А.Буткоўская: як нараджаюцца і чаму гінуць грамадзкія ініцыятывы?

Досьлед на тэму, прапанаваную грамадзкім рэдактарам тыдня.

Калі летась у кастрычніку апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў ваколіцах пасёлку зьявіцца завод пэстыцыдаў зь першай клясай небясьпекі, мясцовая жыхарка Алена Буткоўская стала адным са стваральнікаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва. За некалькі месяцаў працы жыхары Дружнага здолелі прыцягнуць да сваёй праблемы ўвагу ўсяе краіны, асноўных дзяржаўных інстытуцый.

Алена Буткоўская нарадзілася на беларуска-ўкраінскім памежжы. Як скончыла тэхнікум, стала працаваць у горадзе будаўнікоў і пэрсаналу Чарнобыльскай атамнай станцыі – Прыпяці. У пухавіцкі пасёлак Дружны пераехала 22 гады таму, пасьля аварыі на ЧАЭС. Апошнім часам з-за праблемаў са здароўем мусіла кінуць працу ў бугальтэрыі і ўладкавалася вахцёрам.

Алена Буткоўская стала грамадзкім рэдактарам гэтага тыдня і замовіла “Свабодзе” дасьледаваць тэму: як нараджаюцца грамадзкія ініцыятывы, пры якіх умовах яны перамагаюць і чаму дачасна затухаюць?

Горадня: калі заявілі пра рэфэрэндум, нельга здавацца проста так

Вадзім Саранчукоў
Адной з самых гучных леташніх грамадзкіх кампаній сталася акцыя “Абаронім Горадню ад разбурэньня”. Падчас яе былі розныя пікеты. мерапрыемствы, былі затрыманьні, была спроба правесьці мясцовы рэфэрэндум аб рэканструкцыі Старога гораду. Рэфэрэндум улады не дазволілі і, так ці інакш, кампанія заглухла. Як ацэньваюць удзельнікі яе вынікі? Гэтае пытаньне тым больш актуальнае, што ў Горадні ўлады зноў зьбіраюцца рушыць дамы ў гістарычнай забудове.

Вадзім Саранчукоў, які кіруе гарадзкой арганізацыяй Партыі БНФ, лічыць леташнюю кампанію пасьпяховай. Вынікі не найгоршыя, кажа ён: ня ўсе заплянаваныя будынкі ў гістарычным цэнтры разбурылі. А цяперашняе зацішша – часовае.

Саранчукоў: “Тое, што на сёньняшні дзень няма масавых выступленьняў моладзі, як летась, то гэта, мне здаецца, часова. Леташняя кампанія была гучнай, бо хвалявала шмат людзей. Цяпер хваляваньне ня сьцішылася, але яно знаходзіцца, так бы мовіць, у стадыі чаканьня. І я ўпэўнены, што калі адбудзецца нешта падобнае да ранейшага, то адбудзецца ня горш. Плюс да гэтага далучаюцца выбары ў Палату прадстаўнікоў – яны могуць паспрыяць, каб кампанія стала яшчэ больш гучнай і шырокай”.

Вадзім Саранчукоў летась шукаў людзей для ініцыятыўнай групы мясцовага рэфэрэндуму аб рэканструкцыі Старога гораду.

Саранчукоў: “Сам факт ініцыятывы – паказчык. І тое, што яна была са страхам успрынятая гарадзенскай вэртыкальлю, гэта таксама дасягненьне”.

Аднак улады не зарэгістравалі групу, знайшлі фармальную зачэпку. Спадар Саранчукоў зазначае: улады ў любым разе заблякавалі б рэфэрэндум – нездарма ўсе апошнія гады яны ні разу не дазволілі ніводнага пікету, мітынгу – нічога.

Адзін з актыўных леташніх падзеяў – Эдвард Дмухоўскі з руху “За свабоду”. Ён мяркуе, што кампанія не прайшла марна: атрымала розгалас ва ўсёй Беларусі, а таксама за мяжой. Наконт падзеяў у Горадні выказваліся польскія і чэскія палітыкі.

Эдвард Дмухоўскі
Дмухоўскі: “Вынікі можна ацэньваць па-рознаму. Але, на мой погляд, гэта была за апошні доўгі час удалая кампанія, напрыклад, калі яе параўноўваць з выбарамі ў горадзе. Наколькі мне вядома, далёка ня ўсё з таго, што ўлады плянавалі зруйнаваць, рухнула пад бульдозэрамі. І нават была адваротная рэакцыя зь іхняга боку — дыскусія ў дзяржаўнай прэсе”.

А мінусы кампаніі?

Дмухоўскі: “Мы плянавалі гарадзкі рэфэрэндум, які павінен быў адлюстраваць думку жыхароў на ўсе гэтыя падзеі, на тое, што робяць улады з горадам. Аднак падвялі юрыдычныя памылкі пры фармаваньні неабходных паперы. Мінус яшчэ і ў тым, што гэтую кампанію праводзілі грамадзкія актывісты і ў яе былі вельмі мала заангажаваныя палітычныя партыі гораду, акрамя БНФ”.

Франак Вячорка мінулым летам прыяжджаў зь сябрамі са сталіцы, каб паўдзельнічаць у гарадзенскай кампаніі:

“На такіх рамантычных парывах мы ладзілі акцыі: пэрфомэнсы, флэшмобы ... Часам трэба было станавіцца перад бульдозэрам і спыняць… Сёлета дзікунства працягваецца. Стала вядома, што ў Горадні намечаны новыя пляны па так званай перабудове. Але я думаю, гэта ўжо набудзе меншы водгук у грамадзтве. Летась грамадзкасьць жыла той чорнай навіной, а сёлета ўжо паўтарэньне. Каб зацікавіць грамадзтва, трэба прыдумаць нейкі ход, падставу. А таксама даць зразумець: змаганьне ўрэшце дасьць плён”.

Расчараваньне сёньня адчуваецца таму, што акцыя не прынесла адчувальнага для ўсіх удзельнікаў плёну, зазначае Франак Вячорка. І якія ж практычныя высновы?

Вячорка: “Сёлета трэба так пабудаваць кампанію, каб юрыдычнай частцы гэтай абароны дапамагала частка грамадзкая, мабілізацыйная, масавая, але для гэтага трэба, безумоўна, мабілізаваць усю моладзь, актывістаў дэмакратычных арганізацый”.

Камэнтар Алены Буткоўскай

“Мясцовы рэфэрэндум – гэта тое, на што мы маем права, і нават маем права атрымаць там перамогу. Але вось рэальны досьвед. Учора мы езьдзілі ў Канстытуцыйны суд і зразумелі наступнае. У беларускім заканадаўстве ёсьць моманты, дзякуючы якім можна зрабіць памылку і на яе абавязкова зрэагуюць напоўніцу.

Таму пакінулі ў судзе сваю заяву з настойлівым патрабаваньнем дапрацаваць гэты надзвычай важны дакумэнт і шанец праводзіць мясцовы рэфэрэндум стаўся б рэальным, калі ў гэтым паўстае патрэба.

Выдатна разумею: нашая прапанова – гэта ўжо крок наперад у вырашэньні насьпелай праблемы. Але нам мусяць дапамагаць і нашыя абраньнікі – дэпутаты ўсіх узроўняў. Ад іх таксама мусіць ісьці прапанова і патрабаваньне да ўнясеньня неабходных зьменаў. Праблема ўсё ж вырашыцца ўрэшце рэшт зь іх падачы”.


Горкі: ўсяго 1720 подпісаў за чатыры месяцы

Да нібыта лякальнай і даволі спэцыфічнай праблемы – выратаваньня старой Горадні – энтузіясты здолелі прыцягнуць шырокую ўвагу нават за межамі краіны. І калі ў друку, інтэрнэце зьявілася першая інфармацыя пра стварэньне так званай “Антыядзернай групы”, што ўзьнялася супраць меркаванага будаўніцтва на Магілёўшчыне атамнай станцыі, здавалася – хутка гэта набудзе самы шырокі рэзананс.

Аднак насуперак чаканьням за чатыры месяцы сабрана ўсяго 1720 подпісаў. Для параўнаньня: пад лістом супраць заводу пэстыцыдаў падпісаліся каля шасьці тысяч жыхароў Дружнага і навакольных пухавіцкіх вёсак. Чаму?

Пётар Маланачкін
Ініцыявала кампанію мясцовая пратэстанцкая нефармальная суполка “Свабода ў Госпаду”. Першапачаткова вернікі меркавалі сабраць подпісы дзеля правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. Чаму адмовіліся ад таго намеру? Кіраўнік суполкі Пётар Маланачкін:

“Ведаючы сытуацыю з нашымі ўладамі мы баімся, што яны зманяць. У нас ужо ёсьць даволі моцная абарона – канстытуцыя – дзе сказана пра бязьядзерную зону на Беларусі. Калі яны прымуць канчатковае рашэньне пра будаўніцтва, тады рэфэрэндум і трэба патрабаваць”.

Дзеля чаго тады хадзіць па дварах, вуліцах?

“Зьбіраючы подпісы, мы найперш кансалідуем насельніцтва. Паказваем: яно нешта ды значыць. Што народ і ягоны голас, пазыцыя можа ўплываць на сытуацыю”.

Пачыналі кампанію чатыры чалавекі. За чатыры месяцы да іх далучыліся яшчэ чатырнаццаць.

У шэрагу краінаў менавіта праз рэфэрэндумы ўдалося спыніць будаўніцтва АЭС. Менавіта так прыняла бязьядзерную дактрыну Аўстрыя, цалкам адмовілася ад ядзернай энэргетыкі Італія, спынілі будаўніцтва новых АЭС швайцарцы… 60 працэнтаў галасоў насельніцтва японскага гораду Макі хапіла для адмовы будаўніцтва там станцыі. Гэтаксама дзякуючы мясцовым рэфэрэндумам былі забароненыя некалькі новабудоўляў у Расеі.

Існуе меркаваньне, што будаўніцтва АЭС ажывіць эканоміку Гораччыны й сумежных раёнаў. Зьявяцца новыя працоўныя месцы, будзе разбудаваныя транспартная й сацыяльная інфраструктура.

Удзельнік “Антыядзернай групы” эканаміст Андрэй Юркоў ня бачыць пазытыўных эканамічных наступстваў ад будаўніцтва тут атамнай электрастанцыі. Найперш таму, што кваліфікаваных работнікаў для будоўлі АЭС у рэгіёне папросту няма, іх яшчэ трэба падрыхтаваць.

“Тая ж Смаленскага АЭС, якая ад нас ня так далёка. Я там ня бачыў эканамічнага ажыўленьня. Лес там дзікі ды ўсё. Горацкі, Шклоўскі й Аршанскі раёны – менавіта на мяжы гэтых трох раёнаў зьбіраюцца будаваць АЭС – маюць вельмі ўрадлівую глебу. І будаўніцтва АЭС – наадварот, найперш удар па сельскай гаспадарцы”.

З гэтым меркаваньнем не згаджаецца загадчык катэдры сельскагаспадарчай радыялёгіі Горацкай сельгасакадэміі Генадзь Чарнуха. Навуковец кажа, што сапраўды вакол станцыі зьявіцца санітарная зона, дзе ня будуць жыць людзі, згорнуцца сельскагаспадарчыя працы, аднак маштаб той плошчы не настолькі вялікі, каб падкасіць сельскую гаспадарку цэлых раёнаў.

Генадзь Чарнуха аднак сумняваецца, што абраная для будаўніцтва АЭС пляцоўка адпавядае ўсім тэхналягічным патрабаваньням.

“Для працы атамнай электрастанцыі патрабуецца вялікая колькасьць вады. Тое месца, якое называецца, ня мае ні рэк, ні азёр вялікіх. Там ручаі толькі цякуць. Таму ўзьнікае пытаньне…”

Мясцовая ўлада пра меркаванае будаўніцтва АЭС у раёне не выказваецца. Ня піша пра яго й Горацкая раёнка “Ленінскі шлях”. Тлумачыць адказны сакратар газэты Пятро Дзятліковіч:

“Я асабіста лічу яе вельмі актуальнай. Тут упушчэньне газэты. Я прыхільнік будаўніцтва, але – ня ў нас. АЭС тут, у Горацкім раёне, ня лепшая ідэя. Яе трэба будаваць там, дзе ёсьць умовы для гэтага”.

Хіба ці ня чвэрць ад усіх сабраных подпісаў супраць будаўніцтва АЭС “на рахунку” пэнсіянэркІ Галіны Мікшы. Зь якімі настроямі яна найчасьцей сутыкаецца?

“Многія баяцца ставіць подпісы. Людзі кажуць, што ім сваякі тэлефанавалі зь Менску і гаварылі: не падпісвайцеся, не праяўляйце свайго меркаваньня, бо гэта можа дрэнна для вас скончыцца, згубіце працу. У такіх правінцыйных гарадах знайсьці заробак дужа цяжка”.

Ахвотней падпісваюцца маладыя людзі. Працягвае спадарыян Мікша:

“Маладыя адчуваюць, якую пагрозу нясе атамная электрастанцыя. Яны кажуць, што давядзецца з Горак зьяжджаць, калі ў Кукшынава распачнецца будоўля”.

Дарэчы, вёска Кукшынава знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 – ад Магілёву і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы. Другая, Краснапалянская пляцоўка, таксама на Магілёўшчыне – у Чавускім раёне. Гэта таксама побач з абласным цэнтрам. АЭС зьбіраюцца пабудаваць да 2020 году.

Камэнтар Алены Буткоўскай:

“Даволі доўга назіраю за гэтым супрацівам і бачу: ён нібыта і ёсьць, але ня толькі на Магілёўшчыне – па ўсёй краіне шмат людзей, якія дагэтуль ня вызначыліся са сваімі адносінамі да будаўніцтва АЭС. У прыватнасьці таму, што ня так шмат неабходнай інфармацыі. Большасьць ведае толькі афіцыйную вэрсію маўляў, будавацца трэба з вострых эканамічных прычынаў… Можа таму так і атрымліваецца: людзі і памятаюць пра Чарнобыль, але пакуль усё ж пераважвае эканамічны бок праблемы. Тое давіць на псыхіку, вось таму неяк вяла і неактыўна ўсё праходзіць.

Зь іншага боку ёсьць і такія выказваньні – праблем зьявілася больш сур’ёзных публікацый у прэсе залежнай і незалежнай, бо сур’ёзнага дыялёгу пра выгоды і наступствы ў мэдыя я ня бачу . Можа таму такія і праблемы.


Беларусь: чаму зачапіў “жывы шчыт” ДАІ?

2 сакавіка ДАІ выставіла на трасе Мікашэвічы-Менск заслону з машын, у якіх сядзелі людзі, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу, які ехаў на хуткасьці за 140 кілямэтраў. Жывы шчыт кіроўцу Рамана Менцюка не спыніў. Асноўны ўдар прыйшоўся на БМВ ў другой паласе. Там сядзела сям'я Пашкевічаў: муж, жонка й іх трохгадовая дачка.

Гісторыя “жывога шчыта”, выкарыстаньне для яго аўтамабліяў грамадзянаў, дзе былі людзі, прычым бяз згоды апошніх, скалыхнуў беларускае грамадзтва. Чым гэтая тэма “зачапіла” беларусаў? Чаму сытуацыя на шашы ўразіла людзей болей за адмену ільгот, будаўніцтва небяспечнага заводу, масавыя затрыманьні мірных дэманстрантаў?

Абмеркаваньне “жывога шчыта” пачалося зь Інтэрнэту. Менавіта там і былі найбольш актыўныя дэбаты яшчэ некалькі тыдняў пасьля здарэньня. Паводле журналісткі Ірыны Козьлік, якая пасьлядоўна асьвятляла тэму ў “Комсомольской правде”, такога шквалу званкоў і водгукаў на сайце газэты рэдакцыя не прыгадвае:

“Гэта была адзіная тэма, якая ў нашай штотыднёвай рубрыцы “чытацкі рэйтынг” заняла ўсе 5 найвышэйшых пазіцыяў – таму мы прысьвяцілі ёй усю паласу з водгукамі. Ні на што больш падобнага рэзанансу не было”.

Адзін з удзельнікаў “жывога шчыта” Юрась Пашкевіч тлумачыць прычыну такой зацікаўленасьці з боку грамадзянаў раптоўным ўсьведамленьнем: заўтра на іх месцы магу аказацца я. Маўляў, у палітычнай сфэры як быццам выбар ёсьць: рызыкаваць, ідучы на апазыцыйны мітынг, альбо не. А тут у людзей выбару не было. Яны сталі закладнікамі дзеяньняў ДАІ. Гэта і зачапіла, лічыць Пашкевіч:

“Дзікунства... Непісьменнасьць, няўменьне, бездапаможнасьць супрацоўнікаў ДАІ – і нашае няведаньне, што адбываецца, – з другога боку. Урэшце склалася такое адчуваньне: “Мог я быць на гэтым месцы, мая сям’я, мяне магло ўдарыць, і наступствы маглі быць значна горшыя...”

Апроч эмацыйнага складніку, сп.Пашкевіч вылучае вельмі ўдала стыхійна арганізаваную інфармацыйную кампанію вакол здарэньня на трасе Менск-Мікашэвічы:

“Ня толькі адну газэту задзейнічалі – а ўсіх, каго можна было. І тэлебачаньне, і радыё падключыліся, і ўсе – адначасова, у адзін дзень – мы ж да 13 сакавіка не афішавалі гэта ўсё. А ў адзін дзень усе СМІ пачалі трубіць”.

У прэсавай службе ДАІ адзначылі: варта было б зьвярнуць увагу грамадзтва і на іншыя “жывыя заслоны”:

“Тое, што ў нас пешаходы зьяўляюцца жывым шчытом на пераходах штодня, – і што дзеці гінуць менавіта на пешаходных пераходах, – чамусьці пра гэта ў інтэрнэце маўчаць”.

Публіцыст Анатоль Казловіч – кіроўца са шматгадовым стажам. На ягоны погляд, зацікаўленасьць з боку грамадзтва – вынік “раздутай” журналістамі інфармацыйнай хвалі. Апроч таго, прычынай ёсьць імідж ДАІ, які фармаваўся ў беларускай сьвядомасьці дзесяцігодзьдзямі:

“Ні міліцыя наагул, ні ДАІ ў прыватнасьці ніколі не выклікалі ў людзей асаблівай сымпатыі. А тут яркі факт. Так заўсёды: нешта ў масавай сьвядомасьці робіцца, нешта там круціца, а яркі факт потым і вызначае тое, што менавіта робіцца. Так паўсюль: і ў журналістыцы, і ў літаратуры, і ў сэнсацыі”.

“А ў соцыюме?”

“Соцыюм – гэта нешта такое, што ўсё сьпіць, сьпіць, сьпіць... І трэба моцна ўдарыць па галаве некаму, каб прачнуліся ўсе мы”.

Камэнтар Алены Буткоўскай

Канечне, найперш людзі так жыва зрэагавалі на “жывы шчыт” дзякуючы электронным СМІ. Але найперш тая эмацыйная зашкаленасьць яскрава сьведчыць: мы пачалі актыўна рэагаваць менавіта на чужы боль.

На тле “шчыта” праяўляецца і наступнае. Людзі па-ранейшаму найбольш моцна рэагуюць на тое, што ўжо здарылася. То бок на рэальную небясьпеку. І недаацэньваюць патэнцыйную.

Між тым прасьцей зрабіць усё, каб пазьбегнуць магчымых складаных праблемаў, чым потым зь імі змагацца.

Паўтаруся яшчэ раз: ад недарэчнага балючага здарэньня не застрахаваны ніхто, гэта можа здарыцца з кожным, можа таму гісторыя са шчытом знайшла такую падтрымку. Але нам усім яшчэ важней усьведамляць пагрозы будучыя і здымаць іх усёй грамадой ужо зараз”.


Магілёў: чыноўнікаў магчыма перамагчы толькі іхнымі мэтадамі

Ці можа грамадзкая ініцыятыва закончыцца перамогай шарагоўцаў? Такіх прыкладаў ня шмат, і ўсё ж яны ёсьць.

17 сьнежня мінулага году перасталі дзейнічаць ільготныя праязныя талёнчыкі, вэтэранскія кніжкі і карткі на бясплатныя лекі, шматразова зьменшылася катэгорыя асобаў, пазбаўленых ільготаў у аплаце жыльлёва-камунальных, мэдычных паслуг і паслуг сувязі. У выканкамы па ўсёй Беларусі было пададзена пад тысячу заявак на пікет, аднак улады далі ўсяго некалькі дазволаў. Такім чынам вэртыкаль сказала: адкату назад тут ня будзе! Аднак донары і чарнобыльцы-ліквідатары не здаліся нават тады, калі спынілі супраціў супраць скасаваньня сваіх ільгот студэнты.

Ганаровыя донары раней мелі права на бясплатнае зубапратэзаваньне, 50-працэнтную аплату лекаў, санаторна-курортнага лячэньня, прыбаўку да пэнсіі. Калі ўзьнікла пагроза скасаваньня гэтых ільготаў для 44 тысяч ганаровых донараў, яны пачалі дзейнічаць. У чэрвені сабралі шмат подпісаў і зьвярнуліся ў Палату прадстаўнікоў. Але дэпутаты ў веснавую сэсію не пасьпелі разглядзець гэты зварот. Тады з 20 да 27 чэрвеня донары правялі папераджальны страйк: узьнялася моцная інфармацыйная хваля, і некаторых саступак удалося дамагчыся.

Працягвае старшыня дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка:

“Мы дамагліся таго, што прыбаўка да пэнсіі засталася, як і права ганаровага донара на адпачынак у любы зручны для яго час. У Магілёве адстаялі нават бясплатны праезд у гарадзкім транспарце. Праўда, сёньня транспартнікі ўзьнялі крык, ці адпавядае рашэньне гарсавету рашэньню аб скасаваньні льготаў? Ёсьць лісты ад Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму, ад БХК, што рашэньне мясцовых дэпутатаў не супярэчыць ніякім законам, дэкрэтам і ўказам. Атрымліваецца, мы перамаглі ўжо двойчы”.

Аднак на гэтым тыдні на пазачарговай сэсіі Магілёўскага гарадзкога Савету дэпутатаў зноў паўстала пытаньне бясплатнага праезду. Донары хочуць, каб у пасьведчаньні застаўся ўкладыш, а транспартнікі настойваюць, каб пры канцы кожнага месяца тыя прыяжджалі па праязныя квіткі. Цяпер рыхтуецца чарговы зварот у Палату прадстаўнікоў, каб адстаяць бясплатны праезд ужо для ўсіх донараў краіны.

А вось у ліквідатараў аварыі на ЧАЭС усё значна складаней. Тры тыдні таму ўтвораная рэспубліканская грамадзкая арганізацыя “Чарнобыльскія ініцыятывы”, якую ачольвае Іван Нікітчанка. Ліквідатар Васіль Сілівэрст зьяўляецца каардынатарам па Гомельскай вобласьці:

“Мне забаранілі наагул пікет у Калінкавічах правесьці, ня хочуць з намі сустракацца. У Беларусі гэта вельмі цяжка. А вось жа на тыдні прыяжджалі ў Мазыр ірляндцы, дабрачынны фонд чарнобыльскі, сустрэліся яны з нашымі ліквідатарамі вайсковымі ў Мазыры. Ірляндцы кажуць: “Вы нас шакіравалі сваёй інфармацыяй, што тут з вамі робяць. Людзі, якія жывуць не ў Беларусі, ведаюць вашы праблемы, а ўлады хаваюць і нам нічога не дазваляюць”. Вельмі цяжка падняць грамадзтва, каб яно выказала які-небудзь пратэст. Напалоханы народ, таму што баіцца страціць сваю працу”.

Старшыня дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка на пытаньне, ці можа грамадзкасьць дамагчыся сваіх патрабаваньняў, адказаў:

“Гэта вельмі цяжка, бо ні адзін з чыноўнікаў ня чуе, што мы яму распавядаем. А вось грамадзяне, наадварот, сталі больш адчувальныя да праблемаў, яны трымаюць руку на пульсе. Таму з грамадзянамі стала лягчэй і размаўляць, і працаваць. А вось з чыноўнікамі, наадварот, зусім цяжка, Але калі весьці барацьбу іх мэтадамі пісьмовымі: пісаць, пісаць – яны здадуцца”.

Камэнтар Алены Буткоўскай:

“Грамадзкія ініцыятывы з хэпі-эндам – гэта, вядома, пакуль выключэньні… Калі й перамагаюць, дык тыя, у каго ёсьць юрыдычны рэзон у супрацьстаяньні. Таму веру, што ўрэшце ліквідатары нечага даб’юцца: ёсьць хваробы даволі сур’ёзныя, ёсьць дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць, і нельга гэта адным махам узяць і перакрэсьліць назаўсёды. Тут як з донарамі, калі мусілі ўсё ж перагледзець рашэньне, бо па ходзе змаганьня знайшлі шмат нэгатыву і прыйшлі да кансэнсусу.

Калі нешта разумнае уладамі парушаецца, або плянуецца парушыць, яго можна адстаяць (сапраўды адстаяць, а ня проста пазмагацца). І мы вучымся быць разумнымі, адказнымі.


Дружны: ці магчымы гэпі-энд?

Акцыя супраціву ідзе ад пачатку новага году. Актывісты за гэты час пабывалі ў шэрагу міністэрстваў, ведамстваў, Канстытуцыйным судзе. Улады супраціўляюцца. Супраць лідэра кампаніі Сяргея Абразоўскага 28 красавіка распачынаецца чарговы судовы працэс. Яго вінавацяць ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Крыху раней за тое самае спадар Абразоўскі пакараны ўжо штрафам у 1.400 тысяч рублёў.

Вэртыкальнікі заяўляюць у прэсе, што ў акцыі ўдзельнічае толькі купка людзей. Між тым каля 6000 шарагоўцаў раёну пісьмова засьведчылі сваю падтрымку ініцыятыўнай групе, якая патрабуе правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. У пасёлку жыве 8000 тысяч чалавек.

Сяргей Абразоўскі:

“Будаўніцтва гэтага прадпрыемства – энэргетычная правакацыя, якая парушае экалягічную бясьпеку Беларусі. У рэзалюцыях Акадэміі навук дакладна паведамляецца: яно парушае законы Рэспублікі Беларусь. А чыноўнікі плявалі на інтарэсы нашага народу, людзей, якія тут жывуць”.

Аднак у прадстаўніцтве расейскай кампаніі насуперак фактам трымаюцца меркаваньня, што супраць будаўніцтва заводу выступае невялікая група зацікаўленых асобаў. Гаворыць адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства “Август-Бел”:

“Чамусьці грамадзкасьці падаецца, што ўсё насельніцтва пратэстуе. Але асноўная частка за будаўніцтва заводу ў сувязі з тым, што будзе забясьпечана працаўладкаваньне людзей, рэалізаваная сацыяльная праграма”.

Што ў такім разе думаюць шарагоўцы Дружнага?

“Я Мілюк Марыя Сяргееўна. Мы ўжо аднойчы былі ўцекачамі – эвакуіраваліся з самой Прыпяці. Мы такую трагедыю перажылі і нас гоняць у такое ж пекла ізноў?! Гэта жахліва!”

“Чаму Лукашэнка не ўмяшаецца? Гэта ж для ўсяе краіны небясьпека!..”

“Тут чыноўнікам добра на лапу паклалі!”

“Мясцовая ўлада павінная найперш клапаціцца пра нас”.

“У мяне хворае дзіця, ехаць мне няма куды. Мне вельмі хочацца жыць у чыстай мясцовасьці і чыстай дзяржаве. Нам, беларусам, не патрэбны гэты завод”.

“Я не хачу, каб мае дзеці і ўнукі нараджаліся хворымі. Я супраць заводу і лягу тут грудзямі. І ўсе мы, вось мы тут працаўнікі ЦЭЦ выйшлі, мы не дапусьцім будаўніцтва гэтага заводу ніколі!”

Днямі жыхары пасёлкаў Сьвіслач і Дружны сабралі каля шасьці тысяч подпісаў супраць будаўніцтва. Лісты перададзеныя раённым і абласным уладам, а таксама ва ўрад краіны і Канстытуцыйны суд. Вось як гэта камэнтуе Сяргей Абразоўскі:

“Не адзін я супраць заводу “Август-Бел”, а таксама пазыцыі ўладаў. Тут ужо справа ўсяго рэгіёна. Гэтулькі подпісаў намі сабрана, што ясна – супраць грамада”.

Жыхары знайшлі паразуменьне і аб’ядналіся перад пагрозаю небясьпекі жыцьцю і здароўю сябе і сваіх дзяцей – так лічыць эколяг Валеры Дранчук:

“Яны патрапілі з агню ды ў полымя: прайшлі Чарнобыль, выбіліся з адной небясьпекі, а тут раптам другая. Вось што іх зьяднала – менавіта небясьпека. Яны ўжо ня хочуць трапляць у другое пекла. Я ні ў якім разе не пагаджуся, калі нехта скажа, што іх аб’яднала адказнасьць. Гэта якраз той выпадак, калі адназначна людзей згуртавала небясьпека”.

Днямі актывісты зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд, а таксама ініцыявалі правядзеньне незалежнай экалягічнай экспэртызы і мясцовага рэфэрэндуму пра мэтазгоднасьць будаўніцтва заводу.

Камэнтар Алены Буткоўскай:

“Усе мы робім вельмі добрую справу, бо яна найперш ня столькі нашая, колькі справа нашага краю, нашых дзяцей. І тое, што простыя людзі кожны дзень падыходзяць і пытаюцца: а ці можна яшчэ што-небудзь зрабіць, ці патрэбна дапамога, гэта натхняе на новыя высілкі: арганізуем ваяжы ў розныя міністэрствы, працуем са СМІ, працуем, працуем…

Досьвед паказвае: цяпер складана адстойваць свае правы. Трэба рабіць гэта вельмі асьцярожна і гнутка, вывяраць кожны крок. Бо мы сустракаем, на жаль, нейкі супраціў і нейкую непавагу, я б сказала, і да нашай думкі і да думкі навукоўцаў – шмат якія чыноўнікі ня хочуць мець з намі мець справу, ня хочуць, каб і мы плянавалі сваю будучыню разам з тымі, хто займае высокія пасады.

Увогуле, назіраючы за людзьмі, якія падымаюцца, спрабуюць нешта зрабіць, у мяне выразнае адчуваньне – беларусы растуць як людзі, у іх мяняецца сьветаўспрыманьне. Гэта радуе. Дае і крылы, і сілы для змаганьня.

Хай нават мы нешта ня так робім, але мы спрабуем зрабіць… І хай нават не цяпер, а заўтра, – але абавязкова зьявяцца новыя, больш сьмелыя за нас, і таму больш шчасьлівыя.