Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды слова?

Тэма грамадзкага рэдактара тыдня.

Грамадзкі рэдактар тыдня Жана Літвіна ўзначаліла “Беларускую асацыяцыю журналістаў” ўзначаліла ў 1995-м, калі незалежныя СМІ ўпершыню мусілі друкавацца за мяжой і фактычна пачаўся пасьлядоўны перасьлед свабоднай прэсы, выцісканьне яе зь інфармацыйнай прасторы краіны. Невыпадкова спадарыня Літвіна замовіла нашым журналістам падрыхтаваць тэматычную перадачу – “Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды слова?”

Вэрсія рэдактараў: “Абыякавасьць да прэсы – вынік яе вяртаньня ў часы СССР”

Паводле амэрыканскага дасьледчага цэнтру “Freedom House”, у Індэксе Свабоды слова Беларусь займае сёлета 188-е месца ў сьвеце (з 195-ці), што на дзьве прыступкі ніжэй леташняга. Ужо шмат гадоў яна знаходзіцца ў катэгорыі краін, дзе свабодныя мэдыі ці адсутнічаюць наагул, ці распаўсюджваюцца ў мізэрнай колькасьці. Нават сярод несвабодных дзяржаваў, якіх аўтары дакладу налічылі 64, Беларусь знаходзіцца бліжэй да канца сьпісу, у кампаніі з Узбэкістанам, Кубай, Туркмэністанам, Бірмай і Паўночнай Карэяй – яна замыкае сьпіс.

Уладзімер Базан
“Витебский курьер” перастаў выходзіць два гады таму – рэдакцыю дадушылі немагчымасьцю наладзіць распаўсюд і адсутнасьцю юрыдычнай адрэсы. Былы рэдактар Уладзімер Базан перакананы, што свабоды прэсы ў Беларусі няма: маўляў, такая ўлада.

Карэспандэнт: “Ці можа грамадзтва неяк паўплываць, адрэагаваць на абмежаваньні свабоды друку?”

Базан: “У прынцыпе, так. Але яно ня будзе гэтага рабіць. То бок ім быццам бы і не ўсё роўна: калі яны сядзяць на кухнях, то абураюцца. Але каб самім што-небудзь рабіць – не, не!”

Карэспандэнт: “Ці былі нейкія захады, выступленьні ў вашу абарону?”

Базан: “Так. Быў ліст, падпісаны тысячамі людзей, і што? Зь іншага боку, ніхто ня выйшаў на мітынг. Яны спачуваюць: кожны дзень у горадзе сустракаю людзей, якія кажуць мне камплімэнты пра тое, што было. Але ж ніхто зь іншых ня выйшаў… Ніхто, на жаль”.

Тацяна Мельнічук
Тацяна Мельнічук
восем гадоў была рэдактарам незалежнай газэты “Беларуская маладзёжная” – з 1994 па 2002. Потым тыднёвік закрылі.

“Мне здаецца, што пасьля часоў перабудовы, калі друкаванае слова было ўзахлын, калі друкаваным словам не маглі нацешыцца, калі верылі ўсяму, што друкуецца, вось пасьля гэтага, зь вяртаньнем пры пэўных уладных умовах савецкага адчуваньня, што друк кажа так, як гэта выгодна і як хочацца начальству, пасьля гэтага прыйшло такое абыякавае стаўленьне да друкаванага слова.

З аднаго боку, калі вельмі прыцісьне, бягуць да прэсы, да журналістаў. З другога, пануе такая думка: “Ну, брашыце, кажыце, што хочаце…” І таму, можа, грамада ня мае пэўнай патрэбы бараніць журналістаў. І грамада ня мае пэўнага вопыту абароны друкаваных органаў і вольнага слова. І таму самі па сабе журналісты, СМІ, і сама па сабе грамада, якая адчувае патрэбу ў дапамозе журналістаў, мэдыяў, аднак пакуль ня ў стане рэалізаваць яе”.

Галоўны рэдактар “Вечернего Бреста” Ўладзімер Шпарло перакананы, што спрэчкі наконт залежных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ня маюць пад сабой ніякай падставы. Дарэчы, газэта – доўгажыхар, ёй ужо 16 гадоў. Спадар Шпарло перакананы:

Уладзімер Шпарло
“Газэта можа быць незалежнай і можа сьмела, адкрыта выступаць толькі ў адным выпадку: калі яна незалежная фінансава. І пры гэтым ёсьць яшчэ адна ўмова – рэдактар валодае пэўнай сьмеласьцю. Пакуль жа пэўная частка маіх калег-журналістаў ня вельмі прафэсійна падыходзяць да сваёй журналісцкай місіі. Змагацца за свабоду, за незалежнасьць азначае перш за ўсё змагацца за прафэсіяналізм. А з таго, што я назіраю як у лягеры недзяржаўных СМІ, так і дзяржаўных – найперш непамерныя амбіцыі”.

Карэспандэнт: “Ваша газэта – фінансава незалежная?”

Шпарло: “Так, усе 16 гадоў”.

Карэспандэнт: “Нядаўна вы атрымалі “Залатую літару”, вышэйшую ўзнагароду Міністэрства інфармацыі...”

Шпарло: “Нас увогуле сёньня немагчыма не заўважыць. З намі лічацца ўсе. Мы атрымалі віншаваньне ад губэрнатара Берасьцейшчыны з узнагародай. Тым ня менш, гэта ніколі не перашкаджала адкрыта, сьмела пісаць пра праблемы”.

Карэспандэнт: “Ці былі ў вас праблемы з уладамі можа, з-за нейкіх матэрыялаў вострых?”

Шпарло: “Праблемы былі, і шмат. Калі мы памыляліся, то знаходзілі ў сабе мужнасьць прызнаць свае памылкі, калі не памыляліся – маглі даказваць кожнаму сваю правату, у тым ліку і праз суд. Яшчэ не было такога году, каб мы ня мелі судовых працэсаў”.

Рыгор Сакалоўскі 10 гадоў быў галоўным рэдактарам газэты “Во славу Родины». Зараз – намесьнік старшыні Беларускага Саюзу журналістаў. Перакананы, што свабода прэсы ў Беларусі ёсьць, і паказчык таго – перапоўненыя паліцы шапікаў «Белсаюздруку».

Карэспандэнт: «Але пры ўсім пры тым недзяржаўныя грамадзка-палітычныя газэты ў шапіку ня купіш».

Сакалоўскі: «Я ж займаюся дзяржаўнымі СМІ, я ня ведаю, як справа ў недзяржаўных. Я валодаю сваёй сытуацыяй. Але я ня памятаю, каб хтосьці паскардзіўся нам, што дзесьці кагосьці не публікуюць. Не было такіх выпадкаў. Нават «Комсомолка» да нас зьвярталася, і мы дапамагалі, хоць яна і ня наша, але з-за карпаратыўнай салідарнасьці»

Карэспандэнт: «А чаму вы падзяляеце на «нашы – ня нашы»?

Сакалоўскі: «Я кажу: нашага Саюзу, якія плацяць складкі, ходзяць на сходы».

Карэспандэнт: «Літаральна днямі недзяржаўная газэта «Вечерний Брест” атрымала “Залатую літару”. А чаму вы не супрацоўнічае зь недзяржаўнымі газэтамі, чаму такі падзел адбываецца?”

Сакалоўскі: “Шпарло, галоўны рэдактар “Вечернего Бреста”, – сябра нашага Саюзу”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць у вас кантакты зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў?”

Сакалоўскі: “Зараз чамусьці ня стала. Мы неяк пару разоў сустрэліся, потым усё заглухла, я ня ведаю, па чыёй прычыне. Але ні мы іх, ні яны нас нідзе не крытыкуем, не падстаўляем, вы сумленна робім сваю справу”.

Камэнтуе Жана Літвіна:

“Я лічу, што адна з асаблівасьцяў нашага часу – гэта адсутнасьць рэакцыі на закрыцьцё газэт, на суды над журналістамі… У грамадзтве нічога не адбылося нават пасьля забойства Веранікі Чаркасавай!

Прычыны? Адна зь іх – заблякаваная сьвядомасьць людзей. Яны не гатовыя абараняць сваю прэсу, і мала хто з грамадзянаў усьведамляе, што адстойваючы свае правы журналісты адстойваюць права грамадзянаў на атрыманьне інфармацыі. Права сваіх чытачоў на рэальны інфармацыйны выбар. Тут дарэчы словы Валянціна Акудовіча: маўклівая большасьць грамадзянаў існуе бяз нас.

Зь іншага боку, цяжка рэагаваць на тое, пра што мала ведаеш. Да незалежнай прэсы элемэнтарна няма доступу. Адзін толькі тыповы прыклад: ніводная з 63 бібліятэк Піншчыны не атрымлівае недзяржаўнай прэсы. І калі няма магчымасьці быць ейным чытачом, то як жа яе абараняць?

Ну а ўратуе гэтую сытуацыю, мне падаецца, усьведамленьне ў першую чаргу журналістамі вольнай прэсы неабходнасьці падтрымліваць дыялёг з грамадзтвам”.


Вэрсія чытачоў: “Журналістаў шмат, яны і бяз нас у стане вырашыць свае праблемы…”

Паводле колькасьці газэт, якія выдаюцца і распаўсюджваюцца ў краіне ў пераліку на аднаго жыхара, Беларусь – сярод эўрапейскіх лідэраў. На падтрымку дзяржаўнай прэсы з рэспубліканскага бюджэту траціцца каля пяці мільярдаў рублёў. Міністар інфармацыі спадар Русакевіч нядаўна хваліўся: “У нашай краіне газэтаў выдаецца больш, чым у Кітаі. І слава Богу! Значыцца, друкаванае слова запатрабаванае, людзі шмат чытаюць”. А што думаюць пра свабоду слова і сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі самі чытачы?

Спадар: “Свабода слова павінна быць у кожным дэмакратычным грамадзтве. Важна, каб і дзяржава падтрымлівала свабоду слова, чаго ў нас няма. Калі ў нас і ёсьць свабода слова, то вельмі абмежаваная і кантраляваная. Можна ўзгадаць, што ёсьць незалежныя СМІ, якія з прычыны перасьледу ўладамі не карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. Хацелася б, каб у нас, нашыя СМІ разьвіваліся больш інтэнсіўна, каб гэты працэс падтрымлівала дзяржава. І тады, я ўпэўнены, водгук з боку грамадзтва будзе вельмі і вельмі станоўчы”.

Карэспандэнтка: “Ці свабодна працуюць сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі?”

Іншы спадар: “Я ніколі не цікавіўся гэтым пытаньнем, бо я ад гэтага вельмі далёкі. Магчыма, што так, а магчыма што не. Я ня ведаю, па праўдзе сказаць”.

Карэспандэнтка: “Ці вышлі б вы на вуліцу на знак салідарнасьці з журналістамі?”

Спадарыня: “Ня ведаю, пэўна, што не. Бо ў мяне свае клопаты і праблемы, а ў іх свае. Іх шмат, яны могуць аб’яднацца і самі вырашыць для сябе свае праблемы”.

Карэспандэнтка: “Чаму людзі не выступаюць у абарону свабоду слова ў Беларусі?”

Спадар: “З нагоды свабоды слова сытуацыя ў нас досыць цікавая. Можна сказаць, што яна абмежаваная. А чаму людзі не выступаюць супраць, то гэта таксама вялікае пытаньне. Я думаю, што ў нас праблема з народам. Людзі ці ня бачаць у гэтым патрэбы, ці проста баяцца чагосьці”.

Выказваньні камэнтуе палітоляг Валер Булгакаў:

“Сярод беларусаў няма такой генэрацыі, якая б жыла ў эпоху сапраўднай свабоды мас-мэдыяў. Наступная прычына – прымусовая дэпалітызацыя грамадзтва. Тыя галасы, якія прагучалі, мне падаецца, якраз і ілюструюць гэтую тэзу. Паліткарэктным у сёньняшняй Беларусі зьяўляецца гадаваць уласных дзяцей і капаць уласную дзялянку. І, адпаведна, не задумвацца пра такія рэчы, якія не ўваходзяць у кампэтэнцыю сярэдняга беларуса”.

Камэнтуе Жана Літвіна:

“Экспэрты БАЖу адзначаюць, што журналісты часам губляюць пачуцьцё рэальнасьці. Недзяржаўныя нават газэты гавораць з тымі, хто зь імі згодны. Яны не імкнуцца пашырыць аўдыторыю. І ў гэтым адна з праблемаў недзяржаўнай прэсы – у першую чаргу. Высьветлілася, што паміж уяўленьнямі журналістаў і чаканьнямі аўдыторыі аказваецца існуе пэўная дыстанцыя. Прычым у прынцыповых момантах.

Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што мы павінны больш гнутка рэагаваць на чаканьні сваіх прыхільнікаў. Будзе тое дасягнута – станем больш зразумелымі і ўшанаванымі ў нашым грамадзтве”.


Вэрсія палітыкаў: “Людзі зразумелі: пры гэтай уладзе ім не абараніць вольную прэсу”

Тры гады таму БАЖ абвясьціў Гарадзеншчыну “зонай зьнішчэньня прэсы”. Былі закрытыя праз суд ці задушаны іншым чынам у абласным цэнтры, Смаргоні і Ваўкавыску “Пагоня”, “Биржа Информации”, “День”, “Местная газета”, “Новая газета Сморгоні”.

Мікола Маркевіч вядомы ў вобласьці ня толькі актыўнай палітычнай дзейнасьцю – ён рэдагаваў гарадзенскую газэту “Пагоня”, якая праіснавала да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Перадвыбарчы наклад быў арыштаваны, потым гаспадарчы суд спыніў выданьне, а пазьней самога рэдактара і карэспандэнта Паўла Мажэйку пакаралі абмежаваньнем свабоды па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта Лукашэнку.

“Я памятаю, калі нас судзілі, на працэс прыходзілі сотні людзей. Улада вымушаная была некалькі дзясяткаў міліцыянтаў выстаўляць у ачапленьне — толькі каб не дапусьціць у суд людзей”.

Мікола Маркевіч падсумоўвае сказанае і робіць выснову:

“Таму сказаць, што беларускае грамадзтва зусім не рэагуе, гэта няправільна. Рэагуе, і даволі актыўна. Іншая справа, што цяперашняя ўлада проста не патрабуе зваротнай сувязі з боку грамадзтва. Фактычна тут перакуленая формула Каліноўскага. Ён заклікаў, каб быў не народ для ўраду, а ўрад для народу. А пры рэжыме Лукашэнкі ўсё робіцца наадварот. І валодаючы магутным рэпрэсіўным апаратам, рэжым фактычна ігнаруе патрэбы народу”.

Газэты ў Горадні ня толькі душылі, але й не дазвалялі зарэгістраваць новыя. А што цяпер? Кіраўнік ідэалягічнай службы гарвыканкаму Сяргей Дубавец сказаў нам, што з газэтамі – нічога новага, але 29 красавіка зарэгістраваны гарадзкі тэлеканал. Праўда, стварыў яго дэпутат гарсавету Аляксандар Ласьмінскі, і спадзявацца на нейкую альтэрнатыўную інфармацыю, бадай, не даводзіцца.

Гарадзенец, сябра БСДП Уладзімер Кісялевіч ўзгадвае, што калі ўлады спынілі падпіску на “Народную Волю”, па закліку “Грамады” падпісчыкі імкнуліся адстаяць сваё права на выданьне, зьвярталіся таксама ў суд. Але там не прымалі да разгляду гэтыя скаргі і ўсяляк стараліся не рэгістраваць. Калі пазовы дасылалі поштай, іх адпраўлялі назад, кажа Уладзімер Кісялевіч. Ягоная выснова:

“Я думаю, грамадзтва, людзі вельмі зразумелі, што не даб’юцца ніякіх вынікаў. Таму яны так і рэагуюць. Людзі ўсе зразумелі палітычную сытуацыю. Каб быў кантроль нейкі, незалежны суд ці іншыя інстытуты, каб былі ў людзей магчымасьці і шанец хоць які, то людзі б абаранялі свае правы, чаму не?”

Як партыйныя лідэры разглядаюць праблему незалежных сродкаў масавай інфармацыі? Наколькі эфэктыўнымі ім здаюцца новыя радыёстанцыі, тэлеканал, што вяшчаюць з-за мяжы і за адкрыцьцё якіх яны выступалі? Старшыня ПКБ Сяргей Калякін:

“Незалежная інфармацыйная прастора ў Беларусі цяпер адсутнічае, таму нельга размаўляць аб тым, што больш эфэктыўна – газэты, радыё ці “Белсат”. На жаль, сёньня ўсё вельмі-вельмі неэфэктыўнае. Таму праблема незалежнай інфармацыйнай прасторы застаецца актуальнай, і трэба ёй займацца ўсім, хто думае пра дэмакратычную будучыню Беларусі. Улада ўсё зрабіла, каб адсутнічала гэтая прастора”.

Спадар Калякін працягвае:

“Трохі гэтую праблему вырашае інтэрнэт, але абмежавана, паколькі, можа, толькі дваццаць адсоткаў грамадзянаў карыстаюцца інтэрнэтам. Што датычыць нашай партыі, мы ня лічым, быццам газэта “Товарищ” – орган выключна нашай партыі. Гэта грамадзка-палітычнае выданьне, якое асьвятляе жыцьцё ў Беларусі з розных поглядаў. Мы сваю долю ўносім, бо фінансуем газэту ў значнай ступені, да таго ж заснавалі яе. Газэта для ўсіх можа прадаставіць трыбуну, што яна і робіць”.

Камэнтуе Жана Літвіна:

“Галоўная палітычная сіла ў нашай краіне – гэта кіраўнік дзяржавы і, канечне, партыя ўлады. На жаль, на сёньня складваецца ўражаньне, што апошняя проста ня ўстане адмовіцца ад татальнага кантролю за інфармацыйнай прасторай. Ну а прэзыдэнт наагул нядаўна выказаўся, што ў інтарэсах грамадзтва мас-мэдыі павінны кантралявацца дзяржавай, бо ў руках СМІ – зброя самай разбуральнай сілы.

Прычыны такой пазыцыі ў дачыненьні да прэсы перш за ўсё ў адсутнасьці ў Беларусі традыцый свабоды слова. На жаль, і ўзаемаадносіны свабоднай прэсы з апазыцыйнымі лідэрамі характарызуюцца часам таксама нараканьнямі, незадавальненьнем дзейнасьцю адзін аднаго. Стаўленьне да праблемы свабоды слова вызначае ступень дэмакратычнасьці поглядаў палітыка. І калі, напрыклад, з вуснаў аднаго зь лідэраў палітычнага лягеру гучыць: незалежных СМІ ў прынцыпе няма і быць ня можа, то гэта яскравае сьведчаньне палітычнай недальнабачнасьці, адпаведнага ўзроўню палітычнай культуры гэтага чалавека.

Журналісты не абавязаныя абслугоўваць рухі, не абавязаныя абслугоўваць асобных палітыкаў. Лічу, што патрабаваньне разьдзяржаўленьня і дэманапалізацыі павінны стаць прыярытэтнымі ў сыстэме палітычных патрабаваньняў нашай апазыцыі”.


Вэрсія чыноўнікаў: “Свабода слова павінна быць, гэта 100%. Але не ўседазволенасьць!”

Паводле падлікаў БАЖу, у краіне засталося ўсяго 30 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў. Прычым 13 зь іх выходзяць бяз права праводзіць падпіску. А 16 ня могуць дабіцца права распаўсюду праз шапікі “Саюздруку”. Апроч іншага, тое заўважна адбіваецца на эканамічным стане выданьняў. Аднак самы радыкальны ў гэтым сэнсе ход уладаў – спагнаньне праз суды вялікіх грашовых штрафаў з рэдакцыяў незалежных СМІ.

Найчасьцей – нібыта за абразу чыноўнікаў. Так, у 1999 годзе дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман спагнаў з газэты «Навіны» і журналіста Сяргея Аніські 50 тысяч даляраў. Шэйман абяцаў пералічыць сродкі для інтэрнату вэтэранаў вайны. Лёс грошай адсачыць не ўдалося, хоць цягам сямі гадоў з пэнсіі С.Аніські штомесяц вылічвалі па 30%. Таксама ў яго сканфіскаваная маёмасьць.

У 2002 годзе нашумеў пазоў старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка да газэты «Наша свабода». З рэдакцыі і журналіста Міхаіла Падаляка спагнана 55 тысяч даляраў. Кампэнсацыю Тозік зьбіраўся пералічыць на будаўніцтва шпіталя. Падчас дэпартацыі зь Беларусі доўг Падаляку даравалі, у іншым выпадку выдварыць журналіста было немагчыма.

Сьвежы прыклад супрацьстаяньня службоўца і незалежнай прэсы – пазоў Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і газэты «Новы час». Сэнатара абразіў артыкул, у якім аўтар нібыта наўмысна зьняважыў аўганскі пэрыяд ягонай біяграфіі. І хоць у выніку сума першапачатковай кампэнсацыі была шматразова зьніжаная, у эквіваленце ўсё роўна склала значную суму: каля 25 тысяч даляраў.

Мікалай Чаргінец
Яшчэ да працэсу спадар Чаргінец абяцаў пералічыць сродкі на лячэньне псыхічна хворых у Беларусі. Сьцьвярджае, што так і зрабіў:

“Няхай Радыё Свабода не хвалюецца за гэтыя грошы. Я ніколі не разьменьваўся і на большыя сумы. Сродкі даўно накіраваныя ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках. І нават атрыманы адказ за подпісам галоўнага лекара Склемы: грашовая дапамога на суму 43 мільёны 293 тысячы рублёў (за мінусам падаткаў), якую вы аказалі шпіталю, дапамагла нам забясьпечыць мэбляй тры лячэбныя аддзяленьні. Набытыя ложкі і тумбы, створаныя камфортныя ўмовы для пацыентаў. Апроч таго, Тамковіч перавёў мільён рублёў на мяне па пошце, давялося зьвярнуцца ў падатковую: там падлічылі і перавялі туды астатнюю суму. Так што можаце спаць спакойна”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце, што гэта паспрыяе свабодзе слова? Ці проста стане прыкладам для астатніх журналістаў, каб былі больш абачлівыя?”

Чаргінец: “А як вы мяркуеце, зьнявага ёсьць свабодай слова? Зьяўляецца, канечне, бо на платах мат пішуць ад празьмернай свабоды. А калі б вас абразілі? Каб я пра вас напісаў розныя гадасьці, пра вашую сям’ю, пра вашых дзяцей, жонку каханую? Што яны і зрабілі. Пры чым тут свабода слова? Гэта элемэнтарная хлусьня. А хлусьня павінна карацца. Свабода слова павінны быць, гэта 100%. Але не ўседазволенасьць, ня спроба прынізіць чалавека і абразіць”.

Чэмпіёнам апошніх гадоў па колькасьці судовых працэсаў – “Народная воля”. Супраць незалежнага грамадзка-палітычнага выданьня змагаліся дэпутаты, ідэолягі, алігархі: Алег Праляскоўскі, Сяргей Гайдукевіч, Ягор Рыбакоў, Сяргей Атрошчанка і нават група працаўнікоў “Беларуськалію”.

Самай неадназначнай можна лічыць справу Ягора Рыбакова. У 2004-м суд абавязаў рэдакцыю, былую тэлевядучую Элеанору Язерскую і журналістку Марыну Коктыш выплаціць Рыбакову каля 45 тысяч даляраў. Неўзабаве Рыбакова самога арыштавалі і асудзілі. У газэце не выключаюць, што коштам тых грошай Рыбакоў часткова разьлічыўся за «прыватызаваныя» дзяржаўныя сродкі (больш за 200 мільёнаў рублёў).

Праз год дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч спагнаў з «Народнай волі» такую ж суму за маральны ўрон ад публікацыі, у якой сьцьвярджалася пра супрацоўніцтва Гайдукевіча з рэжымам Садама Хусэйна. Чыноўнік абяцаў, што патраціць грошы “на дзяцей і бяздомных”. Але ад той пары гаварыць на гэтую тэму катэгарычна адмаўляецца. Між тым, напярэдадні выбараў 2006 году кандыдат у прэзыдэнты Гайдукевіч падаў у ЦВК зьвесткі аб гадавым прыбытку, дзе сярод іншага была і “кампэнсацыя маральнага ўрону” праз суд.

У 2005 годзе спартовая газэта «Прессбол» трапіла ў суд пасьля артыкулу, у якім сьцьвярджалася, што адзін з намесьнікаў міністра фінансаў Мікалая Корбута знаходзіцца ў вышуку па лініі Інтэрполу за ўдзел у злачыннай групоўцы. Нехта Андрэй Іманалі насамрэч быў намесьнікам Корбута, але ў фэдэрацыі гімнастыкі, якую таксама ўзначальвае Корбут. Суд спагнаў 30 мільёнаў рублёў з «Прессбола» і 10 мільёнаў з рэдактара Ўладзімера Беражкова. Міністар заяўляў, што грошы пойдуць у падшэфны міністэрству калгас, але потым зьмяніў рашэньне і сказаў, што набудзе лекі. Цяпер Корбут – у рэанімацыі шпіталю Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта пасьля інсульту.

У гісторыі беларускай незалежнай журналістыкі нямала прыкладаў пакараньняў ня толькі грашовымі штрафамі, але й тэрмінамі зьняволеньня. За абразу кіраўніка краіны абмежаваньнем волі былі пакараныя Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, Віктар Івашкевіч.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў
Летась адкрытая новая старонка – турэмная. За краты трапіў намесьнік рэдактара недзяржаўнага тыднёвіка “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Упершыню журналіст быў зьвінавачаны ў распальваньні рэлігійнай варожасьці. Ён перакананы: загад на нэўтралізацыю незалежных СМІ паступае з аднаго ідэалягічнага цэнтру. Пакараньне выбіраецца ў залежнасьці ад кантэксту справы:

“Два гады таму беларускім уладам патрэбна была нагода расправіцца з інфармацыйна-аналітычным тыднёвікам “Згода”. І таму яны скарысталіся першай нагодай, якая да іх трапіла – публікацыяй карцінак, якія потым чамусьці былі названыя як “лікі Мухамэда”. Пры гэтым карыкатурны скандал быў чыста палітычным, што і падкрэсьлівалася ў матэрыяле, надрукаваным у нашай газэце. Нічыіх рэлігійных пачуцьцяў, паўтараю – рэлігійных, менавіта як праваслаўны і веруючы, нават фундамэнталіст, – гэтыя карцінкі не закранаюць...

У цэлым магу сказаць, што я свае тры месяцы адсідкі расцэньваю як творчую камандзіроўку. І лічу, што мы “квіты” зь беларускай дзяржавай. Мая творчая камандзіроўка вартая трох месяцаў турмы. Таму што я даведаўся тое, што ніколі ня зьведаў бы на свабодзе”.

Камэнтуе Жана Літвіна:

“Суды апошнім часам выносяць зашмат станоўчых рашэньняў на карысьць чыноўнікаў. І тым самым яны ставяць на мяжу банкруцтва тыя выданьні, супраць якіх падаюцца зыскі. Засмучаюць сумы патрабуемых кампэнсацый. Па вялікім рахунку яны выходзяць за межы разумнага – проста несупастаўляльныя з тымі маральнымі пакутамі, якія нібыта адчуваюць чыноўнікі. Часам складваецца нават уражаньне, што ці то высокія службоўцы зводзяць асабістыя рахункі з рэдакцыямі і свабоднымі журналістамі, ці то такім чынам спрабуюць палепшыць свой дабрабыт. І мы, журналісты, амаль не заўважылі, як адны сталі статыстамі ўлады, а другія, усьведамляючы безабароннасьць пад прэсам улады, часам здаюць пазыцыі, уводзяць самацэнзуру.

Канечне, трэба шукаць выйсьце. І яно ў тым, што мы мусім увесь час памятаць: інфармаваньне грамадзянаў, кантроль за дзеяньнямі ўладаў, адлюстраваньне максымальнай колькасьці меркаваньняў, думак – вось асноўныя функцыі, якія ў дэмакратычнай дзяржаве бяруць на сябе сродкі масавай інфармацыі.

Менавіта гэта дазволіць журналістам прэтэндаваць на званьне прадстаўнікоў чацьвёртай улады”.