С.Парсюкевіч: "Гэта палітычная расправа"

Гэта заявіў С.Парсюкевіч пасьля таго, як судзьдзя абвясьціў яму прысуд - 2,5 гады зьняволеньня агульнага рэжыму. Прысуд быў сустрэты крыкамі "Ганьба!".

С.Парсюкевіч таксама абавязаны выплаціць міліцыянту Дулубу 1 мільён 100 тыс. кампэнсацыі маральных пакут.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Сяргей Парсюкевіч сказаў: “Гэта палітычная расправа. Не пакідайце без падтрымкі маю сям’ю!”

“Лукашэнка баіцца майго таты”

Жонка ПарсюкевічаНатальля пасьля абвяшчэньня прысуду пайшла ў кабінэт судзьдзі, каб перадаць хвораму на астму мужу лекі. “Судзьдзя лекаў ня ўзяў, выгнаў мяне з кабінэту”. Сын С.Парсюкевіча 13-гадовы Дзяніс сказаў: “Лукашэнка баіцца майго таты і помсьціць яму за палітычную дзейнасьць”.

“Гэта трагедыя для сям’і – для жонкі і для сына”

Прысуд С.Парсюкевічу камэнтуе лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

“На вайне – як на вайне. Я шакаваны. Гэта трагедыя для сям’і – для жонкі і для сына. Гэта будуць два гады з паловай выпрабаваньняў для яго сям’і. Вельмі хацелася верыць, што Сяргей сёньня будзе са сваімі блізкімі, з жонкай і cынам разам...

Прадпрымальнікі сёньня не на баку дзяржавы і гэтай сыстэмы. І яшчэ раз яна паказала, што ўсіх, хто мае іншы погляд ці ўласную грамадзянскую пазыцыю, яна будзе жорстка спыняць.

І гэта сыгнал усім прадпрымальнікам. І гэты сыгнал прадпрымальнікі будуць успрымаць па-свойму і не на карысьць дзяржаўнай сыстэмы.

Гэта першы прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку ў сучаснай Беларусі – такіх раней не было. То бок, сыстэма адчыніла дзьверы турмы для індывідуальных прадпрымальнікаў. І першы ў гэтыя дзьверы ўвайшоў Сяргей Парсюкевіч. Я думаю, што ён не апошні. Дзяржава ня будзе даваць слабіну для бізнэсу”.

“Гэта прысуд усяму прадпрымальніцкаму руху”

Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, паплечнік Сяргея Парсюкевіча Алесь Макаеў:

“Прысуд Сяргею Парсюкевічу -- гэта прысуд усяму прадпрымальніцкаму руху, прадпрымальніцкім аб’яднаньням, якія намагаюцца бараніць свае правы. Гэта такі сыгнал: хто будзе высоўвацца, будзе пакараны жорстка, цынічна і без усялякага закону. Хворага чалавека кідаць у турму ні за што – гэта дакладна так і ёсьць”.

“Сыстэма падаўленьня набывае ўсё большы ўплыў”

Мікола Статкевіч выказаў сваё меркаваньне наконт прычынаў жорсткага прысуду Сяргею Парсюкевічу:

“Можна вызначыць дзьве прычыны. Першая: сыстэма падаўленьня, якая ёсьць у нашай краіне, набывае ўсё большы ўплыў і ўсё больш выгароджвае сябе. Калі так здарылася, што занадта шмат пра сябе падумаў нейкі прапаршчык на Акрэсьціна і зьбіў чалавека, які быў на дзявятым дні галадоўкі і, дарэчы, у кайданках, то потым, спалохаўшыся, што давядзецца адказваць, ён зьвярнуўся да “старшых таварышаў”, і ахвяру зрабілі злачынцам.

Другая прычына, якая яшчэ больш падштурхнула да такога разьвіцьця падзеяў: спадар Парсюкевіч - дэмакратычны актывіст. Ён сядзеў не за тое, што нападпітку пабіў жонку, а за тое, што ўдзельнічаў у дэманстрацыі ў абарону сваіх правоў, а ў Віцебску ён зьяўляўся адным з самых пэрспэктыўных дэмакратычных лідэраў”.

“Цяпер карная сыстэма можа абысьціся без інстытуту суду”

Былы палітвязень Павал Севярынец:

“Сёньняшні суд над Сяргеем Парсюкевічам паказвае, што сёньняшняя праваахоўная, а насамрэч карная сыстэма можа абысьціся без інстытуту суду. Абвінаваўчае заключэньне, сфармуляванае пракурорамі, камітэтчыкамі і міліцыянтамі практычна бязь зьменаў пераўтвараецца ў судовы вырак.

Практычна цяпер суды існуюць толькі дзеля таго, каб праштампоўваць гэтыя рашэньні і зацягваць чарговых людзей у кругавую паруку рэжыму.

Строга кажучы, адвакаты цяпер ня могуць выконваць свае функцыі. Адзінае, што яны могуць зрабіць для сёньняшніх палітзьняволеных, - гэта быць “чалнакамі”, хадакамі, людзьмі, якія прыносяць нейкую інфармацыю і спрабуюць дайсьці да міжнародных структураў. Свае функцыі адвакатура ў поўным аб’ёме, канешне ж, выконваць ня можа. Абсалютна ніякай увагі да працы адваката ў судзе”.

“Сяргей Парсюкевіч, як і Андрэй Кім, ёсьць палітычным вязьнем”

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Сяргей Парсюкевіч, як і Андрэй Кім, як і тыя, хто засуджаны на папраўчыя працы, ёсьць палітычным вязьнем. І адгэтуль ніякае гаворкі пра ўяўны прагрэс улады, якая кіруе ў Беларусі, ня можа адбывацца. І ніякае замарожваньне сьмяротнай кары ня можа служыць апраўданьнем таму, што ў нас павялічваецца колькасьць палітычных вязьняў.

Мы бачым, як сыстэмна нішчаць улады менавіта пратэст дробных прадпрымальнікаў, наколькі яны баяцца палітычна матываванага пратэсту ўгрунтаванага на эканамічных пытаньнях.

Я думаю, трэба пераглядаць дэмакратычным сілам пэўныя падыходы да сытуацыі ў краіне. Мы бачым, што рашэньні прымаюцца з аднаго цэнтру”.

"Гэта новы выклік як і міжнароднай супольнасьці"

Намесьнік старшыні БСДП(Грамада) Ігар Рынкевіч:

“Прысуд незаконны і не заснаваны на доказах. Нельга казаць, што ён занадта жорсткі, ён мусіць быць поўнасьцю апраўдальны.

Гэта, фактычна, яшчэ адзін палітвязень, які, як Андрэй Кім і моладзевыя актывісты, далучаны да Аляксандра Казуліна, каб запалохаць што моладзь, што індывідуальных прадпрымальнікаў, што палітыкаў. І потым гандлявацца з Захадам, каб ён прызнаў так званыя "элегантныя перамогі" на парлямэнцкіх выбарах, зьняў некаторыя гандлёва-мытныя абмежаваньні, потым візавыя... Гэта яшчэ адна палітычная ахвяра. Гэта новы выклік як і міжнароднай супольнасьці, так і кожнаму беларусу, які прагне пераменаў”.

"Эўразьвяз і іншыя арганізацыі на гэта адрэагуюць. І ня толькі заявамі"


Дэпутат Эўрапарляманту Юстас Палецкіс:

“Сапраўды, несуцяшальныя, непрыемныя навіны. Гэта такія сутаргавыя рухі перад выбарамі. Гэта спроба паказаць, што будуць спыняцца ўсе дзеяньні ў бок большай свабоды, дэмакратыі. Гэта, канечне, сумна. І Эўразьвяз, і іншыя арганізацыі на гэта адрэагуюць. І ня толькі заявамі, а, магчыма, і некаторымі іншымі мерамі. І вось тое, што мы казалі наконт спрашчэньня візаў, цяпер за гэта будзе цяжэй змагацца.

Гэта дрэнныя навіны зь Беларусі. І, на жаль, гэта лье ваду на млын тых, хто кажа, што трэба рабіць больш жорсткімі меры, трэба паказаць, што эўрапейскія і іншыя арганізацыі не замірацца з гэтым. І гэтыя меры могуць закрануць жыхароў Беларусі”.