Раніцай у нядзелю, 20 красавіка, у Менску пачнецца справаздачна-выбарчы сход Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.
Напярэдадні форуму наш менскі карэспандэнт размаўляў з старшынём партыі Анатолем Лябедзькам.
Для кіраўніка партыі і шэрагу яе актывістаў сёньняшні дзень пачаўся з футбольнага поля. Амаль дзьве гадзіны правялі яны тут, каб, як яны кажуць, “заўтра быць у добрай фізычнай форме”. А яна сапраўды спатрэбіцца, паколькі месцы для сядзеньня ў невялічкай залі на сядзібе БНФ гарантаваныя толькі дэлегатам-жанчынам ды мужчынам, якім ужо за 60. Астатнім давядзецца правесьці ўвесь сход на нагах, канстатуе спадар А.Лябедзька:
“Парадак дня зацьверджаны Палітычнай радай, і карэктаваць яго мы не зьбіраемся. Магчыма толькі ўсе пункты парадку дня пройдуць у больш жорсткім часавым рэжыме”.
Кіраўнік партыі адзначае два дакумэнты, якія абмяркуе і прыме форум, Гэта – пасланьне да грамадзянаў, бізнэсу і дзяржавы, а таксама партыйная стратэгія на бліжэйшую і сярэднетэрміновую пэрспэктыву:
“Штогод Лукашэнка ў красавіку робіць сваё пасланьне. Нават у назвах расстаўленыя розныя прыярытэты. Мы на першае месца ставім грамадзяніна, асобу, чалавека, а не Нацыянальны сход ці абстрактны народ.
Я прагназую, што гэта будуць дакумэнты з рознымі ацэнкамі, з рознымі сцэнарамі і прапановамі для разьвіцьця Беларусі. Хаця жыцьцё паказвае – тое, што мы прапаноўвалі ў нашым папярэднім пасланьні, а таксама ў некалькіх варыянтах праграм, якія былі перададзеныя ўраду, улада пасьля мусіла так ці інакш рэалізоўваць. Адзіная розьніца, што гэтыя прапановы выкарыстоўваліся са спазьненьнем на 7-10-12 гадоў”.
Давялося чуць, што стратэгія АГП выходзіць за рамкі адной партыі. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці, цікаўлюся ў Анатоля Лябедзькі:
“Так, я думаю агучыць падчас выступу некалькі ініцыятываў, якія закранаюць ня толькі АГП, але і будуць зьвернутыя да аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Найгалоўнейшая – ужо цяпер правесьці дыскусію і выпрацаваць пагадненьне аб працэдуры выхаду на адзінага кандыдата на прэзыдэнцкую кампанію”.
На заўтрашнім сходзе альтэрнатыву Анатолю Лябедзьку зьбіраецца скласьці кіраўнік Лельчыцкай гарадзкой арганізацыі Мікалай Гаўрыленка. Цяперашні лідэр партыі так кажа пра гэту сытуацыю:
“Я з павагай стаўлюся, – незалежна ад палітычнага досьведу, рэгаліяў, – да ўсіх апанэнтаў. Я шкадую толькі аб тым, што мой калега Гаўрыленка заявіўся занадта позна. Ён ня выкарыстаў мажлівасьць праехаць разам са мною па сходах, канфэрэнцыях, каб агучыць сваё бачаньне таго, што адбываецца ў партыі. А я думаю, такі погляд быў бы і цікавым, і карысным”.
Вядома, што ўлады забараняюць Анатолю Лябедзьку выяжджаць за мяжу. Ці не адаб’ецца гэта акалічнасьць на заўтрашнім галасаваньні? Дзейны старшыня партыі гаворыць:
“Сёньня мой намесьнік Яраслаў Раманчук яшчэ знаходзіцца ў Кракаве на міжнароднай канфэрэнцыі. Ён дакладае і пазыцыю АГП, і стратэгію аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У нас ёсьць дасьведчаныя, зь веданьнем замежных моваў людзі, якія ў стане прафэсійна працаваць на міжнародным накірунку”.
48-гадовы фэрмэр Мікалай Гаўрыленка лічыць, што кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі надае мала ўвагі рэгіёнам: “На жаль, за шмат гадоў кіраўніцтва партыі ні разу не пабывала ў нас у Лельчыцах. А менавіта ў такіх рэгіёнах неабходна весьці актыўнае партыйнае будаўніцтва».
У Мікалая Гаўрыленкі дзьве вышэйшыя адукацыі – зоаінжэнэр і мэнэджэр-эканаміст. У 2004 годзе балатаваўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але быў зьняты Цэнтарвыбаркамам з выбарчай гонкі. Цяпер уваходзіць у Адзіны сьпіс кандыдатаў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў на восеньскія выбары.