Навукоўцы прадпрыемства «Белаэракосмагеадэзія» пад кіраўніцтвам Барыса Фурмана прыйшлі да высновы: цэнтар Эўропы разьмешчаны ў Полацку.
У шмат якіх краінах – ва Ўкраіне, Расеі, Славаччыне, Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыне – існуюць свае цэнтры Эўропы. Наяўнасьць цэнтраў Эўропы замацаваная нават у заканадаўствах некаторых краінаў.
Рэвэранс у бок слаўнай мінуўшчыны?
Памятны знак, які сымбалізуе цэнтар Эўропы, у Беларусі ўжо ёсьць. У 2002 годзе спэцыялісты прадпрыемства «Белаэракосмагеадэзія» стварылі кампутарную праграму, з дапамогай якой можна вылічыць, дзе знаходзіцца цэнтар Эўропы. 6 год таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што цэнтар нашай часткі сьвету знаходзіцца ў возеры Шо на мяжы Глыбоцкага, Ушацкага і Докшыцкага раёнаў Віцебскай вобласьці.
Уладзімер Шаўчэнка, дырэктар прадпрыемства «Белаэракосмагеадэзія», супрацоўнікі якога адкрылі новы цэнтар Эўропы ў 2008-м , патлумачыў: спэцыялісты ўдакладнілі ранейшыя разьлікі. Але ці можна на падставе вынікаў новага дасьледваньня казаць, што возера Шо – ужо ніякі не цэнтар Эўропы?
«У прынцыпе, так. Гэта ўдакладненньне, зробленае з дапамогай новых праграмаў і мэтодыкаў. Там невялікая розьніца атрымліваецца, паўсотні кілямэтраў...»
Празаік, драматург, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка, які нарадзіўся ў Полацку, кажа:
“Тое, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы – гэта старая думка, далёка ня новая. І тое, што Полацак зьяўляецца цэнтрам Беларусі – думка таксама дастаткова старая. Адным зь першых, хто казаў пра цэнтрызм Полацка ў заснаваньні беларускай, то бок крыўскай цывілізацыі быў Вацлаў Ластоўскі. Яму ж належыць і крыху спэкулятыўная крыўская тэорыя, дзеля якой ён лічыў, што крыўская цывілізацыя ёсьць больш старажытнай, чым эгіпэцкая, грэцкая; роўная па ўзросьце, можа быць, шумэрскай.
І мяркую, што, як у шэрагу выпадкаў, тэорыя бегла наперадзе фактаў. А факты – бягуць сьледам за тэорыяй. І ўрэшце пацьвярджаюць яе. Інакш кажучы, гістарычны цэнтар Эўропы, а Ластоўскі так і лічыў, пацьвярджаецца геаграфічна – наяўнасьцю яго ў Полацку. Ёсьць такі магнэтызм, які вызначае – быць цэнтру ці не быць. Магнэтызм пункта, вакол якога зьбіраецца купка людзей, ствараюць нейкая селішча. Не выпадкова гэта ж бывае?”
Карэспандэнт: “І каб пераканацца зь першых вуснаў, Вы ж самі – нараджэнец Полацку?”
“Менавіта таму гэтая навіна мяне цешыць...”
Дырэктар прадпрыемства “Белаэракосмагеадэзія” Ўладзімер Шаўчэнка на гэта адказвае:
«Ну, гэта чыстае супадзеньне. Хоць, калі ўзяць гісторыю, не дарэмна ж будаваўся гэты горад ні дзесьці на ўскрайку, а знаходзіўся ў цэнтры ўсіх гістарычных падзеяў. Канечне, ніхто навуковымі мэтадамі тады не карыстаўся і нават ня ставіў такой мэты. Але, ведаеце, ёсьць яшчэ такое паняцьце як інтуіцыя. У старажытныя часы людзі кіраваліся ня столькі ведамі, колькі тым, што прырода падказвала. Выбіралі месцы сваіх стаянак, будавалі жытло ня проста абы-дзе і абы-як, а каб месца было на ўзвышэньні і ў цэнтры, каб не падвяргалася ніякім кліматычным узьдзеяньням. Так што можна ўсё прымаць да ўвагі. Гэта ўжо як у каго фантазія працуе».
Канец «апаэтызаванаму рабству»?
На беразе Шо маюць лецішчы многія вядомыя ў Беларусі людзі. Галоўны рэжысэр Купалаўскага тэатра народны артыст Беларусі Валеры Раеўскі кажа, што заўсёды было прыемна перад сваімі гасьцямі пахваліцца, што жывеш у цэнтры Эўропы. Цяпер, кажа Раеўскі, такой магчымасьці ў яго ня будзе.
«Ну, троху нейкая разгубленасьць будзе на першых парах. Але потым наш народ, мэнтальнасьць яго пачне разважаць цьвяроза – не зусім жа прыбралі, а толькі крыху пасунулі! Я некалі сказаў для сябе, гэта ня значыць, што я супраць кагосьці, проста ахарактарызаваў свой уласны стан і людзей, якія вакол мяне, якія нарадзіліся на гэтай зямлі. Цудоўныя два словы – «апаэтызаванае рабства». Гэта не таму, што я нібыта хачу прынізіць свой народ. Наадварот, мяне гэта грэе. Дай Божа кожнаму народу мець такую характарыстыку».
Уладзімер Шаўчэнка кажа, што калі быць дакладнымі, кропка цэнтру Эўропы трапляе не на горад, а знаходзіцца блізка ад яго.
Аднак улады Полацку вырашылі ўсталяваць памятны знак у сквэры на праспэкце Маркса паміж гатэлем «Дзьвіна» і Галоўным паштамтам ў Полацку 31 траўня, у Дзень горада. Мастакі і архітэктары ўжо пачалі распрацоўку сымбаля полацкага цэнтру Эўропы.
Цяпер полацкі гарвыканкам рыхтуе рашэньне, каб надаць цэнтру Эўропы адмысловы статус. Ранейшы цэнтар у глыбінях Шо ніякага статусу ня мае.
Спадар Шаўчэнка кажа, што нельга з дакладнасьцю да сантымэтра вызначыць ня толькі цэнтар кантынэнту, але і дзяржавы – рэальны маштаб не стасуецца з мапай, якая перадае яго толькі ўмоўна. Разглядаць такія цэнтры перадусім трэба як рэкляму мясцовасьці.
Пра свае дакладныя геаграфічныя цэнтры Эўропы з задавальненьнем расказваюць турыстам у Літве, Латвіі, Польшчы, Украіне, Расеі. Польшча заяўляе, што сапраўдны цэнтар – пад Кракавам. Славаччына яшчэ ў мінулым стагодзьдзі назвала цэнтрам Эўропы гару Крагуле ў раёне Крэмнеца. Вугорцы маюць «свой» цэнтар у Карпатах. А на тэрыторыі Расеі адразу дзьве вёскі – у Смаленскай і Калінінградзкай абласьцях – маюць аднолькавы статус цэнтру Эўропы.