“Хлопцаў білі нагамі, дзяўчат цягнулі за валасы...”

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 2 красавіка 2008 году

Зьбіцьцё і арышты ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску і масавыя ператрусы на кватэрах і ў офісах дзясяткаў незалежных журналістаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі — асноўныя тэмы лістоў і тэлефанаваньняў на “Свабоду” ў апошнія дні.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша даўні сябар “Свабоды” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну (цытую ліст):

“Некалькі год таму вядучы расейскага тэлеканалу НТВ Герасімаў трапна заўважыў: улада ёсьць ня тое, пра што яна гаворыць, а тое, пра што недагаворвае. За што, дарэчы, гэты журналіст і паплаціўся: няма больш на НТВ ягонай праграмы.

Незалежныя тэле- і радыёканалы, журналісты незалежных газэт, якія сталі ахвярамі пагромшчыкаў, гаварылі менавіта пра тое, што хоча ўтоіць улада. Вось таму на іх і пачалі паляваньне. Падзеі апошніх тыдняў у Беларусі — гэта трывожны сыгнал”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка выказваецца пра агульнанацыянальную дыктоўку, якая праводзілася ў Беларусі напярэдадні 25 сакавіка. Слухач піша:

Як сталася, што ў краіне напісаць дыктоўку на сваёй роднай мове стала ледзь ня подзьвігам? А ўся справа ў нашым страху. Ці можна ўявіць такое, каб, напрыклад, міністар ці губэрнатар раптам загаварылі па-беларуску? Калі б гэта адбылося, то ўжо на наступны дзень іхныя месцы, напэўна, занялі б больш абачлівыя асобы.

І так будзе працягвацца да таго часу, пакуль прэзыдэнтам застаецца Лукашэнка. А калі б раптам здарыўся цуд і Лукашэнка загаварыў па-беларуску, то ўжо на наступны дзень уся чыноўніцкая вэртыкаль зьверху данізу неадкладна пабегла б па падручнікі беларускай мовы, як цяпер бегае па лыжы. І беларускія дыктоўкі праводзіліся б ва ўсіх установах гэтаксама дружна, як цяпер наладжваюцца лыжныя кросы. Так што ў нас усё можа адбыцца. Вось падніме Расея цану на газ да трохсот даляраў — і Лукашэнка ў сваіх прамовах пра незалежнасьць можа перайсьці на беларускую мову. Ну, а далей усё зразумела...”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Некалькі год таму ў размове з журналістамі Аляксандар Лукашэнка заўважыў, што дзеля таго, каб пры жаданьні загаварыць на чыстай беларускай мове, яму спатрэбілася б ня больш за некалькі тыдняў. І гэта наўрад ці перабольшаньне. Беларускую мову ён чуў змалку і ў роднай хаце, і ў школе. А ў тых нямногіх выпадках, калі ён чытаў даклады па-беларуску (гэта здаралася некалькі разоў на Дзень Рэспублікі — 3 ліпеня), да ягонага беларускага вымаўленьня наўрад ці можна было мець нейкія прэтэнзіі.

Чаму ж не здараецца тое, што, здавалася б, можа адбыцца так лёгка і проста? Праблема тут, выглядае, ня столькі ў Лукашэнку, колькі ў стаўленьні да гэтай праблемы большасьці беларускага грамадзтва. Калі б большасьць электарату з абурэньнем і пратэстам ставілася да дыскрымінацыі беларускай мовы, прэзыдэнт (а ўсьлед за ім і ўся ўладная “вэртыкаль”) загаварылі б па-беларуску ўжо на наступны дзень. Дзеля гэтага, напэўна, і падручнікаў шукаць не спатрэбілася б: для 90 працэнтаў сёньняшніх беларускіх начальнікаў беларуская мова — зусім не чужая.

Наш слухач Юрась Навіцкі быў сьведкам і ўдзельнікам падзеяў 25 сакавіка ў Менску, калі міліцыя жорстка разагнала людзей, якія выйшлі на вуліцу, каб адсьвяткаваць Дзень Волі — угодкі абвяшчэньня БНР. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Навіцкі, успамінаючы перажытае, піша:

“Я ўбачыў, як аб толькі што сарваны сьцяг аб’яднанай Эўропы нейкі міліцэйскі начальнік з задавальненьнем выцірае ногі, і пацягнуўся падняць палотнішча. Атрымаўшы ўдар, упаў. Мяне пацягнулі да аўтобуса, б’ючы пры гэтым ботамі па нагах. Тут жа зьбівалі нагамі ляжачых хлопцаў, цягнулі па праходзе за валасы дзяўчат. Убаку стаяў пажылы дзядзька з разьбітым тварам. Яшчэ адзін енчыў, прыкладаючы сьнег да аголенай зьбітай нагі. Другому было кепска, яму выклікалі “хуткую”. Зьбівалі ўсіх, нават журналістаў.

Потым высокі міліцэйскі начальнік тлумачыў усё тым, што дэманстранты нібыта “аказвалі супраціў міліцыянтам”. Ён жа злавіў новага “атручанага пацука” — так званую “касірку апазыцыі”, а насамрэч — ні ў чым не вінаватую жанчыну, у якой знайшлі грошы, адкладзеныя на набыцьцё будматэрыялаў. Раней з гэткім жа імпэтам ён бараніў даішнікаў, якія, замест таго каб ратаваць цывільнае насельніцтва ад злачынцаў, выстаўлялі супраць гэтых злачынцаў “жывыя шчыты” зь дзяцей ды жанчын. Тут нават не пра адсутнасьць прафэсіяналізму даводзіцца казаць, а пра жывёльныя адносіны да людзей. А суседзі зьдзіўляюцца, гаворачы: паглядзіце, колькі ў іхнай міліцыі розных ДАІ, АМАПаў ды спэцназаў, аднак пры затрыманьні парушальнікаў яны рызыкуюць не сваімі жыцьцямі, а падстаўляюць галовы цывільных, ахвяруючы здароўем апошніх (ня кажучы ўжо пра маёмасьць). То бок і тут выціраюць ногі не аб якісьці там “варожы” эўрапейскі, а аб свой, беларускі народ”, —

— гэтак лічыць Юрась Навіцкі зь Менску.

У нашым эфіры 25 сакавіка і ў наступныя дні прагучала шмат падобных сьведчаньняў ад людзей, якія гэтак жа, як і вы, спадар Навіцкі, былі ў той вечар у цэнтры Менску на праспэкце Незалежнасьці. Зьбіцьцё, затрыманьні і арышты ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі, а праз два дні пасьля гэтага — масавыя ператрусы ў кватэрах і офісах незалежных журналістаў пакінулі ня надта шмат спадзяваньняў на хуткі пачатак дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Захадам.

Аўтар наступнага ліста — Галіна Александроўская з Магілёву — згадвае, як месяц таму палітвязень Аляксандар Казулін падчас пахаваньня жонкі ў публічным звароце дараваў усе крыўды прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Слухачка з гэтай нагоды піша:

“Хацелася б, каб цяпер Аляксандар Казулін адклікаў назад усе тыя словы дараваньня на адрас Лукашэнкі. Зразумела ж, што сказаныя яны былі ў стрэсавым стане, у дні, калі ён разьвітваўся са сваёй Ірынай. Таму палітык і пайшоў тады на прыніжэньне. Але той, каму быў адрасаваны зварот, ня здольны зразумець такі крок. Таму хочацца зьвярнуцца да Аляксандра Ўладзіслававіча: забярыце назад сваё дараваньне, ня варта рабіць гэтаму чалавеку такія шыкоўныя падарункі. Няўжо вы не зразумелі, што вам зь ім ня варта мець ніякіх спраў?

Веру, што свабода ваша — не за гарамі. Трымайцеся”,


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёву.

Нагадаю, што размова ідзе пра словы Аляксандра Казуліна на прэсавай канфэрэнцыі пасьля пахаваньня жонкі. Палітык тады сказаў (цытую): “Я дарую яму (А.Лукашэнку) усё, што перажыла наша сям’я. Мы ўсе ходзім пад Богам і мусім пакладацца на яго волю”.

Гэта, відавочна, быў хрысьціянскі жэст чалавека, які перажыў шмат пакутаў і выпрабаваньняў. Словы гэтыя ня выклікалі ніякай публічнай рэакцыі ў таго, каму яны былі адрасаваныя. І наўрад ці ёсьць патрэба ў тым, каб іх адклікаць альбо адмяняць: гэта ўжо будзе не па-хрысьціянску. Зрэшты, рашэньне ў гэтай справе павінен прымаць сам Аляксандар Казулін. Спадзяемся, што ў яго па-ранейшаму застаецца магчымасьць слухаць “Свабоду” ў турэмнай камэры і што ён пачуе гэту перадачу.

Аўтар наступнага ліста — Сьвятлана Ліско з Наваградзкага раёну — разважае пра вынікі апошніх апазыцыйных акцыяў пратэсту. Яна піша:

“Я спачуваю тым хлопцам і дзяўчатам, якія трапілі ў турму за свае палітычныя перакананьні. Мне, чалавеку даросламу, відавочна, што яны гэтым нічога не даб’юцца. Наадварот, трапяць пад нагляд спэцслужбаў, у іх будуць непрыемнасьці на вучобе ці працы. Але хіба ж іх стрымаеш? Яны хочуць зьменаў у сваёй дзяржаве, імкнуцца, каб Беларусь далучылася да эўрапейскай сям’і народаў. Думаю, што гэтага ж хочуць і многія людзі. Але ўсе маўчаць, бо баяцца. І баяцца ёсьць чаго. Улада гэта яшчэ раз паказала 25 сакавіка”,

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Сьвятлана Ліско з Наваградзкага раёну.

Наш слухач Фэлікс Шкірманкоў са Слаўгарада таксама адгукнуўся на апошнія падзеі вакол разгону сьвяточнага шэсьця на Дзень Волі і перасьледу незалежных журналістаў. Спадар Шкірманкоў у вершаванай форме выклаў уласны іранічны погляд на тое, як улада можа захаваць стабільнасьць у беларускім грамадзтве. Ён піша:

“Каб было ціха у народзе
І жылі людзі мірна ў згодзе,
Усіх патрэбна падзяліць:
Адну палову пасадзіць,
Другой жа трэба стрэльбы даць,
Каб тых, што селі, вартаваць.
Празь нейкі час іх памяняць:
Хто вартаваў — няхай сядзяць...
І будуць цішыня і згода,
Бо не застанецца народа,” —


— гэтыя вершаваныя радкі належаць пяру нашага слухача, інваліда вайны Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада.

Спосаб гэты ўжо апрабаваны, спадар Шкірманкоў. І ваша пакаленьне ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны пра яго добра ведае. Пры дыктатуры Сталіна фактычна ўвесь савецкі народ быў падзелены на тых, хто сядзіць (альбо сядзеў) у ГУЛАГу — і на тых, хто пісаў даносы, фальшаваў справы, ахоўваў вязьняў. Прычым вязьні і наглядчыкі нярэдка мяняліся месцамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by