Леў Марголін, новаабраны намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 15 гадоў сам займаўся прадпрымальніцтвам. Ён кажа, што ня можа зразумець, чаго хоча дамагчыся ўлада праз такія працэсы:
“Мне здаецца, што гэта нейкія стыхійныя дзеяньні ўлады. Можа, сапраўды, там нейкая барацьба адбываецца паміж кланамі.
Гэта нейкія стыхійныя дзеяньні ўлады
А калі рашэньне прымае адзін чалавек, дык тады вядома: хто першы да яго дастукаецца, хто першы дабяжыць, хто першы сваю думку выкажа — напэўна ягонае рашэньне і прымаецца. А потым, празь нейкі час, можа быць зусім іншае, супрацьлеглае рашэньне. Ну, якая тут можа быць стратэгія, калі вось так робіцца?”
Старшыня камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі ў Палаце прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі цьвердзіць, што ў гэтых судовых справах палітыкі няма, і папракае ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў “нецывілізаванымі дзеяньнямі”:
“Так, як яны сябе паводзілі, хіба ж гэта палітыка? Гэта — самае сапраўднае хуліганства.
Я заўжды ведаю — усё трэба вырашаць цывілізавана. Прадпрымальнікі не аднойчы тут былі. І я асабіста да іх таксама выходзіў. Мы спрачаліся, але ўсе паводзілі тады сябе прыстойна.
Дзяржава дала індывідуальным прадпрымальнікам нядрэнна зарабіць. І ў нашай краіне свае грошы, трэба прызнаць, яны зараблялі адносна чэсна. Ну, далі зарабіць, і добра. Але ж трэба некалі пераходзіць у цывілізаванае рэчышча. Я добра ведаю, колькі плыве ў абход дзяржавы грошай. У канвэртах, шмэртах...”
Палітоляг Вячаслаў Оргіш бачыць у дзеяньнях улады два прынцыповыя моманты:
Улада працягвае прэсаваць сваіх праціўнікаў
“Па-першае, тут мае месца тэхналягічны момант. Улада працягвае прэсаваць сваіх праціўнікаў, даючы ім зразумець (і грамадзкасьці таксама), што яна сытуацыю кантралюе і будзе кантраляваць і надалей жорстка. І няма чаго замахвацца на нейкія свабоды звыш тых, якія ўлада быццам бы ўжо і дала.
І другое. Гэта — сыгнал Захаду, найперш амэрыканцам. Вось вы дамагаецеся вызваленьня ўсіх палітзьняволеных. Мы адных выпусьцілі. А вы па-ранейшаму незадаволеныя? Ну, добра — мы іншых вязьняў знойдзем. Вось зараз гэтых іншых і шукаюць. Камплектуюць, так бы мовіць, штат палітзьняволеных. Новы штат”.