Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля распачаты разгляд пазову раённай падатковай інспэкцыі аб прымусовым спагнаньні зь мясцовага актывіста стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастуся Жукоўскага 2 мільёнаў 115 тысяч рублёў падаткаў.
Інспэктары лічаць, што сума выдаткаў Кастуся Жукоўскага, у прыватнасьці, на набыцьцё дамка ў Гомелі, перавышае задэкляраваныя даходы за апошнія пяць гадоў. Адсюль і патрабаваньне сплаціць 2 мільёны 115 тысяч рублёў падаходнага падатку.
Гаворыць спадар Жукоўскі:
“Гэта ўжо трэцяя спроба падатковай інспэкцыі спагнаць зь мяне звыш 2 мільёнаў рублёў падатку. Яны прывязаліся да таго, нібыта я ня сплачваў падаткі цягам свайго жыцьця. Летась мяне запрасілі ў інспэкцыю даць тлумачэньне. Я набыў хаціну, якая была ў згарэлым стане. Можна сказаць, дзеля пляцу, бо саму хаціну прыйшлося разабраць. Грошы я зьбіраў цягам жыцьця — падпрацоўваў, дапамагалі мае бацькі. Мне сказалі: ты падай паперы на кожную сваю капейку”.
У дэклярацыі пра даходы спадар Кастусь пазначыў і суму грошай, падараваную на вясельле сваякамі з Украіны. Супраць яго распачалі адміністрацыйную справу за атрыманьне і выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі без рэгістрацыі ў Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці. Акурат за гэта суд аштрафаваў Жукоўскага на 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Цяпер — новая справа.
Пытаюся ў намесьніка начальніка падатковай інспэкцыі Канстанціна Трацэўскага: ці было, на яго думку, справядлівым рашэньне наконт спагнаньня дадатковых падаткаў і штрафаў са спадара Жукоўскага?
Трацэўскі: “Што значыць — справядліва ці несправядліва? Падатковая службы не бярэ зь неба зьвесткі, каб паводле іх пасьля даналічваць сумы. Падаткі былі даналічаныя паводле тых дакумэнтаў, якія падаў нам Канстанцін Жукоўскі. Вы ж зразумейце: мы ня можам працаваць паводле прынцыпу: хачу — раблю так альбо інакш. Мы кіруемся законам, а ён лічыць па-іншаму. Няхай суд разьбіраецца, за кім праўда”.
Карэспандэнт: “Ці былі ў Гомелі яшчэ выпадкі, калі жаніха змушалі плаціць падатак за атрыманыя на вясельлі падарункі?”
Трацэўскі: “Выпадкі здараюцца розныя... Мы цяпер гаворым толькі пра гэты канкрэтны выпадак”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка выказвае сваю думку наконт чарговай судовай справы ў дачыненьні да актывіста Жукоўскага:
“У прэтэнзіях падатковай інспэкцыі да Кастуся Жукоўскага багата нацяжак. Інспэктары ня ўлічваюць шэсьць гадоў працы ў структуры аб’яднаньня “Беларуснафта”, дзе, як вядома, заробкі неблагія. Чаму так робяць падаткоўцы, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, гэтыя прэтэнзіі зьвязаныя з грамадзкай дзейнасьцю Кастуся Жукоўскага”.
Тым часам у судзе спадар Жукоўскі запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову, паколькі судзьдзя Цэнтральнага раёну Аркадзь Калугін справу пра спагнаньне падаткаў пачаў весьці на расейскай мове.
З-за адсутнасьці перакладчыка ў судзе разгляд справы супраць спадара Жукоўскага перанесены на 4 чэрвеня.
Кастусю Жукоўскаму 32 гады, ён жыве ў Гомелі, працуе таксістам. Жанаты, мае маленькую дачку. Як грамадзкі актывіст уваходзіць у арганізацыйны камітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
4 лютага суд Савецкага раёну Гомеля аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 50 базавых велічынь за грашовы падарунак, які той атрымаў на вясельле.
Кастуся Жукоўскага затрымлівалі 14 сакавіка падчас канцэрту гурту NRM у гарадзкім цэнтры культуры. На канцэрце Кастусь раздаваў паштоўкі зь віншаваньнем і запрашэньнем узяць удзел у сьвяткаваньні юбілею БНР 25 сакавіка ў Менску. За гэта судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага 14 суткамі арышту й штрафам на 700 тысяч рублёў.