Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 05 красавіка 2008 году
Лёс беларускай вёскі, якая на працягу многіх стагодзьдзяў была захавальніцай нацыянальнай культуры і мовы — тэма многіх лістоў на “Свабоду”. Дзясяткі і сотні вёсак штогод зьнікаюць з мапы Беларусі. У многіх паселішчах, якія яшчэ нядаўна былі шматлюднымі, поўнымі жыцьця і гаспадарчых клопатаў, не засталося ніводнага працаздольнага чалавека, і ў хуткім часе яны таксама перастануць існаваць.
Наш слухач Алесь Харытончык з Лагойскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, апісаў лёс вёскі, названай ім Загібелькай. Гэта, відавочна, абагулены вобраз, хоць у падзеях і фактах, апісаных аўтарам, наўрад ці даводзіцца сумнявацца.
Алесь Харытончык піша:
“Вось надышла і мая чарга прыняць спадчыну дзядоў. Столькі абабіў парогаў, выстаяў чэргаў, вытрываў прыніжэньняў... Нямала пабачыў дрэнна выхаваных і малаадукаваных чыноўнікаў. А колькі грошай вычапіла дзяржава за невялікі кавалак маёй жа зямлі і ўласную старэнькую хацінку! На тыя грошы можна было б купіць у Загібельцы яшчэ дзьве хаты. Крыўдна. А зь іншага боку, дзякуй і за тое, што хоць на могілках пакуль што даюць месца безь землямера ды натарыюса...
У вёсцы яшчэ ў шасьцёх хатах цепліцца жыцьцё. Двойчы на тыдзень прыяжджае “аўталаўка”. Ля яе старыя кабеты жвава абмяркоўваюць мясцовыя і сусьветныя навіны. З захапленьнем успамінаюць былое і неяк неахвотна і з пэсымізмам разважаюць пра будучыню.
...Улетку вёска значна ажывае: прыяжджаюць дачнікі. Па старой звычцы ўсе корпаюцца на гародах, лётаюць у лес (бо на пэнсію асабліва не пашыкуеш). Яшчэ гучыць родная моўка, яшчэ жыве знакамітая беларуская традыцыя — праца талакой.
Апошняе вясельле ў вёсцы адгулялі гадоў дваццаць таму, — піша Алесь Харытончык з Лагойскага раёну. — Цяпер зьбіраемся за адным сталом у асноўным з жалобнай нагоды. Вельмі дрэнная ў нас статыстыка па анкалягічных хваробах. Цікава, што загібельская форма анкалёгіі мае свае адметныя рысы: выявіць яе нашы мэдыкі здольныя толькі напрыканцы апошняй стадыі хваробы. А яшчэ параўнальна новая для нашай мясцовасьці бяда — спалучэньне адкрытай формы сухотаў з алькагольнай залежнасьцю.
Маляўнічыя краявіды страчаны назаўсёды. Лесаахоўныя палосы-межы, багатыя на грыбы і ягады, згарнулі ў валы. Каменьне, што пакаленьнямі зьбіралася ў крушні, расьцягнулі па палях. Няўмелай агратэхнікай загубілі ўрадлівыя глебы, якія цяпер зарастаюць хмызьняком. Зямлю прызналі непрыдатнай для сельскай гаспадаркі, а вёску — непэрспэктыўнай.
Колькі такіх Загібелек хутка зьнікне з мапы Беларусі? Якую пазнаку паставіць на іх месцы дзяржава? Магчыма, узьвядуць мэмарыяльныя комплексы да напішуць Кнігі памяці? А можа, скарыстаюць пад могілкі для радыеактыўных адкідаў? Ці перададуць у карыстаньне бамжам ды дробным крымінальным элемэнтам?
Адно ведаю дакладна: і кожнае дрэўца, і кожны каменьчык яшчэ доўга будуць памятаць і надзейна ахоўваць лёсы, паданьні, таямніцы Загібелькі”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Харытончык зь вёскі Лозкі Лагойскага раёну.
Відавочна, можна назваць шмат аб’ектыўных прычынаў таго, чаму ў гэтых вёсак і вёсачак няшмат было шанцаў на тое, каб ацалець. Працэс урбанізацыі перажылі ўсе эўрапейскія краіны. Але наколькі іншым мог быць лёс беларускай вёскі, калі б у селяніна гвалтам не адбіралі зямлю і не цягнулі ў калгас! Нават калі б на ўсё паселішча засталіся адзін-два добрыя гаспадары — яно не выглядала б асуджаным. Але ў тым і рэч, што сотні і тысячы беларускіх вёсак, якім не пашчасьціла трапіць у сьпіс аграгарадкоў — гэта вёскі, дзе дажываюць свой век старыя, дзе ня ўбачыш на вуліцы ніводнага маладога твару.
Наш слухач Леанід Цыбульскі з Рэчыцы паведамляе пра некаторыя адметнасьці жыцьця ў невялікім беларускім горадзе. Слухач піша:
“Тыя людзі, ад якіх адабралі льготы, лічаць гэта кашчунным. Дзесяцігадовае дзіця, едучы ў аўтобусе, вымушана купляць поўны квіток, як дарослы, а побач бэйбус у міліцэйскім мундзіры едзе бясплатна. Куды гэта варта?
А да чаго прывяло ўвядзеньне жорсткай кантрактнай сыстэмы? Да кланавасьці. Дзецям простага народу цяпер ходу няма. Канторы растуць, але на працу туды бяруць толькі сваякоў ды сяброў. Чыноўнікі тлусьцеюць, а народ — у галечы. Разумныя і талковыя людзі, якія спрабуюць чагосьці дабіцца, папаўняюць турмы.
Паўсюль пануе беспрацоўе. Паводле маіх падлікаў, на заробкі за мяжу вымушаны зьяжджаць да 50 працэнтаў працаздольных жыхароў Рэчыцы. Бо куды ім дзецца? Зачынілі керамічна-трубны, гідролізны заводы, прадпрыемства “Рытм”, птушкафабрыку. А колькі жанчын страцілі магчымасьць гандляваць на рынку ў выніку вядомага ўказу Лукашэнкі?
Тым часам чыноўнікі, чыімі рукамі ўсё гэта творыцца, ідуць на падвышэньне. Паводле маіх назіраньняў, часта гэта таксама альбо сваякі, альбо сябры. Цягнуць адзін аднаго, а да простага народу яны абыякавыя.
Сам я ў свой час больш як дваццаць год працаваў майстрам вытворчага навучаньня. Меў 20 заахвочваньняў, пяць год быў дэпутатам гарсавету. Але за праўду, неасьцярожна сказаную аднаго разу, трапіў пад скарачэньне. Што такое чыноўніцкае самаўладзьдзе, ведаю з уласнага досьведу”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Леанід Цыбульскі з Рэчыцы.
Льготы былі адмененыя Палатай прадстаўнікоў амаль аднагалосна — супраць быў пададзены адзін ці два галасы. Гэта пры тым, што дэпутаты добра ведалі: большасьць выбаршчыкаў такое рашэньне не падтрымліваюць. Але з Адміністрацыі прэзыдэнта ім паступіла адпаведная дырэктыва, і калі давялося выбіраць, да чыйго голасу прыслухоўвацца, усе ўбачылі, чыімі распараджэньнямі насамрэч кіруюцца гэтыя, так бы мовіць, “дэпутаты”.
Гэтак жа ў кожным невялікім горадзе ці мястэчку: калі б існавала рэальнае самакіраваньне, калі б чыноўнік — кіраўнік рэгіёну трымаў адказ за свае дзеяньні перад выбаршчыкамі, ён бы дзесяць разоў падумаў, перад тым як вырашыць, на якія патрэбы накіроўваць мільярды бюджэтных рублёў: на чарговы лядовы палац, каб дагадзіць Менску, ці на рэканструкцыю напаўразваленага раённага шпіталю, якой патрабуюць усе мясцовыя жыхары.
Мы працягваем атрымліваць сьведчаньні назіральнікаў і ўдзельнікаў сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі — 25 сакавіка, якое суправаджалася масавымі затрыманьнямі і зьбіцьцём людзей, што выйшлі на вуліцу, каб ушанаваць адметную дату сваёй нацыянальнай гісторыі. Наш слухач Дзяніс Кароль быў адным з тых, каго міліцыя не пусьціла на плошчу Якуба Коласа. Тады ён разам са сваёй маці і яе сяброўкай вырашылі ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу. Што з гэтага атрымалася? Слухач піша:
“Мы падышлі да помніка... Прасьпявалі “Магутны Божа” і ўсклалі кветкі. Павярнуліся, каб сыходзіць — і ў гэты момант убачылі, як на нас нясецца група міліцыянтаў, чалавек 15, з чырвонымі ашалелымі тварамі. Падбегшы, двое зь іх схапілі мяне пад рукі: “Так, вы задержаны! Пройдемте в автобус! Давай живее! Вперед, я сказал!” Дзесьці ў гушчары чакаў аўтобус-аўтазак. Каля дзьвярэй стаяў разьюшаны міліцыянт: “Ну што, животное, попался? Давай нах... в салон!” У салёне сядзелі такія самыя, як і ён, толькі, мабыць, званьнямі ніжэйшыя. Я “пракаціўся” цераз увесь салён на заднія лаўкі... Як мне стала зразумела з размоваў міліцыянтаў праз рацыі, ім быў дадзены загад зачышчаць тэрыторыю ў ваколіцах помніка і ліквідаваць ускладзеныя кветкі. Празь некалькі хвілін у аўтобус увялі маму з Натальляй...
На пытаньне жанчын “За што і на якой падставе нас затрымалі?” быў дадзены запаволены адказ: “Вы задержаны за участие в несанкционированном мероприятии. За антигосударственную риторику”.
Нас трымалі гадзіны паўтары. У нейкі момант у аўтобус увайшоў міліцыянт і даў распараджэньне адпусьціць нас: “Так,на выход! Даю две минуты, чтоб я больше вас здесь не видел в районе сквера!” Міліцыянты аддалі забраныя фотаапарат, чорны парасон. Аднак пакінулі ў сябе сьцяг і мой парасон нацыянальных колераў (калісьці набыты ў звычайнай лёнданскай крамцы): “Ваш антигосударственный зонт мы оставляем у себя!”
Мы пакрочылі прэч, дадому... кожны са сваімі думкамі. Мяне ніяк не пакідала адно пытаньне, якое застыла перад вачыма: “Ці мае маральнае і ўсялякае іншае права сёньняшняя ўлада прыкрывацца шыльдай “Беларусь”?! Якое дачыненьне яна мае да ўсяго беларускага?!” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Дзяніс Кароль зь Менску.
Канфіскацыя, так бы мовіць, “антыдзяржаўнага” парасона была праведзена, здаецца, упершыню ў гісторыі. Напэўна, гэта новая тэндэнцыя ў мэтадах беларускай міліцыі. Некалькі дзён таму мы паведамлялі пра тое, што людзей у Віцебску затрымалі за бела-чырвоныя шалікі і ручнікі. Іх, дарэчы, таксама канфіскавалі паводле рашэньня суду. Калі кіравацца такой лёгікай, дык на вуліцах неўзабаве могуць затрымліваць за тое, што носіш, напрыклад, белую кашулю і чырвоны гальштук, альбо белую сукенку і чырвоны пояс? І ці не падпадуць у такім разе пад масавыя затрыманьні беларускія піянэры? Зрэшты, іх, здаецца прымусілі нядаўна нашыць на свае чырвоныя савецкія гальштукі зялёную палоску...
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by