Віктар Валадашчук апублікаваў сёньня на сайце “Газеты Слонімскай” дакумэнт за подпісам начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова, адрасаваны загадчыку псыханэўралягічнага аддзяленьня раённай бальніцы.
Віктар Валадашчук знайшоў капэрту ў сваёй паштовай скрыні. У ёй — афіцыйны дакумэнт з выходнымі зьвесткамі й подпісам начальніка міжраённага аддзелу ўпраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці.
Гэты дакумэнт разьмешчаны на сайце. Праўда, сьпіс жыхароў, акрамя сваіх родных, Віктар Валадашчук закрэсьліў.
Валадашчук: “Я не хачу называць прозьвішчы ўсіх людзей, бо ня ўсе з гэтым змогуць пагадзіцца. Але скажу, што там прозьвішчы тых, хто ў нас актыўна займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю”.
У адкрытым лісьце Віктар Валадашчук выказвае зьдзіўленьне тым фактам, што КДБ цікавіцца псыхічным здароўем ягоных блізкіх, і патрабуе, каб начальнік раённага КДБ патлумачыў яму прычыну.
На сайце таксама зьмешчана позва з ваенкамату, згодна зь якой Віктар Валадашчук павінен 12 траўня зьявіцца туды. Яшчэ — блянк заявы на імя ваенкома, у якім ваеннаабавязаны дае згоду на правядзеньне КДБ праверачных мерапрыемстваў у адносінах да яго, а таксама на часовае абмежаваньне ў сувязі з гэтым права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця.
Яшчэ раней Валадашчука выклікалі ў ваенкамат і паведамілі, што яго маюць забраць на вайсковыя зборы — маўляў, ён будзе служыць у сакрэтным інфармацыйным цэнтры.
Ужо некалькі месяцаў “Газета Слонімская” знаходзіцца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў працягу дамовы арэнды без тлумачэньня прычыны, а спробы знайсьці памяшканьне нават у прыватных уласьнікаў не даюць ніякага выніку.
Віктар Валадашчук лічыць, што ўсё гэта робіцца дзеля таго, каб спыніць выхад газэты.
Валадашчук: “Такім чынам спрабуюць мяне на месяц выключыць з рэдакцыйнай дзейнасьці й накіраваць на вайсковую службу. Дзеля гэтага й прыдумалі нейкі інфармацыйны цэнтар, дзе я нібыта буду працаваць з сакрэтнымі дакумэнтамі”.