Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў 1 траўня, што ЗША лічаць беспадстаўным рашэньне Беларусі абвясьціць 10 амэрыканскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата.
"Гэта беспадстаўнае і неапраўданае дзеяньне. Гэта робіцца выключна ў выніку таго, што ЗША падтрымліваюць актывістаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Вельмі шкада, бо, па праўдзе, асноўным вынікам гэтага будзе далейшая ізаляцыя Беларусі і аддаленьне Беларусі ад тых мэтаў, якія яна сама агучвала – кантакты і паўнавартасны ўдзел у міжнароднай супольнасьці".
Том Кейсі заявіў, што ЗША выканаюць патрабаваньне беларускіх уладаў аб тым, што цягам 72 гадзін дзесяць амэрыканскіх дыпляматаў, абвешчаных пэрсонамі нон-грата, маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі. Паводле прэсавага сакратара Дзярждэпартамэнту, Злучаныя Штаты разглядаюць поўны спэктар варыянтаў далейшага разьвіцьця дыпляматычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі.
"Мы папярэдзілі беларускія ўлады, што мы можам зрабіць шэраг дзеяньняў. Мы папярэдзілі іх, што выдвараючы значную частку нашых супрацоўнікаў, яны робяць для нас вельмі цяжкім падтрыманьне дзейнай місіі ў гэтай краіне, і што могуць спатрэбіцца некаторыя дадатковыя дзеяньні".
1 траўня агенцтва "Асашыэйтэд прэс" паведаміла, што Злучаныя Штаты мелі намер зачыніць сваю амбасаду ў Менску і патрабаваць зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку, але ў апошнюю хвіліну адмовіліся ад гэтага.