Як Андрэй Кім паставіўся да аб’яднаньня двух ягоных спраў? Навіны пра беларускіх палітвязьняў.
Новы працэс над Андрэем Кімам пачнецца 16-га красавіка а 10-й гадзіне. 1-га красавіка паседжаньне ўжо пачыналася, але суд вырашыў аб’яднаць абедзьве справы супроць актывіста і перанёс слуханьні. Тацяна Кім паведаміла, што ўжо атрымала ад сына ліст, напісаны адразу пасьля таго, як яго прывезьлі з суду ў ізалятар.
“Ён убачыў, што я нэрвуюся, і адразу напісаў, каб мяне супакоіць. Даслаў мне цытаты з Бібліі, каб падтрымаць. І напісаў, што мы абавязкова пераможам”.
Паводле Тацяны Кім, у судзе яна з сынам нават не перамовілася, “бо не дазволілі ахоўнікі”.
Нагадаю, Андрэю Кіму пагражае некалькі гадоў зьняволеньня нібыта за парушэньні грамадзкага парадку, хуліганства і стварэньне пагрозы міліцыянтам.
Суд над Сяргеем Парсюкевічам яшчэ не прызначаны, але ўжо вырашана, што судзіць актывіста будзе Ўладзімер Аўдзеенка з Маскоўскага раённага суду Менска. Сваякі спадзяваліся, што ўдасца перадаць Сяргею ў менскі сьледчы ізалятар лекі ад астмы, але не атрымалася.
“Ён піша пра небясьпеку, што заканчваюцца ягоныя лекі, і каб зьняць прыступы, пачнуць калоць прэпарат, які ёсьць ў ізалятары. Ён танны і моцны, да яго хутка прызвычайваесься, а потым іншыя добрыя лекі ўжо ня дзейнічаюць”.
Натальля Парсюкевіч, спаслаўшыся на мужа, крытычна адазвалася пра мэдычную службу ў сьледчым ізалятары.
Прадпрымальніку пагражае да 6 гадоў турмы нібыта за зьбіцьцё ахоўніка турмы на Акрэсьціна. Сяргей Парсюкевіч кажа, што насамрэч гэта яго зьбіў міліцыянт.
Былы адвакат Ігар Рынкевіч паведамляе, што зараз 8 актывістаў бяруць удзел у эстафэтнай галадоўцы за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супроць апазыцыянэраў.
“Сёньня заканчваюць галадоўку праваабаронцы Кацярына Садоўская і Тацяна Міронава. Ім на зьмену заступаюць юрыст Сяргей Навоеў і некалькі актывістаў прадпрымальніцкага і маладзёвага руху”.
Аляксандр Казулін знаходзіцца за кратамі болей за два гады. 4-га красавіка ў Віцебскай калёніі з палітыкам сустрэўся адвакат Зьміцер Гарачка. “Стан ягонага здароўя сярэдні. Ён сам так і кажа –“сярэдні”, – паведаміў адвакат.