Радаўніца ў Курапатах <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Курапаты — адна з многіх мясьцінаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Курапаты сталі своеасаблівым сымбалем — менавіта сюды звычайна прыходзяць людзі, якія ня ведаюць, дзе пахаваныя іх родныя і блізкія.
Сёньня ў Курапатах шмат людзей. Са сьвечкамі, зьнічкамі, кветкамі. Распавядае сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Валер Буйвал.

Буйвал: “Сёньня прыйшлі людзі, і будуць прыходзіць цягам дня, бо сёньня Радаўніца, сьвяты дзень памінаньня продкаў. Сьвядомыя беларусы, у каго ёсьць памяць, ідуць у Курапаты, на гэта сьвяшчэннае месца, народны мэмарыял. Мы ўпрыгожылі крыжы ручнікамі, пасадзім кветачкі. Людзі прыходзяць са сьвечкамі, запалім зьнічкі. Не забываюць беларусы пра гэта сьвятое месца”.

Аліна Дуброўская і Ядвіга Плавінская бываюць у Курапатах кожную суботу, прыбіраюць тэрыторыю, даглядаюць кветкі. Зараз тут зацьвілі тульпаны і нарцысы.

Карэспандэнтка: “Амаль каля кожнага крыжа — маленькія нацыянальныя польскія сьцяжкі і сьцяжкі горада Познані. Хто тут быў?”

Дуброўская: “Кожны год сюды вяртаюцца байкеры польскія. Калі яны вяртаюцца з Катыні, абавязкова заяжджаюць сюды, у Курапаты, лямпадкі прывозяць прыгожыя, кветкі, сьцяжкі. Ушаноўваюць памяць”.

Плавінская: “Для іх тут сьвятое месца, бо тут расстраляныя людзі розных нацыянальнасьцяў, у тым ліку і палякі. Палякі шануюць памяць, кожны год яны тут бываюць”.

Дзьмітрый і Вольга Шаблінскія ўсталявалі ў Курапатах крыж сваім родным, расстраляным тут 7 сакавіка 1938 году. Прыйшлі зь вялікім ахапкам чырвоных тульпанаў, паклалі кветкі на лаву Клінтана, каля вялікага сямімэтровага Крыжа Пакуты, астатнія панесьлі да свайго крыжа.

Карэспандэнтка: “Пад гэтым крыжам — гэта хто?”

Шаблінскі: “Мой дзед, Януля Андрэевіч, родны дзед. А гэта ягоныя браты Іван, Аляксандар і Канстанцін Мінкевічы. Чатыры браты”.

Карэспандэнтка: “І па колькі гадоў ім было?”

Шаблінскі: “Самаму старэйшаму 41, самаму малодшаму 34. І жылі яны ў вёсцы Масьцішча Забалацкага сельсавету Смалявіцкага раёну”.

Карэспандэнтка: “І ніякай палітыкай не займаліся?”

Шаблінскі: “Якая палітыка ў вёсцы? Мой дзед быў шляхцічам, мая бабка распавядала, што некалі цара ахоўваў у Піцеры. Бабуля казала, што набраўся гэтых ідэй, першы за калгас быў. У калгас уступілі, і тут пачалося! Яны, канечне, абураліся. За гэта іх і арыштавалі”.

Карэспандэнтка: “Вы былі ў КДБ і бачылі іх справу. Не хацелася камусьці адпомсьціць, кагосьці пакараць?”

Шаблінская: “Бог пакарае, ужо пакараў”.

Шаблінскі: “Так, Бог пакараў тых людзей, якія гэта зрабілі. І тая ж улада сама сябе пакарала, што тут казаць. Развалілася, і ўсё...”

У Курапатах рыхтуюцца да Радаўніцы

Аліна Дуброўская і Ядвіга Плавінская

У Курапатах цьвітуць туліпаны

Вольга і Дзьмітры Шаблінскія ўсталявалі крыж сваім дзядам

Лава Клінтана

Вольга Шаблінская моліцца за ўсіх бязьвінна загіблых

Кветкі памяці