Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 14 траўня. Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.
Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію агенцтву “Reuters”. Як можна пракамэнтаваць ягоны намер балятавацца на чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін? Ці зьявяцца апазыцыянэры ў Палаце прадстаўнікоў? Як тлумачыць Лукашэнка дрэнныя дачыненьні Беларусі з Захадам?
Чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін?
Валер Карбалевіч: “У інтэрвію Лукашэнкі агенцтву “Reuters”, магчыма, найбольшую цікавасьць выклікаў тэзіс пра ягоны намер балятавацца на чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін. Падаецца, што для палітызаванай публікі нічога нечаканага тут няма. Наадварот, сэнсацыю б выклікала, калі б Лукашэнка заявіў нешта процілеглае. Тым ня менш, гэта першая публічная заява наконт гэтага. Як сказаў Лукашэнка, “разьлічвайце на горшае”. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заяву?”
Аляксей Кароль: “Сапраўды, калі Лукашэнка зьняў канстытуцыйную перашкоду балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, то стала зразумела, што будзе і чацьвёрты, і пяты, і іншыя.
Але цікава, чаму менавіта цяпер Лукашэнка пра гэта заявіў. На мой погляд, гэтая заява адлюстроўвае сёньняшні стан няўпэўненасьці кіраўніка дзяржавы. Ён імкнецца прыпыніць усякія сумненьні і хістаньні ў грамадзтве, сьцьвердзіць, што ён застаецца, нікуды не сыходзіць”.
Аляксандар Старыкевіч: “Я мушу вас расчараваць. Гэта ня першая заява наконт чацьвёртага тэрміну. У лютым 2007 году ў інтэрвію таму ж агенцтву “Reuters” Лукашэнка заявіў, што мае намер зарэкамэндаваць сябе як надзейнага партнэра на доўгія гады, улічваючы пляны балятавацца на чацьвёрты тэрмін. Калі гэта будзе залежаць толькі ад беларускага кіраўніка, то ён сапраўды пойдзе і на чацьвёрты, і на пяты, і іншы”.
Ці зьявяцца апазыцыянэры ў Палаце прадстаўнікоў?
Карбалевіч: “Шмат увагі аддаў Лукашэнка ў сваім інтэрвію выбарам у Палату прадстаўнікоў. Прагучалі звыклыя разважаньні, што апазыцыя не карыстаецца падтрымкай народу, што яе рэйтынг знаходзіцца на ўзроўні арытмэтычнай памылкі.
Але вось што цікава: адначасова было заяўлена, што ён нібыта ня супраць, каб некалькі апазыцыянэраў апынуліся ў парлямэнце, каб нас не папракалі. Маўляў, ад гэтага парлямэнт не сапсуецца. Што гэта азначае? Што прынятае рашэньне адабраць некалькі апазыцыянэраў і прапусьціць іх у Палату прадстаўнікоў? Або гэта звычайная рыторыка для заходняй аўдыторыі, якая нічога ня значыць?”
Кароль: “Словы і рэальнасьць — розныя рэчы, асабліва ў дачыненьні да Лукашэнкі. Сапраўды, ягоныя заявы даволі супярэчлівыя. Як вядома, сьпісы кандыдатаў складаюцца загадзя, па некаторых зьвестках — за два гады да выбараў. Падаецца, Лукашэнка яшчэ ня вызначыўся, ці прапускаць апазыцыянэраў у Палату прадстаўнікоў, а калі прапускаць, то колькі.
Трэба стварыць тыя ўмовы выбараў, у якіх Лукашэнка балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. І тады мы маглі б вызначыць, наколькі апазыцыя слабая”.
Старыкевіч: “Па-першае, трэба вызначыць, каго лічыць апазыцыянэрам. Можна ў Палату прадстаўнікоў запусьціць дзесяць Абрамавых і назваць гэта апазыцыяй. Але гэта фікцыя.
Па-другое, нельга заявы Лукашэнкі разглядаць усур’ёз. Колькі іх было за гэтыя гады? У якасьці прыкладу возьмем тое ж леташняе інтэрвію агенцтву “Reuters”. Там ён заяўляў, што неўзабаве выставіць рахунак Расеі на 5 мільярдаў даляраў. Але гэтага ня зроблена.
Таму гэта звычайная рыторыка. Не выклікае сумненьняў толькі адно: хто б ні апынуўся ў Палаце прадстаўнікоў, выбары пройдуць пад паўнавартасным кантролем адміністрацыі прэзыдэнта”.
Карбалевіч: “А можа, гэта такі хітры тактычны ход? Цяпер у асяродзьдзі апазыцыі раздаюцца заклікі да байкоту выбараў. І вось Лукашэнка робіць такую заяву, каб заахвоціць апазыцыю ўдзельнічаць у выбарах. А насамрэч усё пройдзе як звычайна”.
Кароль: “Ня думаю, што Лукашэнка імкнецца заахвоціць апазыцыю. У той мадэлі выбараў, якая зацьвердзілася ў Беларусі, можна абысьціся ня толькі без апазыцыі, але і без электарату. Хутчэй такія заявы разьлічаныя на Захад. Цяпер для Лукашэнкі важна, каб выбары прызналі заходнія краіны”.
Старыкевіч: “Каб заахвоціць апазыцыю, трэба нешта большае, чым заявы Лукашэнкі. Патрэбны рэальныя крокі ў гэтым кірунку. Таму наўрад ці гэтыя словы неяк паўплываюць на апазыцыю, дый на Захад”.
Дачыненьні Беларусі з Захадам
Карбалевіч: “Шмат увагі аддаў Лукашэнка пытаньню дачыненьняў Беларусі з Захадам. Падалося, што пазыцыя Менску стала больш жорсткай і непрымірымай. Маўляў, гэта заходнія краіны вінаватыя ў дрэнных стасунках. Яны будуюць заслону, адгароджваюцца, імкнуцца расхістаць мост (то бок Беларусь), які злучае Расею з Эўропай.
Таму, каб дачыненьні палепшыліся, Захад павінен зьмяніць сваю палітыку.А Беларусь ніякіх крокаў насустрач рабіць не зьбіраецца. Маўляў, мы ўжо ўсё зрабілі, калі вызвалілі пяць палітзьняволеных. Цяпер гэтая тэма закрытая. Як вы ацэньваеце такія падыходы? Чым яны тлумачацца?”
Кароль: “Такія тэзісы Лукашэнка выказваў шмат разоў — казаў, што ў нас дэмакратыі гэтулькі ж, як і ў краінах Эўразьвязу. Што тычыцца жорсткай рыторыкі, то яна была прадвызначана дыпляматычным канфліктам з ЗША. Лукашэнка разьлічвае, што ЭЗ не далучыцца да эканамічных санкцый Злучаных Штатаў.
Зьявіліся два новыя палітвязьні. Зьвярніце ўвагу, што Лукашэнка за кароткі час шмат разоў узгадвае Казуліна. Гэта, магчыма, міжволі выдае ягоную трывогу: менавіта Казуліна Лукашэнка лічыць галоўным праціўнікам”.
Старыкевіч: “Існуе пэўны набор клішэ пра дачыненьні з Захадам, якія агучваюцца ва ўсіх інтэрвію Лукашэнкі заходнім мэдыям. Ён ня супраць таго, каб супрацоўнічаць, але на беларускіх умовах. Дарэчы, гэтае апошняе інтэрвію было адным з самых нецікавых апошнім часам”.
Кароль: “Лукашэнка дэманструе хістаньне сваёй палітыкі. Ён паказвае, што Захад яму патрэбны. Падтрымка Расеі не такая моцная, каб дазволіла яму разьвярнуцца толькі ў адзін бок. Таму ён няўпэўнены, хістаецца паміж Захадам і Расеяй”.
Чаму Лукашэнка стаў часта даваць інтэрвію заходнім мэдыям?
Карбалевіч: “Апошнім часам, прынамсі, апошнія паўтара года, Аляксандар Лукашэнка даволі часта дае інтэрвію заходнім мэдыям. Ці гэта іх цікавасьць да асобы беларускага лідэра ўзрасла, ці сам кіраўнік Беларусі імкнецца выказаць сваю думку заходняй аўдыторыі?”
Старыкевіч: “Лукашэнка спрабуе больш, чым раней, балянсаваць паміж Расеяй і Захадам. Маскву ён палохае тым, што сыдзе на Захад, а заходнія краіны пужае далучэньнем да Расеі. Гэта таксама ня новы трэнд. Але ў 2007—2008 гадах ён пэрыядычна падмацоўвае гэтую дыпляматычную гульню сваімі заявамі”.
Кароль: “Гэта ўсё піяр-акцыі дзеля стварэньня пэўнага іміджу ў межах балянсаваньня паміж Расеяй і Захадам. Магчыма, гэтыя інтэрвію і арганізуюцца беларускім бокам”.