Дзьмітры Мядзьведзеў заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі

Урачыстая цырымонія прайшла ў Вялікім Крамлёўскім палацы ў Маскве і цягнулася менш за гадзіну
Перад прывядзеньнем да прысягі новага прэзыдэнта Ўладзімер Пуцін, на той момант яшчэ прэзыдэнт Расеі, прамовіў разьвітальнае слова. “Складаючы зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, хацеў бы таксама сказаць: для мяне абяцаньне берагчы Расею было і застаецца найвышэйшым грамадзянскім абавязкам. Я яго спаўняў усе гэтыя гады і буду спаўняць усё жыцьцё” — сказаў Пуцін.

Затым, усклаўшы правую руку на адмысловы асобнік Канстытуцыі Расеі, які захоўваецца ў прэзыдэнцкай бібліятэцы, Дзьмітры Мядзьведзеў прамовіў тэкст прысягі. Пасьля гэтага старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Зоркін абвясьціў, што Дзьмітры Мядзьведзеў афіцыйна заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі. Зайграў гімн Расеі ў выкананьні аркестру і хору, і над рэзыдэнцыяй кіраўніка дзяржавы пачаў уздымацца прэзыдэнцкі штандар.

Новы прэзыдэнт Расеі зьвярнуўся з кароткім словам да суайчыньнікаў. “Я зраблю ўсе, каб бясьпека грамадзянаў была ня толькі гарантавана законам, але і рэальна забясьпечана дзяржавай”, — сярод іншага сказаў ён.

****

Цытаты з выступаў Дзьмітрыя Мядзьведзева

Пра прыватную ўласнасьць

Прыватная ўласнасьць – надзвычай важная канструкцыя, яна належыць да фундамэнтальных правоў чалавека. Калі мы не навучымся яе паважаць і абараняць, як гэта робяць ва ўсім сьвеце, мы так і будзем заставацца ў адсталасьці і спусташэньні.

Пра “сувэрэнную дэмакратыю”

Калі да слова “дэмакратыя” прыстаўляюць нейкія вызначэньні, гэта стварае дзіўны прысмак.

Пра свабоду

Свабода лепш, чым несвабода… Лічу дасягненьне гармоніі паміж свабодай і правапарадкам самым важным на гэтым этапе . На гэтую тэму яшчэ імпэратрыца Екацярына ІІ пісала: “Свабода – душа ўсяго, безь цябе ўсё мёртвае. Я хачу, каб падпарадкоўваліся законам, але не законам рабоў”.

Пра пастаўкі газу Беларусі

Пераход на новую сыстэму цэнаўтварэньня дазволіць выключыць тыя недагаворанасьці, якія прысутнічаюць у любым эканамічным дыялёгу: хто за чый кошт жыве, хто каму недаплаціў, хто ў каго больш адкусіў.

Пра юрыдычную сыстэму

Ніхто не павінен умешвацца ў рашэньні суду, ні афіцыйныя асобы, якія сядзяць у маленькім раёне дзе-небудзь у сібірскім гарадку, ні людзі, якія працуюць у Крамлі.

Пра Расею і дэмакратыю

Расея – эўрапейская краіна. Яна абсалютна здольная разьвівацца разам зь іншымі дзяржавамі, якія абралі для сябе шлях эўрапейскага разьвіцьця.

Пра ўдзел чыноўнікаў у эканоміцы

У мяне няма інфармацыі, што расейскія спэцслужбы канкуруюць за багацьце. А калі я атрымаю інфармацыю, што прадстаўнікі любой праваахоўнай структуры займаюцца канкурэнцыяй ці барацьбой за матэрыяльныя даброты, такія людзі будуць адразу звольненыя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці.

Пра адносіны з Уладзімерам Пуціным

Нас зьвязваюць сяброўскія адносіны, адносіны даверу, а гэта вельмі важна ў палітыцы. Толькі так і магчыма вырашаць надзвычай цяжкія праблемы, якія стаяць перад расейскай дзяржавай і грамадзтвам.

Пра сыстэму ўлады ў Расеі

Наша краіна была і застанецца прэзыдэнцкай рэспублікай... Няма ніякіх двух, трох ці пяці цэнтраў. Расеяй кіруе прэзыдэнт, а ён паводле Канстытуцыі можа быць толькі адзін.