“Мы не хацелі б пра гэта публічна казаць”, - заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў, адказваючы на пытаньне “Свабоды”, ці закране скарачэньне колькасьці дыпляматаў у ЗША Прадстаўніцтва Беларусі ў ААН.
«Мы можам пацьвердзіць, што колькасныя парамэтры сапраўды абмяркоўваюцца... Гэта інфармацыя зьяўляецца прадметам канфiдэнцыйным”, – дадаў спадар Папоў.
Камэнтуючы словы прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пра неадэкватнасьць дзеяньняў беларускага боку прадстаўнік МЗС заявіў: “Шэраг выказваньняў мала стасуюцца з дыпляматычнай практыкай, але няхай гэта застанецца на сумленьні аўтара”.
“Мы хацелі б падкрэсьліць наступныя рэчы: дзеяньні беларускага боку носяць характар у адказ і адэкватныя Венскай канвэнцыі пра дыпляматычныя стасункі. А вось амэрыканскі бок, уводзячы санкцыі, парушыў шэраг дыпляматычных дакумэнтаў”
”Прапановы беларускага боку пра скарачэньне дыпляматаў застаюцца ў сіле, як і застаецца ў сілу патрабаваньне пра адмену санкцыяў”. – падкрэсьліў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.
Дарэчы, з працай у Сталым прадстаўніцтве Беларусі пры ААН першага сакратара гэтай установы Юрыя Оранжа зьвязаны дыпляматычны скандал.
У сьнежні 1996 году яго разам з расейскім калегам Барысам Абносавым затрымала паліцыя Нью-Ёрка. Тады іх абвінавацілі ў нападзе ў нецьвярозым стане на супрацоўнікаў паліцыі. Паліцыянты спрабавалі прыцягнуць іх да адказнасьці за паркоўку аўтамабіляў у забароненым месцы.
Пасьля гэтага скандалу беларускі дыплямат пакінуў ЗША і працаваў у іншых краінах - ў Турэччыне і Іраку.