Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” -- кандыдат гістарычных навук, удзельнік раскопак у Курапатах археоляг Мікола Крывальцэвіч. Сёлета -- 20 гадоў адкрыцьця Курапатаў.
3 чэрвеня споўніцца 20 гадоў, як у газэце “Літаратура і Мастацтва” выйшаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Пасьля гэтай публікацыі ў Беларусі і сьвеце стала вядомая праўда пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1937-1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 300 тысячаў чалавек. Тады ж была створаная дзяржаўная камісія дзеля расьсьледаваньня і пачаліся археалягічныя раскопкі, якія пацьвердзілі напісанае Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым.
Ганна Соўсь: “Спадар Мікола, давайце згадаем падзеі 20-гадовай даўніны. Якое ўражаньне зрабіў на Вас той знакаміты артыкул Пазьняка і Шмыгалёва ў “ЛіМе”?
Мікола Крывальцэвіч: “Уражаньне, безумоўна, было надзвычай эмацыйным. І самае важнае, што публікацыя гэтага артыкулу дала зразумець, што раскрытая адна з найвялікшых таямніц. Стала зразумела, што гэта адзін з пачаткаў новай эпохі для Беларусі. Я трошкі ведаў ужо пра тое, што ў Курапатах ёсьць месцы масавых расстрэлаў. Але, безумоўна, сам факт выхаду артыкулу меў вялізарнае значэньне для абуджэньня грамадзкасьці”.
Соўсь: “Вы самі папрасіліся ўдзельнічаць у раскопках ці Вас прызначылі?”
Крывальцэвіч: “Усе адбылося неяк выпадкова. Але ў выпадковасьці заўсёды ёсьць таксама пэўная заканамернасьць. Я вярнуўся з чарговай экспэдыцыі і на калідоры ў інстытуце сустрэў Зянона Пазьняка. Ён мне прапанаваў паўдзельнічаць у дасьледчых працах, якая ініцыяваліся ў канцы чэрвеня 1988 году”.
Соўсь: “Было страшна на раскопках? Ці археолягі псыхалягічна падрыхтаваныя да таго, што могуць знайсьці чалавечыя парэшткі?”
Да гэтага нельга прывыкнуць, да эксгумацыі магілаў 30-х гадоў
Да гэтага нельга прывыкнуць, да эксгумацыі магілаў 30-х гадоў, не магілаў нават, а пахаваньняў, дзе расстраляныя людзі ляжаць. Але неабходнасьць гэтай працы, разуменьне яе важнасьці і потым сканцэнтраванасьць на тым, што трэба здабыць як мага больш інфармацыі, і вялізарны груз адказнасьці – ён, безумоўна, ў нейкай ступені прытупляў ўспрыняцьцё самой трагедыі”.
Гэтыя раскопкі доўжыліся ўсяго 10 дзён. Гэта надзвычай мала для такіх работ. Такія эксгумацыя павінны цягнуцца месяцамі, а то і гадамі
Крывальцэвіч: “Сакрэтнасьці ўжо не магло быць, таму што людзі чакалі гэтай падзеі. Ішлі афіцыйныя распараджэньні пра стварэньне гэтай камісіі, і таму тут пра сакрэтнасьць нельга было і казаць ужо. У гэтых раскопках безумоўна браў удзел Зянон Пазьняк, мы разам капалі. І Алег Іоў, ён тады яшчэ быў асьпірантам у Інстытуце гісторыі. Гэтыя раскопкі доўжыліся ўсяго 10 дзён. Гэта надзвычай мала для такіх работ. Такія эксгумацыя павінны цягнуцца месяцамі, а то і гадамі. Таму працы былі надзвычай складаныя . Тыя 10 дзён, якія былі адведзеныя, гэта ня то што мала, гэта катастрафічна мала”.
Соўсь: “А дзе знаходзяцца зараз парэшткі людзей і рэчавыя доказы, выяўленыя падчас раскопак у Курапатах?”
Крывальцэвіч: “Падчас раскопак пераглядаўся, безумоўна, ўвесь матэрыял і ўсе рэчы, ўвесь касьцёвы матэрыял дзеля таго, каб зрабіць адпаведныя заключэньні. Вялікая частка знаходак, парэшткаў перазахоўвалася назад у ямы, і засыпалася, частка была ўзятая на самыя розныя экспэртызы. Экспэртызу рабілі спэцыялісты пракуратуры. Мы былі адлучаныя ўжо ад далейшых дасьледаваньняў непасрэдна матэрыялу. І мне цяжка сказаць, што было потым з гэтымі парэшткамі ў Пракуратуры. Варта было б запытацца там, што адбылося з тымі парэшткамі”.
Соўсь: “Як Вы лічыце, ці патрэбныя далейшыя раскопкі ў Курапатах? Ці магчымая ідэнтыфікацыя ахвяраў? Бо, наколькі я ведаю, у выніку раскопак былі названыя толькі два імені ахвяраў”.
Безумоўна, самы просты спосаб быў бы прагляд і вывучэньне архіваў, зьвязаных з расстрэламі ў Курапатах
Як Вы ведаеце, архівы КДБ закрытыя для дасьледчыкаў. Эксгумацыя далейшая можа быць толькі дзеля ідэнтыфікацыі прозьвішчаў людзей, раскрыцьця як мага больш поўнага сьпісу людзей, якія былі там расстраляныя .
Толькі дзеля гэтага, таму што сутнасьць самой справы -- тое, што гэта былі расстрэлы НКВД у 1930-ыя гады да пачатку вайны -- не зьменіцца. Абсалютна зразумела. І іншых матэрыялаў, якія б сьведчылі пра штосьці іншае, у Курапатах няма.