Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 13 красавіка 2008 году
Сёньняшнюю размову пачну з допіса даўняга сябра “Свабоды” Кастуся Сырэля з Вушачаў, які зьвярнуў увагу на лісты Дзяніса Караля і Юрася Навіцкага, што прагучалі ў адным з апошніх аглядаў пошты. У іх апісвалася, як міліцыя зьбівала і арыштоўвала ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску. Кастусь Сырэль спрабуе адказаць на пытаньне, што змушае афіцэраў-амонаўцаў ужываць брутальнае самавольства і гвалт у дачыненьні да безабаронных дэманстрантаў.
Слухач піша:
“Мне ўспомніўся Васіль Быкаў, а менавіта — аповесьць “Сотнікаў”. Рыбак выбіў з-пад ног свайго сябра-партызана Сотнікава калодку, зрабіўшыся такім чынам катам-вешальнікам. І… літаральна празь некалькі хвілін стаў у шэрагі паліцаяў, ня бачачы іншага выйсьця. Ён павязаў сябе крывёю.
Вышэйшыя начальнікі вымусілі і вымушаюць міліцыянтаў-амонаўцаў тварыць беззаконьне ня проста так — яны павязваюць іх гэтым беззаконьнем. Кажучы словамі Быкава, “непрыемны халадок вінаватасьці” гняце іх душы. Вінаватасьці і страху: а раптам калі-небудзь за ўсё давядзецца адказаць? Яны страцілі псыхалягічную ўстойлівасьць, адсюль, на мой погляд, і нематываваная жорсткасьць, бязглуздыя дзеяньні накшталт “арыштаў” бел-чырвонага-белага парасона ці такіх жа каляровых шалікаў. Падобнае шаленства назіралася ў часы рэпрэсій канца трыццатых гадоў, калі ў немудрагелістым малюнку на запалкавай этыкетцы вышуквалі абрысы свастыкі, ды яшчэ й абгрунтоўвалі гэта ідэалягічна.
Страхам і вінаватасьцю прасякнуты ня толькі так званыя “праваахоўныя” органы — пракуратура, суды, міліцыя. Страх і вінаватасьць пульсуе ўва ўсіх жылачках грамадзтва. Паглядзіце, якая бязьлітаснасьць пануе ў краіне. Структуры кантролю і праверкі набылі некантраляваную жорсткасьць. Крок улева, крок управа — штраф. Абароны ад дзяржавы няма ніякай, — піша Кастусь Сырэль з Вушачаў. — Успомніце апошнюю татальную “флікерызацыю ўсёй краіны”, калі штрафавалі за вынас сьмецьця бяз флікера да кантэйнэра ў сваім жа двары. Лямпачка без ахоўнага шкла ў вытворчым памяшканьні (толькі ж учора тое шкло пэнкнула, зараза!) — энэргетыку маленькага прадпрыемства штраф — дзесяць “базавых”. А ў энэргетыка трое дзяцей малых, жонка не працуе. А не пакараеш яго — самога вышпурнуць з працы, бо над табой таксама правяраючы сядзіць, а над ім — таксама.
Пачуцьцё вінаватасьці ўкараняецца ўва ўсіх нас яшчэ й пры дапамозе няхітрага спосабу: даць падначаленаму заведама невыканальнае заданьне і патрабаваць яго выкананьня. Абурайся, даказвай, можаш нагамі патупаць — ты вінаваты. І хоць сам ведаеш, што не вінаваты — але агіднае пачуцьцё вінаватасьці чамусьці ўсё роўна разьядае тваю душу, як іржа… І вінаватасьць гэтая асаблівага, недаравальнага кшталту. Калі вінаватасьць перад сябрам, бацькам, жонкай, дзецьмі можна замаліць у царкве, схадзіўшы да споведзі, ці якім іншым чынам, то вінаватасьць, пра якую ідзе гаворка, недаравальная, яе не замоліш. З аднаго боку, яе як бы і не існуе, а з другога — што ж тады цябе гэдак гняце і не дае спакойна жыць у ладзе і згодзе з сабой?..” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Калі бачыш падчас такіх разгонаў твары, вочы, усьмешкі гэтых амонаўцаў, калі чуеш іхнія рэплікі, размовы, лаянку — міжволі сумняесься: а ці ўсьведамляюць яны, што іхнымі рукамі чыніцца злачынства, ці працінае іх той самы “непрыемны халадок вінаватасьці”, пра які пісаў Васіль Быкаў? Калі б працінаў, калі б даймалі пакуты маральнага выбару і сумневу — дык яшчэ было б ня так блага, заставалася б нейкая надзея на працу душы, на ачышчальную сілу пакутаў. Але не зьбянтэжанасьць і вінаватасьць — а ўпэўненасьць у сваёй сіле і нянавісьць хутчэй можна ўбачыць на гэтых тварах у такія хвіліны.
На гэтую ж тэму — кароткі ліст ад Ігара Сьцябулі з Заслаўя Менскага раёну. Слухач выказвае стаўленьне да апошніх гучных скандалаў, якія выклікалі вялікі розгалас у беларускім грамадзтве. Ён піша:
“Мяне (і ня толькі мяне) вельмі ўразіла тое, як наша доблеснае ДАІ спыняла 2 сакавіка на ўезьдзе ў Менск аўтамабіль п’янага хулігана. Гэта ж трэба дадумацца: замест таго каб прымяняць спэцсродкі, яны выставілі жывы шчыт зь ні ў чым не вінаватых людзей, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. А міністар Навумаў і ягоныя падначаленыя, замест таго каб пасьля ўсяго гэтага падаць у адстаўку, пачалі па-дзіцячы апраўдвацца.
Што за міліцыянты, што за ўлада ў нас у Беларусі? Яны могуць толькі зьбіваць мірных дэманстрантаў, наладжваць правакацыйныя ператрусы ў незалежных журналістаў, парушаць правы чалавека і канстытуцыю, гандляваць незалежнасьцю ўласнай дзяржавы. А вось абараніць грамадзяніна ад злачынцаў, хабарнікаў, прайдзісьветаў яны ня ўмеюць”, —
— гэтак лічыць Ігар Сьцябуля з Заслаўя Менскага раёну.
Наш слухач Аляксандар Корж з Гомелю зьвяртае ўвагу на тое, што на восень у Беларусі прызначаныя вялікія вайсковыя манэўры. Спадар Корж лічыць, што ўлады невыпадкова выбралі для гэтага менавіта той час, калі ў краіне будзе праходзіць выбарчая кампанія. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:
“На манэўры зьбіраюцца прыцягнуць вялікую колькасьць рэзэрвістаў. Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі, а таксама іхнія ініцыятыўныя групы ўжо фактычна вызначаныя. Дык што замінае ўладам на законных падставах загнаць усіх гэтых людзей у акопы ды казармы?
Варыянты ціску на апазыцыю з боку міліцыі і КДБ ужо выклікалі розгалас ва ўсім сьвеце. А вось выкарыстаньне арміі — пакуль не.
І хто адмовіцца паслужыць справе абароны радзімы, калі з усіх бакоў яе абкружылі ворагі? Калі ты апазыцыянэр, а радзіма ў небясьпецы, дык дакажы, што ты — патрыёт. Вось і можа атрымацца так, што замест узмоцненай падрыхтоўкі да выбараў давядзецца стоптваць салдацкія боты ці бавіцца на казённых нарах. А там агітуй за лепшае жыцьцё колькі ўлезе — хто цябе пачуе ў дрымучым лесе, ды яшчэ пад наглядам ідэолягаў?
Асабіста я прысягаў на вернасьць толькі Савецкаму Саюзу. Але няма ўжо ні той краіны, ні тых ворагаў, ні нават Варшаўскай дамовы, воінаў якой мы лічылі братамі па зброі. Можа, прысягнуць другі раз — на вернасьць прэзыдэнту? Ды няма жаданьня, і ўзрост ужо ня той, калі можна дазволіць дурыць сябе. Вельмі шкадую, што, пражыўшы вялікае жыцьцё, ісьціну гэтую зразумеў толькі цяпер. Адно радуе — што маладыя людзі разумнейшыя за нас і могуць разабрацца, дзе праўда, а дзе — хлусьня. Прыклад гэтаму — Зьміцер Жалезьнічэнка”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Гомеля.
Раней удзел арміі ў палітычным перасьледзе апазыцыйных актывістаў зводзіўся звычайна да тэхнічнага спрыяньня спэцслужбам. Апазыцыянэра-прызыўніка позвай выклікалі ў райваенкамат нібыта ў справе прызыву, а насамрэч там яго чакаў у асобным кабінэце агент КДБ. Далей звычайна рабілася спроба вярбоўкі.
Апошнім часам такімі выклікамі справа не абмяжоўваецца. Пра гэта сьведчаць выпадкі і са Зьмітром Жалезьнічэнкам, і шмат зь якімі яшчэ моладзевымі актывістамі, якіх аднаго за другім выключаюць з навучальных устаноў, а ўсьлед за гэтым празь лічаныя дні выклікаюць у ваенкаматы і забіраюць на тэрміновую службу ў войска.
На заканчэньне — ліст Ільлі Копыла зь Менску. Ён адгукнуўся на паведамленьне пра тое, што ўлады сабраліся разбурыць у цэнтры Менску шматпавярховы гатэль “Беларусь” — параўнальна новы будынак, узьведзены ў сярэдзіне 80-х гадоў. Спадар Копыла абурае гэты факт, як і тое, што на гарадзкіх вуліцах на прыпынках грамадзкага транспарту пачалі зносіць шапікі, якімі валодаюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Слухач з гэтай нагоды піша:
“Можа, менскі мэр уявіў сябе гэткім Лужковым, які разбурыў гатэль “Расія” ў цэнтры Масквы, а на яго месцы пакуль нічога не пабудаваў? Але ж бюджэт Масквы ў разы большы за бюджэт усёй Беларусі. Браць прыклад з Лужкова — вялікая памылка.
У нас сотні тысяч сем’яў ня маюць уласнага жыльля. Трэба займацца не руйнаваньнем, а будаваць танныя кватэры.
Вось у нас на вуліцы Бяды будуецца жылы дом на месцы, дзе яшчэ ў савецкі час заклалі падмурак 15-павярховага студэнцкага інтэрнату. Дык будаўніцтва пачалі са зьнішчэньня гэтага падмурка. Зьнішчалі цэлы год. Хто адкажа, колькі грошай на гэта змарнавана і колькі пасьля ўсяго гэтага будуць каштаваць кватэры ў новым доме? Няўжо нельга было выкарыстаць стары падмурак і дабудаваць інтэрнат для студэнтаў? Колькі іх туляецца па Менску бяз даху над галавой!
Але ж не: у пагоні за прыбыткамі ўлада забылася пра патрэбы ўласных грамадзянаў. Іншагароднім суайчыньнікам няма дзе спыніцца ў родным Менску (у 5-зоркавым гатэлі, атрымліваючы беларускі заробак, не паселісься).
Аднаго разу прэзыдэнт выказаў трывогу: маўляў, вось прыйдзе на яго месца новая асоба — і пачне разбураць тое, што ён стварыў. Я так думаю, што разумны чалавек разбураць нічога ня будзе. Няхай бібліятэка, якую пабудавалі з ініцыятывы і пад кантролем Лукашэнкі, стаіць стагодзьдзі, як напамін пра таталітарную эпоху. Але народ павінен ведаць, колькі грошай пайшло на гэтае будаўніцтва. Людзі кажуць, што на тыя сродкі можна было б пабудаваць цэлы жылы раён — такі, як Уручча”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл зь Менску.
Аляксандар Лукашэнка, кажучы пра захаванасьць таго, што ён стварыў, выказваў трывогу, хутчэй за ўсё, не за будынкі, а за палітычную сыстэму. Будынкі (асабліва такія дарагія, як Нацыянальная бібліятэка) нашчадкі наўрад ці будуць чапаць. Гэтаксама як нікому не прыходзіць у галаву зьнішчаць сталінскую архітэктуру ў цэнтры Менску. А вось аўтарытарны лад, які грунтуецца на ўсеўладзьдзі чыноўнікаў ды ігнараваньні грамадзянскіх правоў, наўрад ці перажыве свайго стваральніка.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by