Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін са сьведак на “Працэсе 14-ці” будаваў “жывы шчыт”


Сёньня а 10 раніцы ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачалося трэцяе пасяджэньне суду, які называюць “Працэс 14-ці”.

Маладых людзей абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца 10 студзеня пад час акцыі прадпрымальнікаў. Андрэя Кіма трымаюць пад вартай. Яго абвінавачваюць у пагрозе міліцыянту, калі быў разгон акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. У справе дапыталі сьведак з боку абвінавачаньня і азнаёміліся зь пісьмовымі матэрыяламі крымінальнай справы. Сёньня будуць праглядаць відэаматэрыялы акцыі.

На трэцяе паседжаньне суду а 10 раніцы зноў прыйдуць сябры, сваякі і паплечнікі дзесяці абвінавачаных у масавых беспарадках моладзевых актывістаў. Цяпер судзяць дзесяць чалавек, а яшчэ чатырох – Паўла Вінаградава, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку і Міхаіла Субача – будуць судзіць пазьней, бо яны своечасова не азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы.

Учора падчас агляду пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы выявіліся супярэчлівыя паказаньні ў розны час пацярпелага міліцыянта Ігара Сычова. У рапарце ён указаў, што яму паказалі ў міліцыі Андрэя Кіма і сказалі Сычову, што гэта той чалавек, які яго ўдарыў. Пазьней ён казаў, што бачыў, як Андрэй яго наўмысна ўдарыў і схаваўся ў натоўпе. Потым ён назваў яшчэ дзьве вэрсіі. На заўвагу адвакаткі пра відавочныя несупадзеньні і супярэчлівыя паказаньні, судзьдзя і пракурор заявілі, што пацярпелага не папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць за ілжывыя паказаньні.

Што ж тычыцца паказаньняў асноўнага сьведкі супрацоўніка ДАІ Карзюка,
(ён, дарэчы зьяўляецца фігурантам справы “Жывы шчыт”, якая атрымала гучны рэзананс у грамадзтве), то ён сваімі паказаньнямі ўнёс яшчэ большую блытаніну ў матэрыялы справы супраць Андрэя Кіма.

Абурэньне выклікалі й лічбы ўрону, якія падаў Камітэт эканомікі. Паводле яго зьвестак, гандлёвыя прадпрыемствы страцілі каля 125 мільёнаў рублёў з-за дэманстрацыі ў цэнтры Менску.

Але самыя нэгатыўныя эмоцыі выклікаў выступ намесьніка кіраўніка менскай ДАІ Максіма Падбярозкіна, які назваў акцыю прадпрымальнікаў 10 студзеня вакханаліяй. Ён сьцьвярджаў, што ўдзельнікі акцыі былі нападпітку, нецэнзурна лаяліся і кідаліся ў бойку з міліцыянтамі.

Гаворыць Уладзімер Сяргееў:

“Мяне вельмі ўразіла ілжэсьведчаньне спадара Падбярозкіна, які казаў, што ад нас быў перагар, што мы не прапускалі “хуткую дапамогу”, што інцыдэнт, калі зьбілі міліцыянта, адбыўся 10 студзеня. Ён ня толькі блытаўся ў фактах, але й наўмысна хлусіў. Ужываў такія словы, як “асобы цынізм”, “вакханалія”. Судзьдзя яму патакала і пракурор таксама”.

Сёньня заплянаваны прагляд відэастужкі пра акцыю прадпрымальнікаў. У матэрыялах крымінальнай справы ёсьць інфармацыя аб тым, што Белдзяржтэлерадыёкампанія перадала сьледзтву ўсе відэаматэрыялы. Апроч таго, у справе ёсьць раздрукоўкі з розных інфармацыйных інтэрнэт-сайтаў пра вулічную акцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG