Увечары ў Менску ў парку Дружбы народаў адбыліся мітынг і канцэрт салідарнасьці з палітзьняволенымі.
Заяўнікамі акцыі выступілі палітыкі Сяргей і Аляксандар Скрабцы і Валер Фралоў. На акцыі пабываў наш карэспандэнт.
Карэспандэнт: У парку шмат моладзі, сьцягоў БСДП (Грамада), бел-чырвона-белых. Сяргей Скрабец прыйшоў на акцыю са сьцягам свабоднага Тыбэту. На пачатку мітынгу, які ўжо адбыўся, зьмянілася афармленьне акцыі: міліцыянты загадалі згарнуць расьцяжкі "Свабоду Казуліну!" і "Расея, дай адпачыць ад Лукашэнкі", бо яны, маўляў, не адпавядалі зьместу замоўленай акцыі. Таксама яны загадалі згарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі. Аднак арганізатары згарнулі толькі расьцяжкі, а сьцягі пакінулі.
Мітынг пачаў Сяргей Скрабец. Ён выступіў за свабоду палітвязьняў у Беларусі, запатрабаваў свабоды для Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і ўсіх палітзьняволеных. Потым узяў слова генэрал Фралоў, які казаў, што толькі з Расеяй Беларусь дасягне дабрабыту, а народ будзе менш ужываць алькаголю.
Потым выступіў сябра Партыі камуністаў генэрал Бокаў, ягоны выступ быў напоўнены настальгіяй па СССР. Пасьля яго ўзяў слова сябар БСДП (Грамада) Алесь Стральцоў – ён заклікаў Расею спыніць практыку палітычных "пасадак" у Беларусі, спыніць падаўленьне свабоды, каб у Расеі як у хаўрусьніка не ўзьнікала праблем, бо Беларусь прызнаюць ва ўсім сьвеце як дыктатуру. Паводле Алеся Стральцова, Беларусь хоча быць з Расеяй, але ў складзе Эўразьвязу.
Пасьля таго, як зь мітынгу сышлі сябры ПКБ, расейскія сьцягі зьніклі – на канцэрт засталося болей за сотню чалавек, пераважна моладзі. Выступаў гурт "Мутнае вока".