Цяпер Тацяна Хома вучыцца ў Венскім унівэрсытэце на факультэце бізнэс-адміністраваньня.
Хома: "Пра падобную практыку ў любой іншай краіне я ніколі ня чула за ўвесь час, што я працавала ў міжнароднай студэнцкай арганізацыі. Але зьяўленьне такога загаду зьяўляецца заканамерным, калі паглядзець на разьвіцьцё беларускай вышэйшай адукацыі за апошнія некалькі гадоў. Гэта яшчэ раз падцьвяржае, што ў беларускіх ВНУ асноўная ўвага надаецца дысцыпліне і кантролю над студэнтамі і выкладчыкамі, а не разьвіцьцю і выхаваньню інтэлігенцыі, якая можа вольна думаць і прымаць самастойныя рашэньні. Гэтае рашэньне вельмі адмоўна паўплывае на стан беларускай вышэйшай адукацыі. Але, спадзяюся, што пад ціскам грамадзкасьці гэты загад можа быць адменены".
Карэспандэнт:" Тацяна, вы добра ведаеце практыку міжнародных студэнцкіх арганізацый. Якую ролю могуць адыграць яны і іншыя міжнародныя арганізацыі, каб гэтае рашэньне было скарэктаванае?"
Хома: "На жаль на беларускія ўлады мала якія міжнародныя арганізацыі могуць уплываць, улічваючы агульную ізаляцыю Беларусі ва ўсіх аспэктах, і ў адукацыйным і першую чаргу. Я ведаю. што міжнародныя студэнцкія арганізацыі сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі і інфармуюць пра гэта міжнародныя адукацыйныя структуры, такія як Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў, адукацыйны аддзел Рады Эўропы і іншыя.
Магчымасьцяў прамога ўзьдзеяньня, на жаль, няма, бо супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі зьмяншаецца з кожным годам. Беларусь дагэтуль не ўваходзіць у Балонскі працэс, які зараз аб'ядноўвае ў сфэры адукацыі практычна ўсю Эўропу. Таму яны і робяць што заўгодна, што ня мае ніякай адказнасьці перад зьнешнімі структурамі.
На што я спадзяюся, дык гэта на зацікаўленасьць самога беларускага грамадзтва, на грамадзкія арганізацыі, бо спакойна ставіцца да такога стану вышэйшай адукацыі нельга, асабліва калі ўлічыць адлічэньні, увядзеньне гэтых сумоўяў."