Удзельнікі “працэсу 14-ці”, які ішоў цягам трох дзён у судзе Цэнтральнага раёну Менску, зьвяртаюць увагу на шэраг працэсуальных парушэньняў.
У панядзелак аб 11-й гадзіне раніцы паседжаньне адновіцца пасьля перапынку. Нагадаем, моладзевых актывістаў судзяць за ўдзел у акцыях прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня.
Паводле праваабаронцы Ігара Рынкевіча, які назірае за працэсам, суд ад самага пачатку пайшоў з працэсуальнымі парушэньнямі. Абвінавачаным не дазволілі карыстацца беларускай мовай з прадстаўленьнем перакладчыка.
Адвакат Павал Сапелка сказаў:
“Фармальна судзьдзя мела рацыю, калі казала, што судавытворчасьць можа весьціся як на беларускай, так і на расейскай мове. Але ў такой сытуацыі і пратакол мусіць весьціся ў адпаведных частках на расейскай і беларускай мовах. Бо, калі вядзецца па-расейску, то сакратарка выконвае функцыі перакладчыка. І гэта няправільна”.
Паводле адвакатаў, парадак у будынку суду павінен усталёўвацца і рэгулявацца работнікамі суду, а ня нейкімі людзьмі ў цывільным, без апазнавальных знакаў. Ігар Рынкевіч кажа, што цягам трох дзён парушаўся прынцып галоснасьці.
“На адчыненае судовае разьбіральніцтва ня могуць прыйсьці людзі, прычым іх не пускаюць туды незразумелыя супрацоўнікі спэцслужбаў. Ходзяць людзі з рацыямі, у скураных куртках, аголенымі галовамі і кіруюць ледзь не судовым паседжаньнем”.
Таксама, паводле адвакатаў, судом фактычна ігнараваліся іх хадайніцтвы. Яны прымаліся “да ведама”, што недапушчальна. Такога не было нават пад час працэсу над Аляксандрам Казуліным, згадвае Ігар Рынкевіч:
“Стаўленьне да хадайніцтваў з боку дзяржаўнага пракурора больш спрыяльнае, вырашальнае для судзьдзі, чым да заўвагаў і хадайніцтваў з боку адвакатаў”.
Да прыкладу, суд адмовіў у допыце ў якасьці сьведкі палітыка Анатоля Лябедзькі. Таксама адвакат Павал Сапелка зазначае:
“Былі агучаны матэрыялы, якія не падлягаюць агучваньню. Прычым з камэнтарамі судзьдзі. Гэта было не належнае працэсуальнае дзеяньне, якое парушае правы абвінавачаных. І ўжо загадзя дазваляе меркаваць пра тое, што ёсьць нейкая сфармаваная ўнутраная ацэнка ў судзьдзі, да выдаленьня ў пакой для нарадаў”.
А відэаматэрыялы прадстаўленыя судом ня ў тым пакунку, у якім яны паступілі з установы, якая праводзіла расьследаваньне. Таму, на думку адвакатаў, яны ня могуць быць дапушчаныя ў якасьці доказаў віны для вынясеньня прысуду. Паказаньні ж супрацоўнікаў ДАІ былі неканкрэтнымі і супярэчлівымі.
Ігар Рынкевіч сказаў:
“Абвінавачаньне па справе так званых 14-ці у судзе развалілася. Павінны маладых людзей апраўдаць. Але што тычыцца палітыка-прававога настрою вакол гэтай справы з боку ўладаў, то бачна, што ўсё скіравана на тое, каб павялічыць колькасьць палітвязьняў”.