Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, які з 4-га сакавіка знаходзіцца ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску, напісаў у лісьце, што ў яго сканчаюцца лекі.
Ліст атрымала сёньня жонка прадпрымальніка Натальля. У лісьце спадар Парсюкевіч піша, што сустрэча зь лекарам яму нічым не дапаможа, бо "ўсё роўна тут няма нармальных лекаў і калі ў мяне будзе прыступ, мне пачнуць калоць эўфелін”.
Натальля патлумачыла, што гэта самыя танныя лекі, якія карыстаюць лекары пад час прыступаў астмы, яны вельмі моцныя і часта карыстаць іх непажадана.
“Таксама ў яго праблемы з носам. Я накіроўвала адвакату даведку, што ён штогод кладзецца ў лякарню, яму выдаляюць паліпы, іначай ён ня можа дыхаць. Ён піша, што там нават такога лекара няма”, - сказала Натальля.
Адвакатка, якая раней сустракалася з С.Парсюкевічам сказала, што той адчувае сябе не найлепшым чынам. У яго абвастрылася астма. Лекі ў яго сканчаюцца, а новыя мусілі перадаць сёньня.
Натальля сказала, што пакуль ня мае інфармацыі, ці перадалі С.Парсюкевічу патрэбныя лекі. Таксама Натальля паведаміла, што з паліклінікі тэлефанаваў участковы лекар і прасіў прыйсьці Сяргея на чарговы мэдычны агляд.
Сяргей Парсюкевіч з 4 сакавіка знаходзіцца за кратамі. Яго падазраюць у зьбіваньні ахоўніка Аляксандра Дулуба ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, дзе Парсюкевіч адбываў арышт пасьля мітынгу прадпрымальнікаў. Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што насамрэч гэта ён стаў ахвярай міліцэйскага гвалту. “Яны сфальшавалі справу, каб самім пазьбегнуць адказнасьці”, — казаў прадпрымальнік пра ахоўнікаў турмы на Акрэсьціна.
Справа прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча перададзена з пракуратуры ў Маскоўскі суд.