Міністар замежных спраў Францыі Бэрнар Кушнэр прыняў у Парыжы Аляксандра Мілінкевіч і Іну Кулей.
Бэрнар Кушнэр заявіў, што будзе рабіць усё, каб палітыка Эўразьвязу стала максымальна салідарнай з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У гэтым спадар Кушнэр запэўніў лідэра незарэгістраванага руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча і старшыню камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іну Кулей падчас прыёму ў МЗС Францыі. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Аляксандра Мілінкевіча.
Зь ліпеня гэтага году Францыя будзе старшыняваць у Эўразьвязе. Паводле францускага міністра яго краіна мае намер шырока выкарыстоўваць досьвед новых дзяржаваў-чальцоў Зьвязу для падтрымкі дэмакратызацыі Беларусі.
Паводле Мілінкевіча падчас сустрэчы закраналіся такія тэмы, як падтрымка рэпрэсаваных, разьвіцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі (радыё, Інтэрнэт-выданьні, тэлебачаньне, мясцовыя бюлетэні), падтрымка моладзевых і адукацыйных праектаў.
Лідэр руху "За Свабоду" падкрэсьліў, што 12 прапановаў Эўразьвязу беларускаму народу і ўраду — гэта абсалютна неабходныя і маральныя патрабаваньні. Паводле Мілінкевіча, першай павінна быць вырашаная праблема вызваленьня палітычных вязьняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
У часе гутаркі таксама абмяркоўвалася тэма будаўніцтва АЭС у Беларусі.