Анонс падзеяў тыдня. Працэс 14-ці, суд над Парсюкевічам, дэбаты аб кошце шэнгенскіх віз, Дзень Зямлі, дударскі фэст, музэй у Хойніках, угодкі Чарнобыля.
У панядзелак працягнецца “працэс 14-ці”. На мінулым тыдні ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзілі ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Маладых людзей вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца пад час акцыі.
Адзін з абвінавачаных Міхась Пашкевіч, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, кажа, што прагназаваць, якім будзе прысуд, цяжка:
“Цікава пачуць, што будзе казаць пракурор, што ён запатрабуе ў якасьці пакараньня. Цікава, што будзе казаць судзьдзя, бо цягам разгляду справы яна некалькі разоў ужо мяняла сваё маральнае стаўленьне да абвінавачаных. У пятніцу нас зьдзівілі БРСМаўцы сваім візытам на судовае паседжаньне. Паглядзім, хто да нас завітае ў панядзелак”.
***
У рамках чарговай сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, у Францыі, 21 красавіка пройдуць дэбаты аб умовах атрыманьня шэнгенскіх візаў грамадзянамі Беларусі і Украіны.
У часе дэбатаў заплянаваная заява старшыні Камісіі Эўразьвязу і выступы дэпутатаў. Дэбаты пройдуць паводле прапановы дэпутатаў, якія ініцыявалі збор подпісаў за зьніжэньне памеру консульскага збору за шэнгенскія візы для беларусаў.
Вольга Стужынская, кіраўніца недзяржаўнай арганізацыі "Офіс за дэмакратычную Беларусь" у Брусэлі, адзначае, што збор подпісаў досыць марудны:
“Вельмі пазытыўна, што дэбаты адбудуцца, але ня варта чакаць вынікаў адразу. Праблемай ёсьць перакананьне шмат каго з парлямэнтароў, што пакуль Беларусь не пачне крокі па дэмакратызацыі, да таго моманту ня варта наагул размаўляць з кіраўніцтвам краіны ні на якія тэмы, ўключаючы візы”.
***
22 красавіка ў сьвеце адзначаюць Дзень Зямлі. Да гэтай даты Амэрыканская амбасада прымеркавала прэзэнтацыю вынікаў фотаконкурсу, прысьвечанага гэтай даце. Усясьветная акцыя Дзень Зямлі пачалася ў ЗША у 1970 годзе. У гэты дзень традыцыйна ўсе добраахвотнікі прымаюць удзел у азеляненьні сваіх дамоў, двароў і вуліц. На мэце конкурсу – паказаць з дапамогай творчай фатаграфіі прыгажосьць і крохкасьць навакольнай прыроды. Прэзэнтацыя адбудзецца ў кінатэатры “Перамога” ў Менску а 16-й гадзіне.
***
У аўторак у Маскоўскім раённым судзе Менску пачнецца суд над актывістам прадпрымальніцкага руху Сяргеем Парсюкевічам. Яго вінавацяць у зьбіцьці ахоўніка турмы на Акрэсьціна, калі ён адбываў там адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу 10 студзеня. Актывіста трымаюць у менскім сьледчым ізалятары з 4 сакавіка. Фізычны яго стан вельмі цяжкі, распавядае адвакатка Вера Страмкоўская:
“Яму вельмі дрэнна там фізычна, – там няма паветра, яму няма чым дыхаць: у яго астма.”
***
24 сакавіка ў Хойніках адкрыюць Музэй “Трагедыя Чарнобыля”. Запрошаны на ўрачыстасьць публіцыст – эколяг Васіль Якавенка – кажа, што музэй не спыняе зьбіраць экспанаты:
“Тут я ўжо кінуў кліч сярод чарнобыльскіх нашых дзеячаў, і сам назьбіраў нямала. Знайшоў нават кампазыцыю “Сьлед чорнага ветру”, – добрая вельмі кампазыцыя, гучала год 10 таму ў эфіры. І кнігі – у іх зусім не аказалася кніг, хаця іх выдавалася багата на чарнобыльскую тэму”.
***
24, 25 і 26 сакавіка ў Менску пройдзе Дударскі фэст, які ўжо некалькі год запар зьбірае аматараў этнамузыкі ў Менску. Колькасьць удзельнікаў пастаянна расьце, кажа адзін з арганізатараў і выступоўцаў фэсту – лідэр гурту “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі:
“Упершыню будуць выступаць беларускія дзеці, якія вучацца граць на дудзе. Утварыліся новыя музычныя гурты. Унікальны ўдзельнік у нас ёсьць – дудар з Новай Зэляндыі. Апроч геаграфіі, пашырылася і працягласьць фэсту: тры дні, тры канцэрты, і потым навуковая канфэрэнцыя”.
***
26 красавіка, у суботу, Беларусь адзначыць трагічную дату: споўніцца 22 гады выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Чым ёсьць гэты дзень для Беларусі, разважае палітык Павал Севярынец: