Агляд беларускага сеціва.
На форумах сайту "Наша Ніва" камэнтуюць суды над моладзевымі актывістамі Касяй Салаўёвай і Аляксеем Янушэўскім. Касі Салаўёвай прысудзілі штраф 1 млн. 750 тыс. рублёў, а суд над Аляксеем Янушэўскім перанесены на сераду. Касю Салаўёву судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". Аляксея Янушэўскага затрымалі сёньня 8 красавіка ля сьцен суду, калі хлопец прыйшоў падтрымаць Кацярыну.
Камэнтары:
"Што пажадаюць (улады), тое і зробяць";
"Цмок харчаваўся толькі маладымі хлапцамі і дзяўчатамі: нехта параіў, што такая дыета прадоўжыць ягонае жыцьцё. ... Але ўсе стараньні абслугі былі марнымі – цмок старэў на вачах..."
Камэнтар да рашэньня суду на сайце “Хартыі-97”: “Судзьдзя Марозава паступіла фармальна правільна. Яна выбрала, так бы мовіць, залатую сярэдзіну. І гэта радуе. Значыць з Вамі, Кацярына, лічацца і нават баяцца. Улада спужалася!”
Блогер Антон Койпіш, які праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб парушэньні грамадзкага парадку ў часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьмясьціў у сваім дзёньніку адозву да карыстальнікаў сеціва пад назвам "Інфармацыйны супраціў". Аўтар заклікае максымальна распаўсюджваць інфармацыю пра значныя для грамадзкасьці падзеі ў Беларусі празь інтэрнэт. "Вы можаце ўдзельнічаць у інфармацыйным супраціве, нават калі баіцеся хадзіць на мітынгі. Гэта БЯСЬПЕЧНЫ кірунак супраціву. І ў той жа час гэта найменей распрацаваны кірунак супраціву", – тлумачыць Антон Койпіш.
r_a_t__k_i_n_g камэнтуе:
"1. Цяжка чытаць вялікія пасты. 2. Няправільна думаць, што масавы піяр дасьць большы вынік. Бо ў піяру ёсьць раздражняльны фактар. 3. У большасьці беларускіх блогераў аднолькавыя сябры. І ня трэба разглядаць адсутнасьць масавага піяру як нежаданьне бачыць важныя падзеі".
rejka: "Пасьля прачытаньня (твайго) паста мне перастала быць сорамна за тое, што я толькі сецявы змагар. Але я выпраўлюся, і пачну пераносіць сваю актыўнасьць на вуліцу. Дзякуй табе!"
Блогер kong-en-ge іранізуе са словаў міністра аховы здароўя Віктара Рудэнкі, які заявіў: "Сярэдняя працягласьць жыцьця беларусаў складае 69 гадоў. Аднак гэтая лічба не задавальняе ані ворганы ўлады, ані мэдычных работнікаў, ані грамадзтва". kong-en-ge камэнтуе: "Раз-пораз сутыкаючыся з мэдыцынай у выкананьні недалюстраваных прадстаўнікоў і нашчадкаў БССР, я, здаецца, цьвёрда здагадваюся, у які бок скіраваная незадаволенасьць "мэдыцынскіх работнікаў".
Сайт generation.by нагадвае пра гадавіну падзелу беларускага сэгмэнту міжнароднай сецявой энцыкляпэдыі "Вікіпэдыя". Ад пачатку беларуская Вікіпэдыя існавала клясычным правапісам – тарашкевіцай. Год таму правы на беларускі сэгмэнт атрымалі заўзятары сучаснага правапісу. Сёньня ў абведзьвюх беларускіх Вікіпэдыях прыблізна аднолькавая колькасьць артыкулаў – разам каля 20 тысяч. "Я дык пэўны, што мы партнэры, робім агульную справу, беларускую, а таму не трэба ўжо фарсіраваць варажнечу, якая, можа, у каго дасюль трывае", – гаворыць адзін з энтузіястаў нарматыўнай Вікіпэдыі, які выступае ў сеціве пад нікам Mienski.
Паэтка Джэці ў сваім блогу публікуе жартаўлівую парафразу верша Янкі Купалы "А хто там ідзе?" на актуальную тэматыку:
" – А хто там ідзе, а хто там ідзе
Бліскучай такой кучай?
– Беларусы!
– А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крыві, на нагах у лапцях?
– Флікеры!.."