Заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху-2008” выклікалі ў Менскі гарвыканкам. Чыноўнікі вылучылі шэраг патрабаваньняў да таго, як належыць арганізаваць гэтую грамадзкую акцыю, а таксама цікавіліся, колькі ўдзельнікаў мае далучыцца з рэгіёнаў.
Адзін зь сябраў аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”, старшыня зарэгістраванага ва Ўкраіне “Саюзу Чарнобыль-Беларусь” Аляксандар Валчанін інфармуе пра падрыхтоўку да акцыяў у рэгіёнах:
“У Віцебску і Мазыры будуць зьбірацца ўдзельнікі ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яны не прыедуць у Менск. Але яны на месцы ладзяць свае сустрэчы. Так што ў нас ёсьць свая праца. Мы яе робім, і я мяркую, што гэта прынясе посьпех”.
У Магілёве гарвыканкам не дазволіў правесьці 26 красавіка да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі альтэрнатыўныя мерапрыемствы. Заяўнікам паведамілі, што афіцыйны мітынг адбудзецца ў Любускім лесапарку на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны, дзе да цяперашняга часу стаіць помнік ахвярам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер тут — псыхіятрычная лякарня.
Тое, што помнік стаіць на тэрыторыі вар’ятні і тамсама прапануецца праводзіць жалобныя мітынгі, выклікае ў магілёўцаў пратэсты. Але вось што адказвае намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка:
“А вы хочаце, каб усе помнікі ў цэнтар зьвезьлі. Сэнс у гэтым які? У цэнтры гораду ўсталяваць помнікі ўсе, ці што? Заўтра прыйдуць дзеці вайны, яшчэ хто, аўганцы там, і скажуць — і наш помнік у цэнтры ўсталёўвай”.
Мітынг і шэсьце грамадзкасьці забаранілі на той падставе, што заяўнікі не заключылі дамоваў з мэдычнымі службамі, міліцыяй ды камунальнікамі, якія нібыта забясьпечваюць правядзеньне публічных мерапрыемстваў. Гаворыць адзін з заяўнікаў, прафсаюзны актывіст Юры Новікаў:
“Згодна з законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, да заявы варта дадаць толькі пісьмовае абавязаньне пра арганізацыю й правядзеньне масавага мерапрыемства, што мы і зрабілі. Мы ня супраць заключэньня гэтых дамоваў, што і пазначылі ў заяўцы. У чарговы раз мы вымушаныя зьвярнуцца ў суд са скаргай на рашэньне гарвыканкаму”.
Мясцовыя ўлады не далі таксама дазволу на грамадзкія акцыі 26 красавіка ў Берасьці, Пінску, Белаазёрску, Салігорску, Рэчыцы, Жодзіне. Прычыны тыя ж, што і ў Магілёве. Меркаваньне беларускага палітыка Віктара Карніенкі:
“Людзі плацяць падаткі, і таму міліцыя мусіць ахоўваць ня толькі сьвяты, якія ладзіць улада, але і ўсе іншыя мерапрыемствы. На тое яна і міліцыя. А цяперашнія патрабаваньні — гэта бізнэс ад улады. Безумоўна, за гэтым стаіць жаданьне спыніць любую грамадзкую актыўнасьць. Чыноўнікі напалоханыя, ім хочацца аднаго: каб нічога ня здарылася ў рэгіёне. У такім разе ім спакайней”.
Для вядучага: гэта меркаваньне намесьніка кіраўніка руху “За Свабоду” Віктара Карніенкі. Са словаў суразмоўцы, чарнобыльскія акцыі ў рэгіёнах пройдуць пад знакам нязгоды з будаўніцтвам АЭС. Удзельнікі акцыі выступяць таксама за стварэньне належных умоваў аховы працы і за вяртаньне льготаў пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы.