Амбасада ЗША ў Менску працягвае сваю працу. Да 15 гадзін суботы 10 амэрыканскіх дыпляматаў, абвешчаных пэрсонамі нон-грата, маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі. Разам зь імі добраахвотна ад’едзе яшчэ адзін супрацоўнік амбасады.
Учора Злучаныя Штаты ў апошнюю хвіліну адмовіліся ад патрабаваньня зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку, а таксама ад намеру зачыніць сваю амбасаду ў Менску. Але пагроза такога разьвіцьця падзеяў застаецца.
Выказалі беларускім дыпляматам, што вельмі занепакоеныя тым крокам, на які яны пайшлі
У прэсавай службе амбасады ЗША ў Менску паведамілі, што дыпляматычная місія працягвае сваю дзейнасьць. Аднак амбасада не прымае візавых зваротаў грамадзян Беларусі — выключэньні магчымыя толькі ў крытычных выпадках, паведамілі ў амбасадзе.
У МЗС Беларусі ад камэнтароў наконт учорашніх падзеяў у дыпляматычным канфлікце са Злучанымі Штатамі ўстрымліваюцца.
Як чакаецца, ад заўтра ў Менску застануцца толькі 4 дыпляматы, уключна з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Джонатанам Мурам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, застануцца таксама консул і тыя супрацоўнікі, якія адказваюць за бясьпеку амбасады і гаспадарчыя пытаньні.
10 амэрыканскіх дыпляматаў, абвешчаных пэрсонамі нон-грата, маюць пакінуць тэрыторыю краіны ў суботу да абеду, але вядома, што яны ня хочуць афішаваць, у які час і якім чынам гэта будзе зроблена. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яшчэ адзін супрацоўнік амбасады пакіне Беларусь добраахвотна. Тлумачыцца гэта тым, што сярод высыланых супрацоўнікаў амбасады — 5 марскіх пяхотнікаў, якія ажыцьцяўляюць ахову, і было вырашана, што шостаму вайскоўцу няма сэнсу заставацца ў адзіноце.
Паводле інфармацыі, агучанай намесьнікам прэсавага сакратара Дзярждэпартамэнту Томам Кейсі, 1 траўня адбыліся кансультацыі паміж дыпляматамі ЗША і Беларусі ў Менску і ў Вашынгтоне.
Трэба вельмі сур’ёзна падумаць над тым, якой будзе ў будучыні іх і нашая дыпляматычная прысутнасьць
ЗША папярэдзілі беларускія ўлады, што ў адказ на высылку 10 амэрыканскіх дыпляматаў магчымы “поўны дыяпазон дзеяньняў”.
“Мы выказалі беларускім дыпляматам, што вельмі занепакоеныя тым крокам, на які яны пайшлі, і нам трэба вельмі сур’ёзна падумаць над тым, якой будзе ў будучыні іх і нашая дыпляматычная прысутнасьць у нашых краінах, але на гэты момант ніякіх рашэньняў мы не прынялі”, — заявіў Том Кейсі.
Афіцыйнай інфармацыі аб працягу двухбаковых дыпляматычных кансультацыяў няма пакуль ні з амэрыканскага, ні зь беларускага боку.