10 красавіка актывіста прадпрымальніцкага руху Сяргея Парсюкевіча ў Менскім сьледчым ізалятары наведала адвакатка Вера Страмкоўская.
Паводле яе, Сяргей Парсюкевіч падаў скаргу на тое, што яго ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары працягнута да 30 красавіка. Такое рашэньне напярэдадні прыняў судзьдзя Маскоўскага суду Менска Ўладзімер Аўдзеенка, які будзе разглядаць справу.
Што цяпер вядома пра здароўе Сяргея Парсюкевіча, у якога ў ізалятары абвастрылася астма?
“Ён сябе дрэнна адчувае. Зараз на вуліцы пацяплела, у камэры стала нават сьпякотна, і ён нармальна ня можа дыхаць, у яго праблемы з дыханьнем. Яму патрэбны адмысловыя лекі, і добра, што нарэшце іх яму перадалі. Ён за гэта прасіў перадаць падзяку”.
У камэры, дзе трымаюць Сяргея Парсюкевіча, на 13 чалавек — усяго 10 ложкаў.
Нагадаем, прадпрымальніка абвінавацілі ў зьбіцьці ахоўніка турмы на вуліцы Акрэсьціна. Між тым Сяргей Парсюкевіч кажа, што насамрэч гэта міліцыянты зьбілі яго. Сяргею Парсюкевічу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Пачатак працэсу над актывістам яшчэ не прызначаны.