Vive valeque, Ljavon!
Нядаўна я набыў „Беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік”, складзены Лявонам Баршчэўскім і выдадзены Калегіюмам Усходняй Эўропы ва Ўроцлаве. Вось кніжка, якая чалавеку не прысьніцца і ў найгоршай з начных немарасьцяў — таму яна магчымая толькі на яве. Спадар Баршчэўскі пераклаў каля 4000 беларускіх слоў на 27 эўрапейскіх моваў: 25 афіцыйных моваў дзяржаваў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу, харвацкую (мову сябра ЭЗ у– недалёкай будучыні) і лацінскую.
Беларуска-іншамоўная перакладная частка займае ўсяго толькі палову аб’ёму кніжыцы, якая налічвае 1040 старонак. Акрамя гэтай асноўнай часткі слоўнік зьмяшчае табліцы беларускіх спражэньняў і скланеньняў; слоўнічак лексычных запазычаньняў беларускай мовы; беларуска-лацінскі слоўнічак рэлігійных, біялягічных, мэдыцынскіх, хімічных і іншых тэрмінаў; слоўнічак беларускіх прыказак, прымавак і выслоўяў; плюс салідны дадатак, у якім можна знайсьці беларускія лічэбнікі, асабовыя імёны, назвы краінаў, тапонімы і сынонімы. Слоўнік папярэджаны ўступам і ўказаньнямі, як ім карыстацца, на польскай, беларускай і (як думаю, дзеля прыколу) лацінскай мовах. Магчыма, варта было б гэтыя ўводзіны перакласьці яшчэ на якуюсьці менш экзатычную мову, каб задаволіць і менш дасьведчаных чытачоў, але годзе — той, каму трэба, разьбярэцца і так. (Апісваю дыхтоўнае ўроцлаўскае выданьне ў цьвёрдай вокладцы так падрабязна, бо існуе яшчэ і „мяккацелае”, абкарнанае выданьне гэтага слоўніка для людзей па другі бок лініі Кэрзана.)
Калі не лічыць беларускага-расейскага слоўніка і выдадзенага зусім нядаўна беларускага-украінскага слоўніка, дык на сьвеце не існуе аніякага іншага прыстойнага беларуска-іншамоўнага слоўніка. Чаму? Самы просты адказ — бо нікому яны не патрэбныя. Калі беларусы вучацца іншых моваў пры дапамозе расейскіх слоўнікаў, дык і тыя нешматлікія замежнікі, каму раптам захочацца расшалопаць беларускую мову, могуць аналягічна пакарыстацца беларуска-расейскім слоўнікам.
Гартаючы слоўнік Лявона Баршчэўскага, можам напасьці і на іншы адказ на вышэй пастаўленае пытаньне. Скласьці салідны беларуска-іншамоўны слоўнік (скажам, на 25000 слоў) — заданьне халерна карпатлівае і няўдзячнае. Для нейкага гішпанца ці італьянца словы вока і вачэй ці дзед і дзяды — гэта абсалютна розныя лексычныя адзінкі, у якіх не праглядваецца ніякая роднасная сувязь. А таму яны павінны стаяць як асобныя артыкулы ў слоўніку, бо бяз гэтага слоўнік ня будзе ім ніякай дапамогай. Спадар Баршчэўскі менавіта так і робіць у сваім шматмоўным index verborum, выцягваючы некаторыя больш складаныя формы назоўнікаў і дзеясловаў у асобны радок.
Кожны іншы лексыкограф, калі ён захоча зрабіць нешта сапраўды карыснае для беларускай мовы, мусіць паступаць падобна. І кожны лексыкограф несумненна ня раз пашкадуе, што не існуе машына часу, у якой можна было б перанесьціся 100 гадоў назад і растлумачыць айцам беларускай артаграфіі, каб яны яшчэ раз падумалі, ці перадаваць аканьне і яканьне ў беларускім правапісе (а то і павесіць іх за яйцы на дзянёк, каб ім думалася больш прадбачліва і ўнікліва).
У гэтым сэнсе, Лявон Баршчэўскі як лексыкограф зьяўляецца фактычна першапраходцам (да таго ж, „Беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік” спрабуе адлюстраваць яшчэ і наркамаўска-тарашкевічаўскую дылему сёньняшняга беларускага правапісу). Калі ўзяць усё гэтае пад увагу, дык ня будзе перабольшаньнем сказаць, што вось на такіх людзях як Лявон Баршчэўскі і трымаецца беларускі сьвет (па сваёй натуры, глыбока дыхатамічны і шызафрэнічны) у шырэйшым сьвеце. Доўгага і моцнага здароўя табе, Лявону!
Forstår De norsk?
Мяне асабіста ня трэба пераконваць, што слоўнікі — гэта найважнейшыя кніжкі ў жыцьці людзей (як і ў жыцьці зьвяроў, калі ўжо дагаворваць рэчы да канца).
Ад сама менш пяці гадоў адзіныя кніжкі, якія я чытаю выключна дзеля чыстай прыемнасьці, а не дзеля забіцьця часу, зарабляньня грошай або на злосьць жонцы — гэта слоўнікі, наогул нарвэскія. У мяне іх штук 9-10, падзеленых з большага пароўну на тры групы: адна пры ўзгалоўі ложка ў спальні, другая на паліцы ў маім кабінэце ўдома і трэцяя на паліцы над пісьмовым сталом на працы. А яшчэ адзін нарвэска-чэскі слоўнічак я маю пастаянна пры сабе — у кішэні пінжака або ў сумцы, зь якой ежджу на працу. Проста таму, каб лавіць хвіліны чыстага кайфу незалежна ад геаграфічнай пазыцыі.
Калі ў самым пачатку гэтага стагодзьдзя я захацеў вывучыць нованарвэскую мову, каб перакласьці майго ўлюбёнага Тар’ей Вэсаса, праблема нованарвэска-якогасьці слоўніка стала для мяне зь нечуванай вастрынёй. Спрабуйце ў Празе (ці ў якім-небудзь іншым месцы) знайсьці добры беларуска-якійсьці слоўнік (ня лічачы згаданых ужо расійскага і ўкраінскага). Дык вось, на пачатку мне здавалася, што з нованарвэскімі слоўнікамі будзе аналягічна — іх няма нідзе на сьвеце (dei finst ikkje i verdet).
Значыць, цяпер можаце сабе ўявіць маё аслупяненьне, калі ў акадэмічнай кнігарні пры Пляцы Вацлава ў Празе я знайшоў самы поўны нованарвэскі слоўнік, які толькі існуе ў прыродзе — Nynorskorboka, год выданьня 1994! Слоўнік стаяў там гадоў пяць, сказала мне прадавачка, і ніхто ім да мяне ні разу не пацікавіўся. Я быў настолькі шчасьлівы, што нават і не падумаў, а як жа я ім пакарыстаюся, калі там усенька па нованарвэску — бо быў гэта тлумачальны слоўнік, дзе нованарвэскае слова растлумачваецца іншымі нованарвэскімі словамі (зь іншага боку, калі дзіцё ў Нарвэгіі вучаць нованарвэскай мове, дык ці не растлумачваюць яму новае нованарвэскае слова іншымі нованарвэскімі словамі?).
Anyway, лёд скрануўся зь месца. Сёньня, акрамя плоймы слоўнікаў па нарвэска-дацкай трасянцы (bokmål), якія перакладаюцца на ангельскую, чэскую або расейскую мовы, у мяне ёсьць згаданы Nynorskordboka, слоўнік для школьнікаў Engelsk-nynorsk, nynorsk-engelsk ordbok i абсалютны рарытэт, Norsk-engelsk ordbok з 1965 году, які дае ангельскія тлумачэньні словаў з абедзьвюх нарвэскіх моваў, bokmål i nynorsk.
Цяпер мне часам думаецца, што вось нейкі мальтыец, які раптам захоча перакласьці свайго ўлюбёнага Альгерда Бахарэвіча на мальтыйскую мову, ня будзе ўжо зусім бездапаможны. Ён ня толькі зможа набыць у букініста ў Менску зусім новенькі камплект пяцітомнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў шасьці тамах, але і слоўнік Лявона Баршчэўскага ва Ўроцлаве, які яму дазволіць ухапіць той істотны пляцдарм на ўскраіне беларускай мовы, адкуль ён можа рабіць сьмелыя вылазкі ў ейныя нетры.
Dictionaries are like watches
— сказаў Сэмюэл Джонсан (1709-1784), аўтар першага сапраўды саліднага тлумачальнага слоўніка ангельскай мовы (42773 артыкулы, вага 9 кіляграмаў, год выданьня 1755), — the worst is better than none, and the best cannot be expected to go quite true.
Перакладны слоўнік дазволіць нам ухапіць усяго сэнс вышэй сказанага. Больш-менш такі: „Слоўнікі нагадваюць гадзіньнікі — з найгоршым чалавек адчувае сябе лепш, чым без аніякага, а з найлепшым ня можа спадзявацца, што той пакажа ўсё правільна”.
Аднак жа гэты бегкі пераклад і ня блізкі да афарыстычнай элегантнасьці выслоўя Доктара Джонсана (як прынята называць славутага лексыкографа ў Англіі). З гэтага перакладу ніяк нельга ўразумець, чаму Сэмюэл Джонсан належыць да найчасьцей цытаваных ангельскіх аўтараў, уступаючы месца толькі Шэкспіру. Ну бо сам перакладны слоўнік, утрымліваючы ў сабе ключы да разгадкі ўсяго, што было і будзе напісана ў чужой мове, усё ж такі не падказвае адназначна, які ключ у якую дзірку ўстаўляць. Далей ужо справа залежыць ад перакладчыка, ці дапасуе ён ключ да парадных дзьвярэй у незнаёмы будынак, ці адчыніць усяго нейкі чорны ход. Quod erat demonstrandum.