэта тычылася нават тых людзей, якія былі ў няволі нязначны тэрмін і ў каго ўмовы жыцьця і працы былі ня надта цяжкія. А што ж тыя мільёны савецкіх людзей, якія бязьвінна былі асуджаны “тройкамі” НКВД, пазбаўлены маёмасьці і дзесяцігодзьдзямі ў нечалавечых умовах працавалі на шахтах і лесапавалах расейскай Поўначы? Раней гучалі спасылкі на тое, што Расея — бедная і ня можа дазволіць сабе кампэнсацыі бязьвінна пакараным ахвярам камуністычнага рэжыму. Але сёньня звышпрыбыткі Расеі ад дарагіх нафты і газу вымяраюцца дзясяткамі і сотнямі мільярдаў даляраў, а колькасьць ахвяраў сталінізму няспынна скарачаецца. І выплаціць ім кампэнсацыі не было б для Расеі невыканальнай задачай. Іншая рэч, ці існуе на гэта палітычная воля расейскіх і беларускіх уладаў? Лёс колішніх вязьняў ГУЛАГу, якія сёньня зайздросьцяць сваім аднагодкам, што былі вывезеныя ў вайну на прымусовыя працы ў Нямеччыну, выразна пра гэта сьведчыць.
У мінулым аглядзе пошты, 14 траўня, прагучаў ліст Васіля Валошкі з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну — пра нядаўняе рашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі вярнуць пэнсіянэрам частку раней адабраных ільготаў: на праезд у прыгарадным транспарце. Слухач выказаў думку, што ўся гісторыя з адменай і вяртаньнем ільготаў была прыдумана і сплянавана ўладамі загадзя, у разьліку на прастадушнасьць і забыўлівасьць людзей. Іншы наш слухач, Кастусь Сырэль з Вушачаў, адшукаў у архіве выпуск “Паштовай скрынкі” за 4 ліпеня мінулага году. Ён тады пісаў (цытую):
“Лукашэнка можа выступіць у звыклым для сябе амплуа “народнага заступніка”, вярнуўшы частку льготаў. Гэты варыянт для яго, можа, нават лепшы за першы: большую частку грошай ён усё ж атрымае. Пры гэтым рэйтынг ягоны падскочыць”.
Як бачым, прагноз спадара Сырэля цалкам спраўдзіўся. Сам слухач з гэтай нагоды піша:
“Я нічога дзіўнага ў спраўджваньні гэтага прагнозу ня бачу. Проста чатырнаццаці год прэзыдэнцтва Рыгоравіча цалкам дастаткова, каб прадказаць ягоныя хады з высокай верагоднасьцю нават такому “кухоннаму” палітыку, як я. Гэта як у шахматах “кіндэр мат”.
Таму зусім няцяжка было прадказаць заяву Рыгоравіча агенцыі Reuters адносна чацьвертага прэзыдэнцкага тэрміну. Няцяжка прадказаць, напрыклад, калі вызваляць Аляксандра Казуліна (я пісаў пра гэта на Свабоду): як гэта ні сумна, але ніяк не раней за “элегантную перамогу” Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году.
Нядаўна зьявілася новая навука — тэорыя хаосу, згодна зь якой існуе такі фэномэн, як “эфэкт матылька”: узмах крыла матылька ў амазонскіх джунглях можа выклікаць тарнада ў Тэхасе. Зусім як у апавяданьні Рэя Брэдберы “І грымнуў гром”, толькі згодна з тэорыяй хаосу “эфэкт матылька” — гэта не фантастыка, а дакладны матэматычны разлік, — піша Кастусь Сырэль з Вушачаў. — Гісторыя ведае нямала прыкладаў, якія пацьвярджаюць гэта. Напрыклад, штуршком для пачатку Першай сусьветнай вайны паслужыла так званае “сараеўскае забойства” (зьвяртаю ўвагу: не прычынай, а штуршком!). Мяркую, што штуршком да развалу СССР стала ўтварэньне ГКЧП і ізаляцыя Гарбачова ў Фаросе. Хто б мог, скажам, у 70—80-я гады нават уявіць, што празь непрацяглы час магутная дзяржава пэнкне, як мыльная бурбалка!
Так і ў выпадку з нашай краінай — магчыма, адбудзецца нейкі штуршок, нейкая падзея, якую мы ня можам сёньня нават уявіць і якая крута паверне аглоблі гісторыі зусім у іншым кірунку. Здаецца, і перадумовы для гэтага ўжо сасьпелі. У цікавы час жывём, панове!”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Сапраўды, спадар Кастусь, такі штуршок можа адбыцца ў самы нечаканы момант, і падстава для яго часам выглядае непераканаўчай і другараднай. Але калі плод сасьпеў і перасьпеў — то немінуча ўпадзе долу з галіны, незалежна ад таго, што стане апошнім штуршком — лёгкі павеў ветру ці дажджавая кропля...
Іншая справа, што перасьпеласьць, здараецца, бывае абманлівай. У сярэдзіне 90-х гадоў мне давялося пабываць на Кубе. Многія маладыя кубінцы ў прыватных размовах казалі, што чакаюць — не дачакаюцца: рэжым Кастра вось-вось паваліцца. Усе перадумовы для гэтага — відавочныя. І вось мінула паўтара дзесяцігодзьдзі. Перадумовы — усё тыя ж. І рэжым, зь некаторымі касмэтычнымі праўкамі, — той жа.
Вядома, некалькі дзесяцігодзьдзяў для гісторыі — імгненьне. Агульных тэндэнцыяў і законаў грамадзкага разьвіцьця гэта не мяняе. Але чалавек вымушаны ўсё вымяраць маштабамі ўласнага жыцьця.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by