Пракуратура завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы аб дзеяньнях супрацоўнікаў ДАІ падчас інцыдэнту на шашы Мікашэвічы-Менск, які атрымаў у прэсе назву “жывы шчыт”.
Днямі справу перададуць у суд Менскага раёну, паведамілі сьледчыя. Нечакана для пацярпелых ў выніку інцыдэнту удвая зьменшылася колькасьць міліцыянтаў, якіх прыцягваюць да адказнасьці.
Сёньня пацярпелых ў справе пра “жывы шчыт” і іх адваката запрасілі ў пракуратуру Менска. Адвакат Вера Страмкоўская:
“Усё, нас азнаёмілі са справай. Абвінавачаньне выстаўленае паводле часткі 1 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу двум міліцыянтам. Вінаватымі яны сябе не прызнаюць, зразумела. Там усяго стратаў вызначана на 250 мільёнаў. Уключна з аўтамабілям ДАІ. Мы яшчэ будзем заяўляць маральныя страты на 50 мільёнаў кожны”.
Нагадаю, 2-га сакавіка пад Менскам міліцыянты прымусілі кіроўцаў паставіць свае прыватныя аўтамабілі ўпоперак Слуцкай шашы, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу. Людзям нічога не патлумачылі – яны заставаліся ў машынах, у тым ліку дзеці. Але Раман Мянцюк, за якім палявала ДАІ, не спыніўся і на ўсёй хуткасьці ўдарыўся ў “жывы шчыт”. Ніхто не загінуў, але некалькі чалавек атрымалі траўмы, адна жанчына патрапіла ў шпіталь.
Супрацоўнікі ДАІ спачатку ад усяго адмаўляліся, і толькі пасьля абурэнай рэакцыі ў грамадзтве была заведзеная крымінальная справа. Адвакат Вера Страмкоўская, да якой першай і зьвярнуліся пацярпелыя, адзначае: з чатырох падазроных у справе засталіся толькі два – супрацоўнікі ДАІ Ліхтаровіч і Даўгакупец. Адвакат заўважыла разыходжаньні ў паказаньнях міліцыянтаў, дадзеных адразу пасьля інцыдэнту і падчас сьледзтва:
“Спачатку той жа Ліхтаровіч казаў, што ён выходзіў на шашу, махаў ім жэзлам, і яны спыняліся. Гэта было агучана і кіраўніцтвам ДАІ. А потым у яго зьявілася вэрсія, што ўвогуле ён нікога не спыняў, маўляў, яны самі спыніліся”.
Таксама абаронца пацярпелых заўважае, што, паводле сьледзтва, “жывы шчыт” – разавая памылка міліцыянтаў, між тым ужо дастаткова фактаў, якія сьведчаць, што падобную практыку ўжывалі і раней.
“Мы будзем аспрэчваць у судзе кваліфікацыю дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ на больш сур’ёзную”, – кажа Вера Страмкоўская.
Прадпрымальнік зь Менску Юры Пашкевіч, чый аўтамабіль найбольш пацярпеў, зьдзіўляецца: чаму па-за ўвагай сьледзтва засталіся тыя, хто аддаваў супрацоўнікам ДАІ загады ставіць “жывы шчыт”?
“Ня сам жа супрацоўнік ДАІ аддаваў сабе такі загад і рабіў гэтае здарэньне?”
У ДАІ Менска кажуць, што да суду вынікі расьсьледаваньня справы не камэнтуюць.