Як можна ацаніць вынікі судовага працэсу? Што ўлада хацела паказаць грамадзтву і Захаду гэтым прысудам? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі
Цыганкоў: “Пра што сьведчаць вынікі судовага працэсу?”
Быкоўскі: “Каб зразумець лёгіку прысуду, варта ўзгадаць акцыю прадпрымальнікаў 10 студзеня, за ўдзел у якой і асудзілі моладзевых актывістаў. Яна выбівалася з шэрагу іншых акцыяў апазыцыі важнай асаблівасьцю – быў перакрыты праспэкт Незалежнасьці і зроблена гэта было побач з Домам ураду. Пасьля гэтага праваахоўныя органы мусілі раз за разам даказваць сваю эфэктыўнасьць і разганяць усё больш жорстка апазыцыйныя дэманстрацыі.
Як і асабістае кіраваньне разгонам акцыі 21 студзеня міністрам Уладзімерам Навумавым, гэтак і прысуд маюць сымбалічнае значэньне. Улады робяць усё, каб апазыцыя не выкарыстоўвала такія інструмэнты вулічнай дэмакратыі, як перакрыцьцё вуліцаў.
Адначасова тут прысутнічае і расчараваньне ад вынікаў гульні з Захадам. Бо паляпшэньне рэпутацыі рэжыму за кошт нібыта “лібэралізацыі” так і не прывяло да адмены эўрапейскіх санкцыяў”.
Цыганкоў: “Як з гэтага пункту гледжаньня могуць разьвівацца падзеі далей? Ці ўлада трывала ўзяла курс на канфрантацыю з грамадзянскай супольнасьцю і Захадам ці палітычная мэтазгоднасьць прывядзе да паваротаў у іншы бок?”
Быкоўскі: “Калі мэтазгоднасьць была толькі ў тым, каб не дапусьціць перакрыцьця цэнтральных вуліцаў апазыцыяй, то калі апазыцыя гэтага болей рабіць ня будзе, то ня будзе і такіх адказаў з боку рэжыму. Апазыцыя знайшла балючую кропку, і ўлада хоча яе прымусіць не выкарыстоўваць такі інструмэнт.
Калі акцыя Чарнобыльскі шлях будзе праходзіць па кампрамісным варыянце ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор, то відаць, усё будзе спакойна. Калі ж адбудзецца нешта іншае – перакрыцьцё вуліцаў, выхад на праезную частку – то тады можа быць праяўленая жорсткасьць”