Патрабаваньне Літвы аднавіць транзыт нафты па расейскім нафтаправодзе “Дружба” будзе ўключана ў мандат перамоваў пра новае пагадненьне Эўразьвязу з Расеяй.
Пра гэта дамовіліся міністры замежных справаў Літвы і Славеніі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, а таксама Польшчы і Швэцыі. Паводле незалежных аглядальнікаў, афіцыйны Менск у пытаньні “Дружбы” заняў пазыцыю маўчаньня.
Некаторыя расейскія мэдыі падалі, што Літва адмовілася ад свайго вэта на пачатак перамоваў Эўразьвязу з Расеяй. Аднак намесьніца дырэктара дэпартамэнту інфармацыі літоўскага Міністэрства замежных справаў Дайвэ Рымашускайтэ зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Яна сказала, што літоўскі бок тут не пайшоў на якія-колечы саступкі.
“Міністры ўзгаднілі прынцыповыя пазыцыі, дамовіліся ўключыць у мандат перамоваў асноўныя прапановы Літвы. Цяпер гэтую дамоўленасьць павінны ўхваліць іншыя краіны ЭЗ. У прынцыпе, у гэтым мандаце будуць адлюстраваныя ўсе ўзьнятыя Літвой пытаньні. І нафтаправод “Дружба”, і прававое супрацоўніцтва, у тым ліку справы 13 студзеня і падзеі ў Мядзінінкаі, і расьсьледаваньні зьнікненьня грамадзянаў ЭЗ у Расеі, а таксама ўрэгуляваньне “замарожаных” канфліктаў у Малдове і Грузіі”.
Паводле словаў літоўскага міністра, падчас сустрэчы не было дыскусіі пра тое, блякаваць перамовы ці не: ішоў пошук магчымасьцяў улічыць прапановы Літвы.
Сярод гэтых прапановаў — і аднаўленьне транзыту нафты празь Беларусь у Літву нафтаправодам “Дружба”. Адносна гэтага патрабаваньня афіцыйны Менск пакуль займае пазыцыю маўчальніка, лічыць эканамічная аглядальніца газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак. Беларускі бок асьцерагаецца страціць пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчы завод “Нафтан”.
“Таму, калі абурацца, можна страціць яшчэ больш. Беларусь знаходзіцца ў такой цікавай сытуацыі, што гучна абурацца яна ня можа. Калі б гэта было не палітычным пытаньнем, а толькі тэхнічным, то адрамантаваць аварыйныя ўчасткі гэтай трубы магчыма было б, тым болей, што ў гэтым зацікаўленыя і Літва, і Беларусь”.
Апроч таго, афіцыйны Менск напужаны тым, што Расея паабяцала пабудаваць альтэрнатыўны “Дружбе” нафтаправод — Балтыйскую трубаправодную сыстэму БТС-2.
“Пытаньне пра гэта рубам было пастаўлена на пачатку мінулага году, калі ўзьнік вельмі сур’ёзны нафтавы канфлікт Беларусь — Расея. Вось гэты канфлікт стаў стымулам тады, каб паскорыць вырашэньне пытаньня пра будаўніцтва БТС-2. І на ўзроўні палітычным Расеяй было прынятае рашэньне. Было некалькі спробаў паставіць кропку ў гэтым пытаньні. І цяпер ужо спадар Пуцін будзе вырашаць гэтае пытаньне. І беларускі ўрад будзе імкнуцца давесьці, што ён будзе паводзіць сябе прыстойна, каб ня страціць гэты транзыт. Бо гэта вельмі сур’ёзна для Беларусі, якая ўжо страціла частку транзыту”.
Паводле Яраслава Раманчука, кіраўніка Цэнтру Мізэса, нафтаправод “Дружба” — гэта адна з прынцыповых частак нафтавай палітыкі Расеі і далучэньня Беларусі ў транзытным сэнсе:
“Страты кампэнсуюцца тымі цэнамі, якія мае Беларусь ад Расеі, і аб’ёмамі перапрацоўкі. Таму пра страты тут нельга ўвогуле казаць. Бо гэты кірунак ніколі ня быў прынцыпова важны для Беларусі з пункту гледжаньня атрыманьня прыбыткаў для бюджэту”.