Што вы думаеце пра беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт і хто ў ім вінаваты?
Спадар: “Я лічу, што ніводзін канфлікт карысьці ніводнаму боку не прыносіць. Беларусі адназначна, гэта — на сто адсоткаў. З дыпляматыяй у нас, у Беларусі, складана”.
З дыпляматыяй у нас, у Беларусі, складана
Спадарыня: “Я ў палітыцы нічога не разьбіраюся”.
Спадар: “Думаю, што амэрыканцы зажэрліся”
Спадар: “Вінаваты не Лукашэнка. Захад і ЗША — яны ў гэтым вінаватыя. Яны ня хочуць, каб мы нармальна разьвіваліся, нармальна жылі. Яны хочуць, каб мы ўвайшлі ў іхнюю сыстэму — як прыдатак Захаду й ЗША”.
Спадар: “Гэты канфлікт цяпер на карысьць Лукашэнку, бо ён жадае адцягнуць увагу ад унутраных праблемаў. Па-другое, ён заўсёды распальваў гэты канфлікт. І ня толькі з ЗША, але й з Расеяй таксама. Гэта яго так званая шматвэктарнасьць”.
Спадар: “Амэрыканцы вядуць тую палітыку, што й раней — здушэньня Беларусі. Не падабаецца, што Беларусь не кладзецца пад іх, у НАТО ня просіцца, у адрозьненьне ад іншых”.
Вінаваты не Лукашэнка. Захад і ЗША хочуць, каб мы ўвайшлі ў іхнюю сыстэму — як прыдатак
Спадарыня: “Лічу, што ў гэтым дыпляматычным канфлікце цалкам вінаватае кіраўніцтва Беларусі. Ужо былі выпадкі, калі амбасадараў высялялі з Драздоў. Лукашэнка і ўсё кіраўніцтва Беларусі паводзяць сябе на дыпляматычнай арэне, як ва ўласным саўгасе”.
Спадар: “Пажадана, каб там і там амбасады былі. Каб сябравалі, каб мірна ўсё абышлося. Што амэрыканцы нас душаць, гэта відавочна. Яны не пускаюць на рынак наш “Белнафтахім”.
Спадар: “Канфлікт справакаваны беларускім бокам. Беларусь страчвае тое, што засталося яшчэ ад іміджу”.
Спадарыня: “Трэба жыць у міры. І ня з нашага боку гэта ўсё паходзіць, а з боку ЗША”.
Спадар: “На мой погляд, гэты канфлікт штучна створаны беларускімі ўладамі, каб пазьбегнуць адказнасьці й не выконваць патрабаваньняў цывілізаваных краін, такіх, як ЗША й краіны Эўразьвязу, наконт вызваленьня ўсіх палітвязьняў, правядзеньня сумленных і свабодных выбараў і гэтак далей. Калі няма дыпляматычных зносінаў, тады й вымаганьні перад беларускімі ўладамі меншыя”.