Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзілі ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Вынікі першага дня працэсу – іхнымі ўласнымі словамі.
Міхаіл Пашкевіч: “Беларуская судовая сыстэма чарговы раз пацьвердзіла сваю поўную залежнасьць ад меркаваньня ўлады. Паказальны нават той прыклад, што калі мы зь сябрамі, таксама падсуднымі, зайшлі ў пакой судзьдзі, каб патрабаваць, каб нашых сьведкаў таксама дапусьцілі ў залю, то там сядзеў пракурор. З гонарам адказваў на ўсе пытаньні і сядзеў, нібыта гэта ягонае працоўнае месца. Аб чым можна казаць”.
Аляксей Бондар: “У паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў былі нестыкоўкі. Адзін зь іх кажа, што Кім у часе акцыі знаходзіўся ля будынку КДБ, іншы – што ён быў ля ГУМу. Агульныя ўражаньні ад працэсу – спэктакль. Судзьдзя і пракурор паслухмяна выконваюць загады зьверху. Непрыемна. На словы пра грамафон у руках Кіма немагчыма не засьмяяцца".
Алесь Стральцоў: "Больш за ўсё мяне ўразіў сам пачатак працэсу, калі судзьдзя называла прозьвішчы, імёны, імёны па бацьку падазраваных з такім выразам, як быццам толькі што злавілі самых вядомых злачынцаў. Працэсы праходзяць, як у 1920-30 гг, як на канвэеры. Гэтай уладзе нічога не замінае прысудзіць нам самыя строгія прысуды, таксама як паслухаць голас розуму і вынесьці нармалёвы прысуд, таму што нашыя дзеяньні цягнулі ў самых скрайніх выпадках на 15 сутак, ніяк не на турэмныя заключэньні”.
Тацяна Цішкевіч: “Сёньня мы выслухалі сьведкаў з боку міліцыі. Было вельмі сьмешна іх слухаць. Некаторым абвінавачаным зрабілі заўвагі - мы часам не маглі стрымаць свой сьмех у залі суду, і ня толькі мы, нават сама судзьдзя пасьміхалася і ледзь стрымлівалася... Канечне, супрацоўнікі міліцыі хлусілі ў твар судзьдзі. Міліцыянт, які мяне затрымліваў, сказаў: "Мы правялі яе за рукі ў аўтазак, ніхто яе не зьбіваў". Мяне гэта таксама вельмі зьдзівіла. Адзін са сьведкаў-міліцыянтаў сказаў: "Кім быў у адной руцэ з грамафонам, у другой – з валізай..." Сьмех поўны, цырк – больш няма чаго сказаць наконт сёньняшняга дня”.
Уладзімер Сяргееў: “Паводле таго, як блытаюцца сьведкі, бачна, наколькі сфабрыкаваная гэтая справа. Справу сфабрыкавалі ад самага пачатку. Цяпер вось спрабуюць давесьці да канца. Усё пачалося з выказваньняў Уладзімера Навумава, які паабяцаў прыцягнуць да адказнасьці 50 чалавек. А нас цяпер 14… Бачна, што судзьдзя хвалюецца, паводзіць сябе нэрвова. Магчыма, у душы яна разумее, што на самой справе адбываецца”.
Міхаіл Крываў: “У вочы кінулася тое, што байцы спэцназу міліцыі давалі паказаньні, як пад капірку. Супрацоўнкі ДАІ адказвалі на пытаньні адэкватна, прынамсі, ня хлусілі, як гэта рабілі АМАПаўцы. Уразілі нестыкоўкі па справе Кіма, калі сьведкі казалі рознае. Шмат нестыковак было. Агульная атмасфэра – нармалёвая. Судзьдзя – жанчына строгая, але адэкватная. Нестыкоўкі відавочныя ўсім. Судзьдзя нават усьміхалася з паказаньняў міліцыянта, калі той заявіў, што Кім прыйшоў на мітынг з грамафонам”.
Антон Койпіш: "Усе сьведкі казалі, што дэманстранты выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі. Але ніхто ня змог прывесьці прыкладаў. “Жыве Беларусь” – гэта ж не антыдзяржаўны лёзунг".